Polskie Radio

Расія рыхтуецца да зімовых атак па Украіне

Ostatnia aktualizacja: 17.11.2023 14:06
Крэмль збіраецца нанесці як мага большы ўрон украінскай эканоміцы бліжэйшай зімой.
Audio
  • Расія рыхтуецца да зімовых абстрэлаў Украіны
Ілюстрацыйнае фотаFoto: EPA/BAY ISMOYO / POOL Dostawca: PAP/EPA.

Да такіх высноў прыйшлі незалежныя аналітыкі, якія назіраюць за дзейнасцю пуцінскага рэжыму. Эксперты ўжо папярэдзілі, што Расія назапашвае ракеты для ўдараў па энергетычнай інфраструктуры Украіны.

Расійская армія працягвае абстрэльваць Украіну з выкрыстаннем беспілотнікаў. На днях мела месца масавая атака трыма групамі «дронаў» з паўднёвага кірунку па Адэскай вобласці, Хмяльніцкай вобласці ды Днепрапятроўскай вобласці, на Запарожжы. Ад гэтых атак гіне шмат людзей, разбураная інфраструктура, заявіў прэзідэнт Уладзімір Зяленскі.

— Гэта быў цяжкі дзень. Ноччу расіяне чатырма ракетамі абстралялі жылыя дамы ў Данецкай вобласці. Ёсць загінулыя. Пад заваламі дакладна ёсць людзі. Выратавальная аперацыя працягвалася ўвесь дзень. Усім пацярпелым аказана дапамога. Усяго разбурана каля дваццаці будынкаў. Чарговы абстрэл адбыўся ў Запарожжы. Сярод пацярпелых ёсць ратавальнікі, якія трапілі пад новы расійскі абстрэл.

Праціўнік актывізаваў атакі на іншых напрамках, паведаміў прэс-сакратар Нацыянальнай гвардыі Украіны Руслан Музычук.

- Мы бачым, што за апошні час вораг актывізаваў высілкі па шматлікіх напрамках. Калі ў мінулыя тыдні актыўныя баі ішлі на Купянскім ды Ліманскім напрамках, больш за месяц доўжыліся спробы атакі на Аўдзееўку. Цягам апошніх дзён абвастрылася сітуацыя на Бахмуцкім напрамку, намагаюцца атакаваць у раёне Андрэеўкі.

У бліжэйшыя месяцы сітуацыя будзе толькі пагаршацца, прагназуе аналітычны партал Bellingcat. Эксперты заўважылі, што Расія перавозіць бліжэй да фронту ўсё новыя ракетныя комплексы. Сярод іншага, у Растоў-на-Доне былі перавезеныя комплексы С-400, дыслакаваныя ў Калінінградзе. Партал « Polityka kraju» заўважыў, што Расія робіць захады, каб трымаць украінцаў у пастаяннай трывозе перад бамбардзіроўкамі. Масква спрабуе трымаць баявую авіяцыю ў паветры, каб прымусіць Кіеў часта аб'яўляць зенітную трывогу. Пакуль дзейнічае папярэджанне, не працуюць прамысловыя прадпрыемствы і транспарт. Прэс-сакратар ВПС Украіны Юрый Ігнат пацвердзіў выкарыстанне такой тактыкі крамлёўскім рэжымам.

- Восень і зіма стануць рэкорднымі па колькасці дронаў, якія запускае Расія. Хачу нагадаць, што за шэсць месяцаў ацяпляльнага сезона ў мінулым годзе, у 2022-23 гадах, супраць Украіны было выкарыстана больш за 1000 БПЛА тыпу Shahed. А зараз ужо паўтысячы ўсяго за адзін месяц. Зразумела, што супраць гэтай зброі трэба таксама сур'ёзна падрыхтавацца. Надыходзячай зімой украінскія сістэмы СПА будуць сканцэнтраваны на абароне аб'ектаў энергетычнага сектара. Гэтыя сістэмы будуць узмацняць тыя ж напрамкі, якія і былі ў мінулым годзе. Зразумела, што стаўка будзе зроблена на аб'екты энергетыкі, у ацяпляльны сезон энергетычна-паліўнага сектара ў цэлым, а таксама на стратэгічныя аб'екты дзяржавы і аб'екты крытычнай інфраструктуры.

На дадзены момант расіяне вырабляюць каля 100 ракет у месяц і нарошчваюць запасы гэтай зброі. Зараз яны знізілі інтэнсіўнасць выкарыстання сваіх ракет, але, хутчэй за ўсё, чакаюць, калі зноў наступіць халоднае надвор'е, каб нанесці масіраваныя атакі, як гэта было мінулай зімой, заявіла прэс-сакратарка Аб'яднанага каардынацыйнага прэс-цэнтра Сіл абароны Поўдня Украіны Наталля Гуменюк.

- Ужо амаль тыдзень мы не бачым ракетаносных караблёў на баявым дзяжурстве, яны ў месцах базіравання. Але яны могуць быць выведзеныя ў мора за 2-3 гадзіны. Бачым таксама і скарачэнне актыўнасці тактычнай авіяцыі. Нават зменшылася колькасць выкарыстання авіяцыйных бомб. Але мы бачым, што яны вядуць назапашванне ракет і бомб, да таго ж яны кампенсуюць цяпер ростам колькасці абстрэлаў з выкарыстаннем беспілотнікаў.

Украінскія ўлады папярэджваюць яшчэ, што Масква рыхтуе план дэзінфармацыі «Майдан 3», каб пасеяць раскол ва ўкраінскім грамадстве. Пра гэта заявіў у інтэрв'ю заходнім СМІ Уладзімір Зяленскі, зазначыўшы, што украінская выведка мае інфармацыю пра план па стварэнні «хаосу» ўнутры Украіны, каб у канчатковым выніку зрынуць прэзідэнта.

Кіеў збіраецца дзейнічаць, каб прадухіліць гэтыя планы. У першую чаргу ідзецца пра тое, каб узмацніць СПА. Украіна плануе арандаваць сістэмы СПА, каб узмацніць абарону на зіму.

«Такая практыка ў нас ужо ёсць. Зразумела, што кожная краіна найперш клапоціцца пра ўласную абарону. Ніхто сваё проста так нам не аддасць. Чаму так доўга пастаўляюць СПА, чаму дазавана ? Таму што няма яе столькі ў свеце, каб нам яе аддаць», - сказаў украінскім СМІ Юрый Ігнат. Гэтую практыку пацвердзіў і прэзідэнт Уладзімір Зяленскі.

- Геаграфія нашага супрацоўніцтва па паветраным шчыце Украіны вельмі шырокая. Не ўсё цяпер можна сказаць публічна. Але абсалютна дакладна тое, што Украіна пастаянна мацнее. Узрастаюць магчымасці нашай супрацьпаветранай абароны. Вядома, гэта яшчэ не стопрацэнтная абарона. Наперадзе шмат працы. Такія гарады, як Харкаў, такія рэгіёны, як Данецк і Запарожжа, патрабуюць большай колькасці сістэм, большай бяспекі.

Яшчэ украінскі бок інтэнсіфікаваў працу на Захадзе, скіраваную на атрыманне рэзервовых магутнасцяў у энергетыцы. Пра гэта казаў падчас Кіеўскага інвестыцыйнага форуму ў Брусэлі заявіў мэр сталіцы Віталь Клічко, дзякуючы еўрапейскім партнёрам за генератары і сістэмы энергазабеспячэння.

ЗША ўжо заявілі, што гатовыя выдзеліць 500 мільёнаў долараў на падтрымку энергасістэмы Украіны. У прыватнасці, грошы пойдуць на набыццё новых трансфарматараў і генератараў для аднаўлення разбуранай інфраструктуры. У сваю чаргу еўрапейскія палітыкі кажуць, што нельга забываць пра Украіну. Прэзідэнт Германіі Франк-Вальтэр Штайнмаер перасцярог перад тактыкай Пуціна, які хоча адцягнуць увагу еўрапейцаў ад вайны ва Украіне.

Падрыхтаваў Юры Ліхтаровіч