Перапіска паміж Саветам міністраў і рэспубліканскімі органамі дзяржаўнага кіравання па пытанні Праграмы дзеянняў па рэалізацыі Дамовы аб стварэнні Саюзнай дзяржавы і фарміравання дарожных карт вядзецца пад абмежавальным грыфам «Для службовага карыстання», паведамляе сайт naviny.by.
Пра гэта гаворыцца ў адказе Міністэрства эканомікі Беларусі на зварот актывістаў грамадзянскай кампаніі «Свежы вецер», якія дамагаюцца ад урада публікацыі праектаў дарожных карт паглыбленай інтэграцыі.
Як адзначаюць актывісты кампаніі, раней у сваіх адказах на масавыя скаргі беларускіх грамадзян Міністэрства эканомікі не паказвала статус дакумента, і толькі пасля паўторнай скаргі прызнала, што тэкст Праграмы дзеянняў аднесены да інфармацыі абмежаванага распаўсюджвання і мае грыф «Для службовага карыстання».
«Іншымі словамі, – гаворыцца ў паведамленні кампаніі «Свежы вецер», – на думку Міністэрства эканомікі, азнаямленне з падпісанымі дакументамі грамадзян Рэспублікі Беларусь можа »нанесці шкоду нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь, грамадскаму парадку, маральнасці, правам, свабодам і законным інтарэсам фізічных асоб, іх гонару і годнасці, асабістаму і сямейнаму жыццю, а таксама правам і законным інтарэсам юрыдычных асобаў«. Якім чынам гэта магчыма, міністэрства не канкрэтызуе.
У сваім адказе Міністэрства эканомікі паказвае таксама, што «ўлік меркаванняў грамадзян будзе магчымы на стадыі разгляду і прыняцця праектаў нарматыўных прававых актаў, прадугледжаных Праграмай дзеянняў». З чаго кампанія «Свежы вецер» робіць выснову, што ўрад Беларусі не плануе правядзенне якіх-небудзь кансультацый з грамадзянамі адносна актуальнага працэсу інтэграцыі з Расійскай Федэрацыяй.
Кампанія «Свежы вецер» лічыць такую пазіцыю Мінэканомікі непрымальнай і мае намер абскардзіць яе ў судовым парадку.