Дадзеную справу абмяркоўвалі кіраўнікі краін чальцоў ЕЗ на адмысловым саміце.
Нядаўна ў сталіцы Еўропы сабраліся кіраўнікі краін Еўрапейскай супольнасці. Галоўнай тэмай сустрэчы стаў эканамічны крызіс выкліканы пандэміяй каранавірусу. Паводле прагнозаў еўрапейскіх экспертаў, крызіс можа прывесці да разрыву паміж эканомікамі краін ЕЗ, у выніку абрушыцца адзіны рынак ды еўразона. Пра гэта казаў еўракамісар па справах эканомікі Паала Джэнцілоні.
- У выпадку доўгатэрміновай пандэміі будзе стагнацыя ды скарачэнне эканамічнай актыўнасці, асабліва ў першых двух кварталах. Мы бачылі прагнозы МВФ, што будзе падзенне эканомікі, але яго маштаб будзе залежыць ад працягласці эпідэміі.
Кіраўнік Еўрапейскай Рады Шарль Мішэль заявіў, што Еўропе патрэбна пачаць стратэгічныя дэбаты, каб хутка прыняць рашэнні, які забяспечаць адбудову еўрапейскай эканомікі.
- Еўрапейская гісторыя ня раз паказвала, што сутыкнуўшыся з перашкодамі, мы мабілізавалі рэсурсы, абʼядноўваліся, далучаліся да супольных дзеянняў. Гэта ды наша гатовасць бараніць наш дэмакратычны фундамент Еўропы, дазволіць нам зрабіць крок наперад.
Еўрапейская камісія прадставіла дарожную мапу па выхаду з крызісу. Ключавымі сталі 4 абшары дзеянняў: захаванне адзінага рынку, масіўныя інвестыцыі, глабальная палітыка ЕЗ ды лепшае кіраванне. Пра гэта ў сваім выступе казала старшыня Еўракамісіі Уршуля фон дэр Ляен.
- Мы выпрацоўваем наш калектыўны адказ на крызіс. Мы ведаем, што будзе значнае скарачэнне ВУП усюды, таксама некаторыя сектары будуць больш закранутыя, як турызм. Мы павінны выпрацаваць адзіны падыход, які гарантуе стабільнасць адзінага рынку. Наш адказ павінен спачатку направіць шкоду, нанесеную крызісам. Потым спрыяць адраджэнню эканомікі, узмацніць нашу ўстойлівасць ды накіраваць нашу эканоміку на пераход да зялёных ды лічбавых тэхналогіяў.
Для фінансавання гэтай праграмы прадугледжана стварэнне адмысловага еўрапейскага Фонду адбудовы эканомікі ў памеры 1,5 трыльёны еўра. 500 мільярдаў пойдуць на разбудову сістэм аховы здароўя, 1 трыльён – на падтрымку бізнесу ды захаванне працоўных месцаў, распавёў першы віцэ-старшыня Еўракамісіі Франс Цімерманс.
- Мы сутыкнуліся з беспрэцэдэнтным крызісам, пра які мы ня думалі пару месяцаў таму. Свет змяніўся за некалькі тыдняў. Цяпер мы мусім падтрымаць усіх, хто змагаецца з хваробай і вартае свет да нармальнасці. Пры гэтым мы павінны разумець, што гэта не адзіны крызіс. Нам патрэбны прадуманыя інвестыцыі. Еўракамісія рыхтуе адпаведныя прапановы, каб нашыя высілкі мелі непасрэдны ўплыў на рост эканомікі ды працоўныя месцы.
Дадзеную прапанову падтрымлівае Польшча пры ўмове, што ня будуць скарочаныя сродкі, прызначаныя на выроўніванне ўзроўню развіцця ЕЗ, з якіх актыўна карыстаецца Варшава. Гаворыць міністр па еўрапейскіх справах Конрад Шыманьскі.
- Першапачаткова рэакцыя ЕЗ на эпідэмію была неадпаведная. Пра гэта казала Варшава, Парыж ды Рым. Гэта паўплывала на актывізацыю размоваў і прапанову Бруселю ільготных крэдытаў ды пазык на суму 530 мільярдаў еўра. Гэтага недастаткова, аднымі пазыкамі крызіс не пераможам, прынамсі не ва ўсіх краінах, і таму Варшава прапануе, каб Еўразвяз выдзеліў новыя сродкі на змаганне з крызісам для краін ЕЗ ды найбольш пашкадаваным сектарам эканомікі. Яны павінны быць даступныя для ўсіх, бо крызіс закране кожнага.
Абʼяднаная Еўропа шукае шляхоў выхаду з крызісу, да якога прывяла эпідэмія каранавірусу. Стаўка вельмі высокая. Адсутнасць кампрамісу паміж урадамі ЕЗ можа прывесці да росту настрояў еўраскептызму і нават еўрафобіі.
Юры Ліхтаровіч