Беларуская Служба

Свята «Спасаўскія запусты» рыхтуюць беларусы Падляшша

08.08.2019 15:52
9-11 жніўня ў Бельску-Падляшскім адбудзецца XXV фестываль «Спасаўскія запусты».
Аўдыё
  • «Спасаўскія запусты» ў Бельску-Падляшскім. Інтэрв'ю з Эльжбетай Фіёнік.
   -  2018 .
«Спасаўскія запусты» ў Бельску-Падляшскім у 2018 годзе.J.Prokopiuk/Bielskpodlaski.naszemiasto.pl

9-11 жніўня ў Бельску-Падляшскім адбудзецца XXV фестываль «Спасаўскія запусты». Фестываль узнік 25 гадоў таму па ініцыятыве беларусаў Падляшша. Ля вытокаў культурнага мерапрыемства стаяла Беларускае грамадска-культурнае таварыства, а цяпер яго падтрымлівае і пасольства Беларусі ў Польшчы.


Афіша XXV фестывалю «Спасаўскія запусты» ў Бельску-Падляшскім. Афіша XXV фестывалю «Спасаўскія запусты» ў Бельску-Падляшскім.

Эльжбета Фіёнік, дырэктар дома культуры ў Бельску: — Першыя «Спасаўскія запусты» адбыліся ў 1994 годзе. Ініцыятыва іх правядзення належыць Бельскаму аддзелу БГКТ, а цяпер іх арганізуюць таксама арганізацыя “Бельская кааліцыя” і дом культуры ў Бельску-Падляшскім.

Назву фестывалю прыдумаў музыкант, мастак Юрка Асеннік. Назва звязана з пярэдаднем посту, калі людзі гуляюць, весяляцца.

«Спасаўскія запусты» — гэта канцэрт, які складаецца з абрадавай часткі і з выступлення калектываў з Бельшчыны і Беларусі, у прыватнасці, з Кобрыншчыны, бо Кобрын — горад-пабрацім Бельска-Падляшскага. Сёлета будуць і госці з Беларусі і з Беластока.

Фестываль мае важную выхаваўчую функцыю — для захавання ідэнтычнасці мясцовых жыхароў, сувязі з культурай сваіх продкаў.

У раёне Бельска гучыць мова, якая адрозніваецца ад беларускай літаратурнай. І яе таксама можна будзе пачуць на фестывалі.

Галоўныя падзеі «Спасаўскіх запустаў» чакаюцца ў нядзелю. Пачатак свята а 15.30.

9 жніўня ў бельскай ратушы адбудзецца выстаўка, прысвечаная творчасці мастака Казіміра Малевіча.

Віктар Корбут

Больш на гэтую тэму: Варшаўскі мост