«Гаворыць Варшава на беларускай мове» – гэтыя словы на мове Купалы і Коласа гучаць з польскай сталіцы з 15 снежня 1991 года. Тады на Польскім радыё яшчэ не было рэдакцыйнай адзінкі, а перадачы на белмове выходзілі ў рамках Польскай службы Канала замежнага вяшчання. Беларуская служба Польскага радыё была створаная крышку пазней – 13 студзеня 1992 года. Ля вытокаў беларускамоўнага вяшчання стаяла, а пазней цягам чвэрці стагоддзя кіравала рэдакцыяй прафесар Ніна Баршчэўская – вядомая прадстаўніца беларускай нацыянальнай меншасці ў Польшчы.
У тыя часы кіраўніцтва новай Польшчы разумела, што маладыя дзяржавы, якія паўсталі на руінах савецкай імперыі, трэба падтрымліваць усялякім чынам, у тым ліку і інфармуючы жыхароў маладой Беларусі пра падзеі ў Польшчы, Еўропе, свеце і пра двухбаковыя адносіны. Калі ж у Беларусі пачалі ўзнікаць праблемы з дэмакратыяй і правамі чалавека, то журналісты Беларускай службы Польскага радыё сталі аднымі з першых, хто пачаў паведамляць пра парушэнне агульначалавечых і еўрапейскіх каштоўнасцяў у суседняй краіне.
Беларускамоўнае вяшчанне Польскага радыё супрацоўнічала і супрацоўнічае з вядучымі радыёстанцыямі Польшчы, Беларусі, Літвы, Латвіі, Эстоніі, Украіны і іншых дзяржаў. Акрамя таго, мы – партнёры вядомых выдавецтваў і фанаграфічных кампаній у розных краінах Еўропы. Дзякуючы нашай фінансавай і праграмнай падтрымцы выйшлі шматлікія ўнікальныя беларускія кнігі й музычныя дыскі.
Беларуская служба Польскага радыё – гэта калектыў, творчых, крэатыўных і адкрытых людзей, якіх для працы на радыёстанцыі рыхтавалі майстры жывога слова з Польшчы ды замежжа, у тым ліку з такіх вядомых вяшчальных кампаній, як BBC. Нашы супрацоўнікі пастаянна павышаюць прафесійныя кваліфікацыі і майстэрства, беручы ўдзел у шматлікіх курсах, арганізаваных Польскім радыё для сваіх журналістаў.
Нашы рэпарцёры працавалі і працуюць падчас важных міжнародных і рэгіянальных падзей, сярод якіх варта зазначыць саміты Еўразвяза і НАТА, ваенныя падзеі ў Іраку, Сусветны эканамічны форум у Давосе, мінскую Плошчу-2010 і інш.
Беларуская служба Польскага радыё – гэта не толькі жывое беларускае слова, якое штодня гучыць з Варшавы, – гэта таксама мультымедыйны сайт, шматлікія падкасты ды ўласны канал на You Tube.
Наш лозунг «Беларуская служба Польскага радыё – радыёстанцыя без межаў» мае не толькі наўпроставае, але і сімвалічнае значэнне: нас сапраўды можна слухаць ва ўсім свеце, але з іншага боку мы радыё і медыя-рэсурс, даступны для ўсіх – мы станцыя, якая не дзеліць, а яднае, нішчыць межы між людзьмі.