Беларуская Служба

Польшча і Літва закладваюць асновы агульнай інфармацыйнай і гістарычнай палітыкі

19.09.2019 14:50
У Вільні пачаў вяшчанне тэлеканал TVP Wilno, а 30 лістапада плануецца дзяржаўнае пахаванне паўстанцаў 1863-1864 гадоў.
Аўдыё
  • Варшаўскі мост. М.Маравецкі ў Вільні.
,   , 17  2019 .     TVP Wilno.
Вільня, Дом польскай культуры, 17 верасня 2019 г. Урачыстая цырымонія адкрыцця тэлеканала TVP Wilno.Viktar Korbut

У Вільні пачаў вяшчанне мясцовы тэлеканал на польскай мове, першы такі ў гісторыі Літвы — TVP Wilno, філіял Польскага тэлебачання (TVP).

17 верасня Вільню наведаў з афіцыйным візітам прэм’ер-міністр Польшчы Матэвуш Маравецкі. У яго адбыліся перагаворы з літоўскім калегам Саўлюсам Сквярнялісам. Дата сустрэчы была выбрана невыпадкова.

Саўлюс Сквярняліс: — Гэта складаная, не вельмі прыемная дата — 17 верасня, 80-я гадавіна агрэсіі Савецкага Саюза. У выніку, гэта прывяло да спынення існавання як польскай, так і літоўскай дзяржавы. Гэта быў вынік ажыццяўлення пакта Молатава—Рыбентропа. Разумеючы сваю агульную гісторыю, мы павінны рупіцца пра агульную бяспеку, каб наша агульная свабода ніколі не была парушана. Блізкае партнёрства з Польшчай для мяне як прэм’ер-міністра — адзін з найважнейшых прыярытэтаў замежнай палітыкі.

Саўлюс Сквярняліс даў зразумець, што ў святле гістарычных падзей, якія адбыліся 80 год таму, Літва і Польшча не паасобку, але разам фарміруюць сваю палітыку, у т.л. у сферы бяспекі, як вайсковай, эканамічнай, так і інфармацыйнай.

І адной з форм гэтага супрацоўніцтва стаў пачатак вяшчання тэлеканала TVP Wilno на тэрыторыі сталіцы Літвы — Вільні і прылеглых да яе раёнаў. Гэта тэрыторыя, дзе пражывае насельніцтва, якое размаўляе на літоўскай, польскай, беларускай, рускай мовах. Прычым польскамоўныя грамадзяне Літвы складаюць тут значны працэнт. Многія з іх глядзяць расійскае тэлебачанне, якое распаўсюджвае скажоную інфармацыю пра падзеі ў свеце, ЕС, Літве і Польшчы. І пачатак вяшчання TVP Wilno — гэта адзін з крокаў, накіраваных на ўмацаванне інфармацыйнай бяспекі Літвы і Польшчы, магчымасць данесці да польскамоўных грамадзян Літвы аб’ектыўную інфармацыю пра падзеі ў іх краіне, Польшчы і свеце.

Пра фактар інфармацыйнай бяспекі ў сувязі з пачаткам вяшчання тэлеканала TVP Wilno гаварыў на ўрачыстасці ў сувязі з гэтым у Доме польскай культуры ў Вільні прэм’ер-міністр Польшчы Матэвуш Маравецкі. Ён перш за ўсё напомніў пра гістарычны кантэкст дня 17 верасня.

Матэвуш Маравецкі: — Натуральна, гэта дата з’яўляецца сімвалічнай, бо 17 верасня, 80 гадоў таму, здарылася штосьці трагічнае. Польшча тады канчаткова страціла сваю незалежнасць — пасля нямецкай, а затым савецкай атакі. Таму я рад, што пасля трагічных гадоў ПНР і 30 гадоў свабоднай Рэспублікі Польшча і свабоднай Літвы так добра складваюцца польска-літоўскія адносіны. Я шчыра дзякую спадару прэм’ер-міністру Літвы Саўлюсу Сквярнялісу, спадару прэзідэнту Літвы і ўсім, хто мае да гэтага адносіны. Бо ў нас ёсць вельмі блізкія інтарэсы, агульныя погляды, улічваючы нашы агульныя крыўды.

І я дзякую літоўскаму боку за падтрымку таксама ў сувязі з тым, што нашы суседзі, а асабліва адзін сусед праводзіць палітыку дэзінфармацыі. І гэты канал — TVP Wilno — мае на мэце абвяржэнне [гэтай дэзінфармацыі], адлюстраванне праўды ў яе розных версіях — польскай, літоўскай, але галоўнае — праўды. І ўсім, хто да гэтага прычыніўся, я хацеў бы шчыра падзякаваць. Цяпер палякі, якія жывуць у Літве, будуць мець нарэшце канал TVP Wilno. У іх будзе магчымасць глядзець Польскае тэлебачанне па-польску і ў перспектыве польскай і адначасова ў польска-літоўскай, бо гэтыя перспектывы ўзаемадапаўняльныя. І я шчыра дзякую ўсім, хто ўнёс свой уклад у з’яўленне гэтага канала.

У першую чаргу я яшчэ раз хачу падзякаваць спадару прэм’ер-міністру Літвы, які, можна сказаць, даў зялёнае святло [гэтаму тэлеканалу]. Таксама дзякую Міхалу Дворчыку, кіраўніку канцылярыі старшыні Рады Міністраў [Польшчы] за яго шматгадовыя намаганні [па адкрыцці гэтага тэлеканала], і спадару намесніку міністра замежных спраў  [Польшчы] Шыману Шынкоўскаму-Сэнку, які з’яўляецца добрым духам у польска-літоўскіх адносінах і зрабіў вельмі істотны ўклад у тое, каб гэты канал мог узнікнуць. Таксама сардэчна дзякую спадарыні паслу [Польшчы ў Літве] Уршулі Дарашэўскай, кіраўцітву Польскага тэлебачання [TVP], бо цалкам зразумела, што без іх гэты канал не з’явіўся б.

Новы тэлеканал TVP Wilno будзе вяшчаць штодня з 18-й да 21-й гадзіны і будзе даступны ў тым ліку тым жыхарам Вільні і ваколіц, якія лічаць сябе палякамі, але штодня размаўляюць на дыялекце беларускай мовы, які называюць часта “простай мовай”.


Вільня, 17 верасня 2019 г. Прэм’ер-міністр Польшчы Матэвуш Маравецкі з літоўскім калегам Саўлюсам Сквярнялісам. Вільня, 17 верасня 2019 г. Прэм’ер-міністр Польшчы Матэвуш Маравецкі з літоўскім калегам Саўлюсам Сквярнялісам.

Беларускі фактар і яго ўплыў на Літву і Польшчу таксама быў закрануты на сустрэчы Матэвуша Маравецкага і Саўлюса Сквярняліса ў Вільні.

Саўлюс Сквярняліс: — Мы абмяркоўвалі таксама і беларускае пытанне, розныя яго аспекты. У першую чаргу, я хацеў бы падзякаваць ураду Польшчы за безумоўную адкрытую падтрымку Літвы па пытанні астравецкай АЭС. І па-другое мы гаварылі пра тое, як зменшыць энергетычную залежнасць Беларусі ад Расіі. Мы абмеркавалі рэальныя рашэнні і праекты. Можа, я не буду дэталізаваць. Але каб дыверсіфікаваць [пастаўкі энергетычнай сыравіны] мы можам выкарыстаць і інфраструктуру Літвы, і літоўскія прадпрыемствы. Гэта мы таксама абмеркавалі з прэм’ер-міністрам і будзем па гэтых пытаннях далей супрацоўнічаць.

Матэвуш Маравецкі: — Беларусь з’яўляецца гордай прыгожай краінай, якая несумненна лепш ведае, як дбаць пра свае інтарэсы. А мы стараемся наша польска-літоўскае супрацоўніцтва канструяваць такім чынам, каб не нанесці шкоды агульнай бяспецы і, у прыватнасці, энергетычнай бяспецы Літвы і Польшчы.

Прэм’ер-міністры Літвы і Польшчы на сустрэчы ў Вільні таксама абмеркавалі далейшае супрацоўніцтва ў галіне культуры і гістарычнай палітыкі, якое закранае і Беларусь. Прэм’ер-міністр Літвы Саўлюс Сквярняліс анансаваў важнае мерапрыемства — цырымонію перапахавання на могілках Роса ў Вільні кіраўнікоў і ўдзельнікаў Студзеньскага паўстання 1863-1864 гадоў, чые астанкі былі выяўлены на Замкавай гары ў Вільні, дзе былі закапаны расійскімі ўладамі, па загадзе якіх былі забіты лідары вызваленчага руху за аднаўленне Рэчы Паспалітай.

Саўлюс Сквярняліс: — Я шчыра спадзяюся, як прэм’ер-міністр, 30 лістапада ўбачыць Вас [Матэвуша Маравецкага] на вельмі важнай для нашых дзяржаў гістарычнай падзеі — на дзяржаўным пахаванні ўдзельнікаў паўстання 1863-1864 гадоў. Гэта наша агульная гісторыя, якая нас вучыць і аб’ядноўвае. І Польшча і Літва ніколі не былі такімі стратэгічнымі моцнымі партнёрамі, як цяпер.

Матэвуш Маравецкі: — Хачу вельмі сардэчна падзякаваць спадару прэм’ер-міністру [Літвы] за яго асабісты ўдзел у наладжванні як мага пазітыўных адносін паміж Польшчай і Літвой. 

І сапраўды, як дакладна сказаў спадар прэм’ер-міністр [Літвы], у сітуацыі, калі хтосьці ўбівае клін паміж Польшчай і Літвой, гэта для нас сігнал чагосьці нядобрага, пагроза для нашых краін.

У нас праходзіць рад культурных мерапрыемстваў, спатканняў, звязаных з гісторыяй, якія маюць выключны аб’яднаўчы характар. І сярод іх тое [мерапрыемства], пра якое гаварыў спадар прэм’ер-міністр [Літвы], — 30 лістапада, звязанае з удзельнікамі Студзеньскага паўстання, калі Польшча і Літва разам спрабавалі аднавіць сваю незалежнасць.

Кіраўнікі ўрадаў Літвы і Польшчы на сустрэчы ў Вільні выказалі жаданне працягваць супрацоўніцтва па ўсіх кірунках, якія аб’ядноўваюць дзве дзяржавы. А на цырымоніі 30 лістапада таксама чакаюцца прадстаўнікі Беларусі. У капліцы на могілках Роса ў Вільні, дзе будуць перапахаваны астанкі паўстанцаў 1863-1864 гадоў, установяць мемарыяльныя дошкі з надпісамі на літоўскай, беларускай і польскай мовах.

У той жа час нядаўна на Лукішскай плошчы ў цэнтры Вільні быў устаноўлены новы інфармацыйны знак у гонар кіраўнікоў паўстання 1863-1864 гадоў Вінцэнты Канстанты Каліноўскага і Зыгмунта Серакоўскага, пакараных тут смерцю паводле загаду расійскіх улад. Новы знак устаноўлены замест папярэдняга, які існаваў з савецкіх часоў і змяшчаў надпісы на літоўскай і рускай мовах. Цяпер на новым знаку выкананы надпісы на літоўскай, беларускай, польскай і англійскай мовах. Побач захавана пліта з надпісам “1863”, устаноўленая да 1939 года, калі Вільня ўваходзіла ў склад Польшчы.

Віктар Корбут

Слухайце аўдыё

Больш на гэтую тэму: Варшаўскі мост