Беларуская Служба

Чым моладзь з Заходняй Беларусі ў Празе спакушалі на пераезд у БССР

24.10.2019 10:07
Гісторык Андрэй Буча прасачыў лёс моладзі з Заходняй Беларусі, што эмігрыравала ў Прагу, а затым у БССР у 1920-я гады.
Аўдыё
  • "Варшаўскі мост". А.Буча пра беларусаў у Празе ў 1920-я гг.
.
Прага.Pixabay.com

У 1921 годзе заходнебеларускія землі, паводле Рыжскага дагавора, адышлі да Польшчы. Маладыя беларусы, які заканчвалі беларускія гімназіі ў Польшчы, на заходнебеларускіх землях, пасля ехалі вучыцца ў Чэхаславакію. Бо не мелі магчымасці далей вучыцца на бацькаўшчыне. Як з Прагі беларусам-эмігрантам бачылася іх краіна, што была падзелена паміж Польшчай і СССР? Мінскі даследчык, кандыдат гістарычных навук Андрэй Буча займаецца вывучэннем дзейнасці беларускіх маладзёжных арганізацый у Чэхаславацкай Рэспубліцы (ЧСР). Ён адзначыў падчас свайго выступлення на VIII Міжнародным кангрэсе даследчыкаў Беларусі, які прайшоў у Вільні ў верасні, што ў Празе ў 1920-я гады дзейнічалі ў тым ліку прасавецкія беларускія арганізацыі.

Андрэй Буча:Летам 1921 года было выдзелена 20 стыпендый для навучання беларусаў у вышэйшых школах ЧСР. Першыя беларускія стыпендыяты з’яўляліся пераважна навучэнцамі яшчэ дарэвалюцыйных расійскіх універсітэтаў, былі выхаваны ў рускай культурнай традыцыі. Таму гэтыя студэнты індыферэнтна ставіліся да беларускага нацыянальнага руху, адчувалі сябе «рускімі», былі інтэграваны ў жыццё рускай эміграцыі ў Празе. З канца 1921 года ў Прагу па накіраванні ТБШ сталі масава прыязджаць нацыянальна свядомыя юнакі і дзяўчаты з Заходняй Беларусі (у асноўным выпускнікі заходнебеларускіх гімназій).

Летам 1922 года паміж нацыянальна-свядомымі студэнтамі, якія к таму часу складалі большасць, і студэнтамі-касмапалітамі пачаліся спрэчкі.

У сакавіку 1923 года левасацыялістычная моладзь на чале з Т. Грыбам утварыла сваю самастойную арганізацыю — Аб’яднанне беларускіх паступовых студэнтаў. Эсэры на чале з Т. Грыбам, адмаўляючы законнасць урада А. Цвікевіча, а таксама савецкі шлях пабудовы беларускай дзяржаўнасці, сфармулявалі тэорыю так званай «трэцяй сілы», якая ў барацьбе на два франты (супраць палякаў і бальшавікоў) павінна дамагчыся незалежнасці Беларусі.

Група сяброў АБПС на чале з І. Дварчаніным і У. Жылкам больш рэалістычна ацэньвала тагачасную сітуацыю і разумела неабходнасць пошуку саюзніка ў змаганні за ідэалы незалежнасці. Яны станоўча ацэньвалі культурныя дасягненні ў Савецкай Беларусі. Аднак у другой палове 1923 — першай палове 1924 года ў адносінах да БССР «рэалісты» займалі пазіцыю чакання. Так, напрыклад, рэдактар перыядычнага органа АБПС «Перавясла» У. Жылка ў жніўні 1923 года яшчэ не ўяўляў Менск цэнтрам па аб’яднанні беларускіх зямель і супрацьпастаўляў яму Вільню.

З цягам часу ідэя па разуменні Менска як цэнтра па аб’яднанні беларускіх зямель станавілася ўсё больш прывабнай для пражскіх беларусаў. Гэтаму спрыялі поспехі нацыянальна-культурнага будаўніцтва ў БССР (палітыка беларусізацыі, вяртанне БССР часткі ўсходніх беларускіх этнічных тэрыторый).

Непрымірымы ідэйны вораг камуністаў Т. Грыб яшчэ да афіцыйнага пачатку палітыкі беларусізацыі, у маі 1923 года, пісаў У. Жылку, што хаця «за Менскам стаіць сіла варожая — там стаіць мардасты кацап, поўны злобы і нянавісці к „сепаратыстам”», «Менск станець беларускай галавой і сэрцам — адзіным цэнтрам — адзінай воляй», і што туды «мусяць быць сцягнуты ўсе сілы для пазітыўнай, культурнай і гаспадарчай працы, а таксама і для барацьбы».

З іншага боку, крызіс палітычных структур БНР, адкіданне Літвой «беларускай карты» пасля прызнання Канферэнцыяй паслоў усходніх граніц Польшчы ў сакавіку 1923 года (гэта азначала палітычную смерць Рады і ўрада БНР), расчараванасць у магчымасці атрымання беларусамі нацыянальна-культурнай аўтаноміі ў Польшчы, сімпатыі значнай часткі нацыянальнага актыву Заходняй Беларусі да савецкага Менска (уяўленні пра БССР як пра асноўнага саюзніка ў барацьбе за правы беларускай меншасці ў Польшчы), стварэнне Беларускай сялянска-работніцкай грамады (БСРГ), ліквідацыя ў чэрвені 1924 года галоўнага палітычнага апанента бальшавікоў — Беларускай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў таксама сталі значнымі фактарамі, якія прывялі да ідэалагічнай пераарыентацыі беларускай дыяспары ў Чэхаславакіі.

У. Жылка і І. Дварчанін усё больш схіляліся да думкі, што ў Менску рэалізуецца беларускі дзяржаўны праект на савецкай аснове. Яны пачалі з вялікай сімпатыяй глядзець у бок савецкага Менска, расчараваліся ў магчымасцях супрацоўніцтва з польскімі ўладамі ў Заходняй Беларусі.

Найвялікшай небяспекай для кіраўніцтва БССР быў урад БНР, які з лістапада 1923 года знаходзіўся ў Празе і працягваў, хоць і чыста тэарэтычна, заставацца палітычнай і ідэалагічнай альтэрнатывай КП(б)Б.

Таму на 1925 год кіраўніцтва БССР намеціла наступныя задачы па працы сярод беларускай дыяспары ў ЧСР: 1) ліквідацыя ўрада БНР; 2) папулярызацыя прасавецкіх настрояў сярод беларускіх студэнтаў і заахвочванне іх пасля атрымання дыпломаў да выезду ў БССР.

Вясной 1925 года на пасяджэнні Марксісцкай групы было вырашана заснаваць па ўзоры ўжо дзеючых Саюзаў студэнтаў-грамадзян РСФСР і УССР Саюз студэнтаў-грамадзян БССР. Акрамя таго, па ініцыятыве Марксісцкай групы ў пачатку 1925 года былі арганізаваны тры гурткі па вывучэнні праблем марксізму, якія ўзначальвалі адпаведна беларускія студэнты П. Цветкаў, Я. Бабровіч, М. Верамей.

Нішу паміж апалітычнымі студэнтамі і Саюзам студэнтаў-грамадзян БССР займала неафіцыйная культурна-асветная арганізацыя «Грамада», якая знаходзілася пад ідэалагічным кантролем Марксіцскай групы. Актыўную дзейнасць «Грамада» пачала праводзіць з восені 1925 года.

Стратэгічнай мэтай «Грамады» з’яўлялася падрыхтоўка беларускіх студэнтаў да ўступлення ў Саюз студэнтаў-грамадзян БССР. Сяброўскі склад «Грамады» ў большасці сваёй быў сфарміраваны за кошт былых членаў «Незалежнасці» (распалася вясной 1925 года). Сур’ёзным фактарам, які абумовіў актыўнасць прасавецкі настроеных студэнтаў у 1925 годзе, стала фінансаванне іх дзейнасці з боку афіцыйнага Менска. Так, 5 мая 1925 года на закрытым пасяджэнні СНК БССР на развіццё руху прасавецкай арыентацыі сярод беларускіх арганізацый у Польшчы, Латвіі, Літве і Чэхаславакіі да канца бюджэтнага 1926 года было асігнавана 25 тысяч рублёў.

Большы патэнцыял, азіраючыся на поспехі беларусізацыі і ўлічваючы заняпад структур БНР, мелі прасавецкія аб’яднанні ў ЧСР, якія атрымлівалі шчодрае фінансаванне праз прадстаўніцтва СССР у ЧСР. Вясной 1926 года жыццё «беларускага паступовага студэнства ў Празе» канцэнтравалася ў дзвюх арганізацыях. Саюз студэнтаў-грамадзян аб’ядноўваў 18 сяброў, якія «па сканчэньні вышэйшай школы ў Чэхіі думаюць ехаць у С.С.С.Р., каб там служыць на карысьць працоўнага народу». Марудна рухалася справа з афіцыйным зацвярджэннем галоўнай прасавецкай арганізацыі беларускай моладзі ў Празе — Саюза студэнтаў-грамадзян БССР. Чэхаславацкія ўлады афіцыйна зацвердзілі саюз толькі 23 чэрвеня 1926 года. Згодна са статутам саюз з’яўляўся апалітычнай арганізацыяй. Галоўнай мэтай стала дапамога маладым людзям пасля сканчэння вучобы праз прадстаўніцтва СССР атрымаць савецкае грамадзянства і дазвол на ўезд у БССР. Дзейнасць саюза, як і «Грамады», працякала пад пільным наглядам з боку Марксісцкай групы. Усе рашэнні спачатку абмяркоўваліся ў групе, а пасля ўжо выносіліся на разгляд саюза. Істотным складальнікам дзейнасці беларускіх прасавецкіх аб’яднанняў у Празе была крытыка польскай палітыкі ў дачыненні да насельніцтва Заходняй Беларусі. Беларускія прасавецкія студэнты рэгулярна прымалі ўдзел у мерапрыемствах антыпольскай накіраванасці, арганізаваных левымі коламі ЧСР. Пасля разгрому польскімі ўладамі БСРГ, 21 студзеня 1927 года беларускія і ўкраінскія прасавецкія студэнты «склалі пратэст супроць белага тэрору ў Польшчы». У пачатку 1928 года, аналізуючы дзейнасць афіцыйнага Менска сярод беларускай эміграцыі за 1927 год, у КП(б)Б прыйшлі да вываду, што «працэс распаду эмігранцкіх партый і арганізацый дасягнуў мяжы, таму і эміграцыя як рэвалюцыйны і контррэвалюцыйны фактар перастае іграць ролю ў беларускім руху за кардонам». Адпаведна было істотна зменшана фінансаванне дзейнасці прасавецкіх аб’яднанняў беларускіх эмігрантаў.

У канцы 1920-х гадоў у Празе засталася толькі адна саветафільская арганізацыя — Саюз студэнтаў-грамадзян БССР. Нарастанне аўтарытарных тэндэнцый у кіраўніцтве БССР і палітычныя рэпрэсіі супраць прадстаўнікоў інтэлігенцыі ў канцы 1920-х — 1930-х гадах паўплывалі на адыход ад працы ў прасавецкіх арганізацыях часткі ранейшых іх прыхільнікаў, а таксама прывялі да канчатковай кампраметацыі зменавехаўскага руху сярод неангажыраваных у дзейнасць прасавецкіх арганізацый прадстаўнікоў беларускай дыяспары ў Чэхаславакіі. У пачатку 1930-х гадоў у сувязі з рээміграцыяй большай часткі сваіх сяброў Саюз студэнтаў-грамадзян БССР спыніў сваю дзейнасць.

Лёсы большасці лідараў пражскіх беларускіх прасавецкіх аб’яднанняў вельмі падобныя.

Гэтых людзей аб’ядноўвала вера ў савецкую ідэю, нерэалізаванасць сваіх талентаў у поўнай меры, пакуты ў сталінскіх лагерах і, як правіла, заўчасная смерць. Тыя, хто вярнуліся ў Заходнюю Беларусь, далучыліся да рэвалюцыйна-вызваленчага руху, увайшлі ў кіраўніцтва Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі, БСРГ, «Змагання». Тыя, хто перабраўся ў БССР, занялі пасады ў розных беларускіх савецкіх установах.

У 1930-я гады большасць былых пражан у БССР рэпрэсіравалі (пераважна па сфабрыкаванай НКУС справе Беларускага нацыянальнага цэнтра (БНЦ)).

У 1926 годзе з Прагі ў Заходнюю Беларусь выехалі адны з лідараў пражскага беларускага прасавецкага студэнцтва Ігнат Дварчанін і Ян Казімір Бабровіч. Я. Бабровіч актыўна ўключыўся ў працу КПЗБ, быў кааптаваны ў ЦК гэтай партыі, стаў прадстаўніком КПЗБ пры ЦК БСРГ, рэдагаваў некалькі грамадоўскіх газет, быў абраны кандыдатам у члены ЦК КПП. У снежні 1928 года Я. Бабровіча арыштавалі і прыгаварылі да 15 гадоў турмы. У верасні 1932 года ў выніку абмену палітвязнямі ён пераехаў у СССР. У кастрычніку 1933 годзе быў арыштаваны па справе БНЦ. Памёр у 1943 годзе ў Северадзвінскім лагеры (Архангельская вобласць Расіі).

Пасля вяртання ў Вільню І. Дварчанін уступіў у БСРГ, быў цесна звязаны з яе кіраўніцтвам. У 1928 годзе І. Дварчаніна абралі дэпутатам Сейма Польшчы. У Сейме ён разам з іншымі дэпутатамі стварыў фракцыю — Беларускі работніцка-сялянскі пасольскі клуб «Змаганне», які фактычна працягваў дзейнасць БСРГ. У 1930 годзе І. Дварчаніна арыштавалі і прыгаварылі да васьмі гадоў турмы. Як і Я. Бабровіч, у верасні 1932 годзе ён пераехаў у БССР. У верасні 1933 года па справе БНЦ быў арыштаваны органамі НКУС БССР. У снежні 1937 года І. Дварчаніна расстралялі.

У 1930 годзе ў Заходнюю Беларусь вярнуўся Ю. Муха. Менавіта ён ад ЦК КПЗБ каардынаваў дзейнасць «Змагання». У 1931 годзе Ю. Муху арыштавалі. У 1932 годзе (скарэй за ўсё ў выніку абмену палітвязнямі паміж Польшчай і СССР) пераехаў у СССР. Праз год яго арыштавалі па справе БНЦ. У ГУЛАГу Ю. Муха правёў 13 гадоў. Яму пашчасціла выжыць. Але нават пасля ўсяго перажытага ён застаўся верны «ленінскім ідэям».

У Польшчу выехаў і адзін з лідараў Марксісцкай групы Мікалай Верамей. Ён удзельнічаў у падрыхтоўцы выбараў у Сейм, друкаваў лістоўкі, арганізоўваў беларускія школы ў Заходняй Беларусі. У 1930 годзе быў перапраўлены ў БССР. У 1930 годзе арганізаваў і ўзначаліў Энергетычны інстытут у Менску. У 1933 годзе М. Верамея арыштавалі па справе БНЦ. Загінуў у 1937 годзе ў Хабараўскім краі Расіі.

У. Жылка ў 1926 годзе ўдзельнічаў у Акадэмічнай канферэнцыі па рэформе беларускага правапісу і азбукі ў Менску, пасля якой застаўся ў сталіцы БССР, прыняўшы савецкае грамадзянства. У ліпені 1930 года па справе Саюза вызвалення Беларусі У. Жылку арыштавалі і прыгаварылі на пяць гадоў ссылкі ў г. Уржум Ніжагародскага краю Расіі. Там у 1933 годзе ён і памёр.

Шляхам У. Жылкі пайшоў і адзін з кіраўнікоў Саюза студэнтаў-грамадзян БССР Міхаіл Каўцэвіч. Ён у 1930 годзе пераехаў у Менск і стаў працаваць у фізіка-тэхнічным інстытуце Беларускай акадэміі навук (БАН). М. Каўцэвіча арыштавалі ў верасні 1937 года, а ў кастрычніку расстралялі.

Брат І. Дварчаніна Іларыён пасля заканчэння Пражскай політэхнікі адразу паехаў у Савецкую Беларусь. І. Дварчанін працаваў намеснікам дырэктара Беларускага дзяржаўнага паляўнічага запаведніка. У 1933 годзе па справе БНЦ быў арыштаваны. Загінуў у зняволенні.

У БССР з Прагі накіраваўся і Мікола Шыманка. У Менску ён уладкаваўся на працу ў БАН. У 1935 годзе М. Шыманку арыштавалі і асудзілі на пяць гадоў лагероў за «антысавецкую агітацыю». У сакавіку 1940 года вызвалілі. М. Шыманка выжыў. У 1963 годзе ў адным са сваіх лістоў да вучонага сакратара Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы ў Мінску А. Есакова М. Шыманка пісаў наступнае: «Мы ўсе настолькі слепа верылі ўсяму савецкаму — савецкай справядлівасці, савецкім законам, што паведамленне аб самагубстве Янкі Купалы лічылі за правакацыйны выпад ворагаў сав. улады. Аднак не на нашым баку аказалася праўда, а на баку клерыкалаў. У мяне, напрыклад, ружовыя акуляры ў справе Купалы разбіліся ўшчэнт у 1931 годзе, калі я прыехаў з Прагі ў Менск».

Таксама трагічна скончыліся жыцці сяброў урада БНР, якія пасля Берлінскай канферэнцыі перабраліся ў Менск. Л. Заяц памёр ва ўфімскай турме ў 1935 годзе. А. Цвікевіча і У. Пракулевіча расстралялі ў 1938 годзе.

Віктар Корбут

Слухайце аўдыё

Больш на гэтую тэму: Варшаўскі мост