Вядомы гісторык, выкладчык Варшаўскага ўніверсітэта, прафесар Інстытута гісторыі Польскай акадэміі навук Яанна Героўская-Калаўр падрыхтавала і цяпер Інстытут гісторыі Польскай акадэміі навук ажыццяўляе выданне дзённіка Аляксандра Шкленніка, які запісваў дзень за днём назіранні за тым, што адбывалася ў Вільні падчас нямецкай акупацыі ў перыяд Першай сусветнай вайны, у 1915-1918 гадах.
Дзённікі Шкленніка Яанна Героўская-Калаўр выявіла ў Вільні дваццаць год таму. Летась Інстытут гісторыі Польскай акадэміі навук выдаў першы том, падрыхтаваны даследчыцай, які налічвае 960 старонак — „Wspomnienia o wydarzeniach w Wilnie i w kraju” («Успаміны пра падзеі ў Вільні і ў краіне»). На чарзе сёлета — выхад другога тома дзённіка, а таксама трэцяй кнігі з паказальнікам да ўсяго тэксту.
Гэта важная гістарычная крыніца, бо пад нямецкай акупацыяй у Вільні супрацоўнічалі і спаборнічалі палякі, літоўцы і беларусы, кожны з якіх меў сваё бачанне будучай дзяржаўнасці былых зямель Вялікага Княства Літоўскага.
Дзённік Аляксандра Шкленніка „Wspomnienia o wydarzeniach w Wilnie i w kraju”.
Мы паразмаўлялі з Яаннай Героўскай-Калаўр, якая адзначыла, што дзённік — вялікая каштоўнасць для тых, хто займаецца гісторыяй, а не гістарычнай палітыкай.
Кім быў Аляксандр Шкленнік?
— Аўтар дзённіка — католік і паляк, еўрапеец, які пабываў у многіх краінах свету.
Нарадзіўся ў Дзісне (1864), скончыў рэальнае вучылішча ў Беластоку (1885), у 1885-1890 гадах вучыўся ў Санкт-Пецярбургу, атрымаўшы дыплом на машынабудаўнічым факультэце тэхналагічнага інстытута.
Шкленнік не служыў у арміі.
Спачатку (1890-1893) працаваў на Урале, у рабочай арцелі, а затым у Дзвінску (цяпер Даўгаўпілс) памочнікам начальніка майстэрань Дзвінска-Віцебскай чыгункі.
У 1893-1895 гадах Аляксандр Шкленнік быў дырэктарам металургічнага завода ў Абаканскім астрогу ў Сібіры (ля ўпадзення ракі Абакан у Енісей). У 1895-1900 гадах з'яўляўся кіраўніком будаўніцтва Цэнтральна-Сібірскай чыгункі.
1900-1902 гады сталі апагеем чыгуначнай кар'еры Шкленніка. Дзякуючы сваёй прафесійнай кампетэнтнасці і свабоднаму валоданню французскай і нямецкай мовамі ён стаў прадстаўніком Маньчжурскай чыгункі ў Бельгіі і Францыі. У 1903-1905 гадах працаваў у Маскве інжынерам у адным з чыгуначных упраўленняў.
У 1905 годзе Шкленнік вырашыў паехаць у Вільню, дзе меў намер працаваць інжынерам у «прамысловасці краю».
— У 1908 годзе Шкленнік заснаваў Віленскае таварыства падтрымкі кааперацыі і пачаў арганізоўваць кааператывы.
Шкленнік стаў членам праўлення і старшынёй спажывецкага таварыства «Аб'яднанне». З 1911 года быў фактычным рэдактарам і выдаўцом штомесячніка «Кааператыўнае жыццё».
Найбольш важным у жыцці Шкленніка быў перыяд яго жыцця ў Вільні падчас Першай сусветнай вайны.
— Адзіным фліртам Шкленніка з палітыкай была няўдалая спроба (у жніўні і верасні 1915 года) сфарміраваць агульны фронт палякаў, яўрэяў, літоўцаў і беларусаў у адносінах да немцаў, якія ўвайшлі ў Вільню. Аляксандр Шкленнік выступаў разам з віленскімі польскімі дэмакратамі (Габрыелем Сакалоўскім і інжынерам Юльянам Янушэўскім). Абставіны правалу гэтай ініцыятывы падрабязна апісаны на старонках яго дзённіка, які я знайшла дваццаць гадоў таму ў Вільні.
У якасці старшыні Віленскага таварыства падтрымкі кааперацыі Шкленнік быў запрошаны 23 лістапада 1915 года ў Камітэт па харчаванні Віленскага гарадскога ўпраўлення.
Шкленнік чытаў лекцыі па кааперацыі на навуковых курсах, закрытых у лютым 1916 года.
У студзені 1918 года начальнік Бюро грамадскіх работ у Вільні Тадэвуш Урублеўскі папрасіў Шкленніка выступіць з дакладам, а па просьбе старшыні бюро Конрада Недзялкоўскага павінен быў падрыхтаваць праекты статутаў кааператыўных таварыстваў.
Пасля таго, як Польшча аднавіла незалежнасць, а Вільня ўвайшла ў склад польскай дзяржавы, Аляксандр Шкленнік працягваў займацца кааператыўным рухам.
Яанна Героўская-Калаўр.
— Шкленнік быў важнай фігурай кааператыўнага руху ў міжнародным маштабе, дэлегатам ад усіх віленскіх кааператываў на I канферэнцыі лідараў кааператыўнага руху. Ужо пасля заключэння Рыжскага дагавора [паміж Польшчай і СССР] у лістападзе 1921 года Аляксандр Шкленнік прыехаў у Познань на II канферэнцыю лідараў кааператыўнага руху ў Польшчы. Яго прадставілі як ганаровага госця «з ускраіны Польшчы, з Вільні, якая з'яўляецца і павінна быць польскай».
Можна толькі здагадвацца, што Шкленнік прымаў актыўны ўдзел у размовах аб лёсе Вільні і тое, што ён гаварыў згодна са сваім сумленнем і назіраннямі не вельмі падабалася слухачам. У познаньскай прэсе гэтага перыяду можна заўважыць паведамленні аб «безадказным» прасоўванні «бельведэрскай клікай» «шкодных федэрацыйных канцэпцый» і схільнасць да інкарпарацыйнага вырашэння «віленскага пытання».
Познань па невядомых дагэтуль прычынах стаў месцам трагічнай смерці Аляксандра Шкленніка.
— Шкленнік прапаў без вестак у Познані. Яго цела было знойдзена ў водах ракі Варты праз шэсць тыдняў, калі Абарнікаў, што за 25 кіламетраў ад Познані. І абставіны гэтай смерці дагэтуль не высветлены.
Шкленнік не быў славутай асобай сваёй эпохі.
— Ён трымаўся на адлегласці ад духоўнай іерархіі. Калі ён памыляўся, то прызнаваў гэта на старонках дзённіка. Ён не адчуваў сябе зняволеным умоўнасцямі ці сяброўскімі адносінамі. Яго не турбаваў клопат пра забеспячэнне быту ўласнай сям'і. Ён умеў працаваць з усімі, але быў чалавекам, які сам выбіраў сабе кампанію. У яго таксама было многа часу — ён быў старым халасцяком, які жыў справамі кааператываў і самакіравання Вільні. Па-свойму ён быў абсалютна свабодны. На мой погляд, з дзённікаў Шкленніка паўстае постаць справядлівага, добрасумленнага, працавітага чалавека, часам празмерна скурпулёзнага, які трымаўся на адлегласці ад канфліктных сітуацый, які спрабаваў зразумець матывы, якія стаялі за рознымі бакамі спрэчак, сведкам якіх быў. Ён умеў сумленна крытыкаваць не толькі прадстаўнікоў іншых нацыянальнасцей, але і сваёй, у выпадку неабходнасці. Такія людзі рэдка робяць так званую сацыяльную кар'еру, не кажучы ўжо пра прафесійную. Звычайна, салонным размовам пра «палітыку» яны аддаюць перавагу канкрэтнай працы для грамадства, з якім сябе атаясамліваюць.
Цікавым пытаннем з’яўляецца, як Аляксандр Шкленнік успрымаў сваіх землякоў — жыхароў былога ВКЛ.
— Ён успрымаў жыхароў былога ВКЛ як адно многаканфесійнае і многанацыянальнае цэлае. Так ён успрымаў насельніцтва гэтых зямель да ўступлення немцаў у Вільню ў 1915 годзе.
Уступленне немцаў з пункту гледжання гісторыка з’яўлялася зменай акупанта на акупанта — расійскага на нямецкага. І ў той час склалася новая геапалітычная сітуацыя. І Аляксандр Шкленнік у тагачаснай сітуацыі разам з польскімі дэмакратамі з Вільні імкнуўся да таго, каб жыхары ўсіх нацыянальнасцей і канфесій разам выступілі ў абарону сваіх правоў.
Як кажа народная прымаўка, згода будуе, я нязгода руйнуе. Шкленнік успрымаў беларусаў і літоўцаў або яўрэяў так жа, як я цяпер успрымаю кашуба, сілезца або гураля. Шкленнік лічыў прадстаўнікоў усіх нацыянальнасцей грамадзянамі аднаго дзяржаўнага арганізма, які быў падзелены ў канцы XVIII ст.
І Шкленнік лічыў, што перад абліччам чарговай пагрозы агульным інтарэсам усіх спадкаемцаў таго падзеленага арганізма з’яўляецца аб’яднанне, кааперацыя, што трэба дзейнічаць разам у імя агульнага інтарэсу, не даць падзяліць сябе на асобныя элементы.
Шкленнік не меў ілюзій, што яго краіна знаходзіцца паміж Расіяй і Германіяй. І трэба выкарыстаць шанс, каб не стаць васалам або кліентам адной з “вялікіх”, дзяржаў, бо было вядома, што яны нас з’ядуць.
Шкленнік хацеў, каб яго край быў трэцяй сілай, ён хацеў аднавіць наш саюз, неабавязкова ў той форме, якую мела Рэч Паспалітая Абодвух Народаў, але ў нейкай сучаснай форме.
Што лічыў сваёй бацькаўшчынай Аляксандр Шкленнік?
— На старонках дзённіка Аляксандра Шкленніка адлюстравана вельмі дынамічная сітуацыя. У пачатку нямецкай акупацыі яго краіна — гэта землі былога ВКЛ разам з былымі “ўкраіннымі” землямі, а разам — гэта былая Рэч Паспалітая Абодвух Народаў — не існавала на карце. Але яна існуе ў яго свядомасці. Шкленнік назіраў розныя формы паводзін лідараў іншых нацыянальных груп, адзначаў не зусім аб’ектыўныя паводзіны нямецкіх акупацыйных улад i таксама, з перспектывы Вільні, сітуацыю ў Варшаве з канца 1916 года. Тое, што ён бачыў, уплывала на яго ацэнку сітуацыі. І сведчанні гэтага мы знаходзім на старонках яго дзённіка.
У часы Шкленніка беларусы складалі досыць нязначную частку жыхароў Вільні, у сувязі з чым пра іх у дзённіку Шкленніка не так многа інфармацыі.
— Беларусы не з’яўляюцца галоўнай тэмай дзённіка Шкленніка, які запісваў тое, што бачыў. А беларусаў было зусім нямнога ў Вільні. Статыстыка трохі хлусіць. Падчас нямецкай акупацыі 1915-1918 гадоў у Вільні было восем перапісаў насельніцтва. І паводле ўсіх гэтых перапісаў беларусаў у Вільні налічвалася каля 3-3,5 тысяч чалавек — у горадзе, дзе жылі 200 тысяч чалавек. Такім чынам, беларусы не былі людзьмі, якія “кідаліся ў вочы” перапісчыкам. Кім былі тыя беларусы? Гэта былі жыхары беларускіх зямель былога ВКЛ. І мы забываем, што вялікая колькасць гэтых людзей — пераважна людзей фізічнай працы, зусім неадукаваных, прыбыла ў Вільню яшчэ ў часы Расійскай імперыі.
Аднак у Вільні была нешматлікая групка выдатных беларускіх лідараў. Шкленнік адзначыў некалькі вельмі характэрных момантаў, якія датычаць паводзін беларускіх лідараў і іх адносін як да палякаў, так і да літоўцаў.
Шкленнік запісваў тое, чаго быў сведкам і што бачыў або чуў. Многа цікавых думак запісана ад яўрэйскіх лідараў, якія знаходзіліся са Шкленнікам у блізкіх адносінах, пра тактыку і паводзіны Івана Луцкевіча. У сваю чаргу, сам Шкленнік вёў перагаворы з Антонам Луцкевічам і вельмі дакладна апісаў іх ход.
Давайце паўторым вельмі выразна. У Вільні, дзе жыло 200 тысяч чалавек, было некалькі выдатных беларускіх палітычных лідараў, але ў іх не было “электарата”.
Большасць свядомых беларусаў, гэтага “электарату”, знаходзілася па другі бок фронту. І гэта быў фактар, які прадвызначаў няўдачу дзеянняў віленскіх беларускіх дзеячаў. Гэта была іх драма.
Віктар Корбут
Слухайце аўдыё