У беларускай гістарыяграфіі ўслед за савецкай сцвярджаецца, што ў Заходняй Беларусі ў 1921-1925 гг. існаваў беларускі партызанскі рух супраць улад Рэспублікі Польшча — як форма пратэсту “супраць несправядлівых умоў Рыжскага міру”. Польская гістарыяграфія разглядае гэтыя дзеянні як “дыверсійныя” з боку СССР і Літвы. Як было на самай справе падчас свайго выступлення на VIII Міжнародным кангрэсе даследчыкаў Беларусі, які прайшоў у Вільні ў верасні, расказаў Павел Абламскі, магістр з Інстытута гісторыі Польскай акадэміі навук. Вывучаючы “партызанскі” рух у Заходняй Беларусі пасля заключэння Рыжскага міру паміж Польшчай і Савецкай Расіяй у 1921 годзе, даследчык прыйшоў да вываду, што з боку гісторыкаў, якія раней займаліся гэтай тэмай, былі дапушчаны пэўныя перабольшванні.
Павел Абламскі: — Беларуская гістарыяграфія не ўлічвае рэальнага ўзроўню нацыянальнай свядомасці насельніцтва ў гэты час. А польская гістарыяграфія часам не ўлічвае эканамічную сітуацыю пасля польска-савецкай вайны.
Летась у Расійскім дзяржаўным архіве сацыяльна-палітычнай гісторыі ў фондзе выканкама Камінтэрна Павел Абламскі выявіў «Докладную записку и общие заключения о пружанском вооруженном отряде из 33 человек, прибывшем в СССР в июле 1925 года». Гэты дакумент быў складзены ў 1937 годзе, калі рыхтавалася глеба пад ліквідацыю Кампартыі Польшчы, у т.л. Кампартыі Заходняй Беларусі і Кампартыі Заходняй Украіны. Павел Абламскі адзначае, што інфармацыя ў дакуменце 1937 года дастаткова праўдападобная, і дадае, што “ўзброеную групу” з-пад Пружан у польскай гістарыяграфіі называюць “бандай”, і гэты тэрмін абгрунтаваны.
Павел Абламскі: — Вясной 1925 г. у Пружанскім павеце, на ўскраіне Белавежскай пушчы, недалёка ад вядомых пазней Віскулёў, фарміруецца банда. У яе ўліваюцца рэпатрыянты з Савецкай Расіі і ўхілісты з Войска Польскага. Атрад узнік стыхійна і складаўся з 33 чалавек. Для большасці з іх уступленне ў атрад азначала ўступленне ў кампартыю. У атрадзе было 17 камуністаў і шэсць камсамольцаў. У дакуменце 1937 г. не акцэнтуецца нацыянальны фактар у дзейнасці атрада. Дарэчы, на Пружаншчыне ў 1925 г. яшчэ не было беларускіх структур.
Павел Абламскі напамінае, што атрад на Пружаншчыне сфарміраваўся вясной 1925 года, калі ўвогуле ў Заходняй Беларусі істотна зменшыўся рух супраціўлення польскім уладам. У той жа час на гэтай тэрыторыі структуры КПЗБ знаходзіліся ў стадыі фарміравання. Паводле даных саміх камуністаў, у іх было ў Пружанскім павеце 150-200 актывістаў, але Павел Абламскі лічыць гэтыя лічбы перабольшанымі. Перабольшванне было ўласціва тагачаснаму кіраўніцтву КПЗБ у Пружанскім павеце.
Павел Абламскі: — Кіраўнік акруговага камітэта КПЗБ у Пружанах гаварыў, што Польшча нагадвае бочку з порахам, і трэба толькі кінуць запалку і гэта бочка ўзарвецца. Камуністы сцвярджалі, што ў паліцыі, войску ёсць камуністычныя актывісты, і калі дэманстрацыя ў Пружанах перарасце ў нешта большае, то сілавыя структуры пяройдуць на бок пратэстуючых. Аднак дэманстрацыя фактычна не адбылася. На яе з’явіліся камуністы, але не 150 чалавек, і неўзабаве людзі пачалі разыходзіцца. У гэты час нехта распаўсюдзіў правакацыйныя чуткі пра тое, што Варшава і Брэст і іншыя гарады захоплены рабочымі і камуністамі, а паліцыя і войска адмовіліся душыць рэвалюцыйны рух рабочых. Частка камуністычных актывістаў у Пружанах паверыла ў гэта, яны раззброілі ляснічых, а потым пайшлі раззбройваць бліжэйшы паліцэйскі ўчастак у Шарашове. Але да Шарашова яны не дайшлі, а ўцяклі ў лес. Да банды пачалі далучацца дэзерціры і мясцовыя сяляне. За два-тры тыдні ў бандзе сабралася 30 чалавек. Урэшце яны пад кіраўніцтвам прафесійных дыверсантаў з СССР ажыццявілі некалькі “тэрарыстычных актаў”: забілі памешчыка, паліцэйскага, спалілі тартак і забілі яго гаспадара і г.д., а затым у ліпені 1925 г. перайшлі ў СССР. Там атрад быў прызнаны партызанскім, яго члены атрымалі пазітыўныя характарыстыкі і ўступілі ў кампартыю.
Да 1937 года былыя “партызаны”, або “тэрарысты” рабілі ў СССР партыйныя кар’еры.
Віктар Корбут
Слухайце аўдыё