У пасольстве Рэспублікі Беларусь у Рэспубліцы Польшча 17 лютага адбылася прэзентацыя, арганізаваная Нацыянальным агенцтвам па турызме Рэспублікі Беларусь. Падчас мерапрыемства былі прадстаўлены новыя турыстычныя кірункі для палякаў, якія жадаюць наведаць Беларусь. Прадстаўнікі санаторыяў, гасцініц, турыстычных кампаній з Мінска, Гродна і Ружан расказалі пра тое, чым могуць прывабіць патэнцыяльных турыстаў з Польшчы. Перш за ўсё размова ішла пра тыя мясціны Беларусі, якія звязаны з жыццём і дзейнасцю постацей, што адыгралі важную ролю ў гісторыі і культуры Польшчы.
Сяргей Быцкевіч, прадстаўнік кампаніі “Віяполь” з Мінска: — У Гродне звяртае на сябе ўвагу Стары замак, звязаны з асобай караля Стэфана Баторыя, музей Элізы Ажэшка. Недалёка знаходзяцца Багатырэвічы, звязаныя з Ажэшка. У Старых Васілішках знаходзіцца музей Чэслава Немэна. Навагрудак і Завоссе звязаны з Адамам Міцкевічам. Мінск памятае Станіслава Манюшку. У Курапатах былі расстраляны ў т.л. палякі. З Тадэвушам Касцюшкам звязана Мерачоўшчына, а з Рамуальдам Траўгутам Кобрын. Пад Баранавічамі знаходзілася сядзіба Рэйтанаў. Нясвіж са спадчынай Радзівілаў таксама будзе цікавы польскім турыстам.
Марына Чарнавокая і Сяргей Быцкевіч у пасольстве Рэспублікі Беларусь у Рэспубліцы Польшча.
Для палякаў кампанія “Кенгуру” арганізавала спецтуры пад назвай “Героі Польшчы”.
Марына Чарнавокая, дырэктар турыстычнай кампаніі “Кенгуру” з Мінска: — Мы падрыхтавалі тур па бязвізавай зоне ў Гродзенскай і Брэсцкай абласцях на шэсць дзён/пяць начэй “Героі Польшчы”. За гэты час у Беларусі можна ўбачыць усё самае важнае для палякаў. Наведваем мясціны, дзе нарадзіліся і жылі выдатныя палякі: Чэслаў Немэн, Адам Міцкевіч, Андрэй Баболя. Ёсць таксама трохдзённы тур па Гродне і ваколіцах і на Брэсце і ваколіцах. Тут на тры дні каштуе каля 200 еўра, на шэсць дзён — 350-370 еўра на чалавека. Сюды ўваходзіць усё, апрача дарогі да Беларусі, — пражыванне, харчаванне (апрача вячэры), праезд, экскурсіі.
У польскага турыста ёсць магчымасць паехаць нават на аднадзённую экскурсію літаральна ў любы куток Беларусі.
Сяргей Быцкевіч: — Аднадзённая экскурсія з абедам каштуе каля 40 еўра на чалавека. Усяго мы прапануем амаль 80 экскурсій. Экскурсіі ніколі не адмяняюцца, нават калі запішацца толькі адзін чалавек.
Польскага турыста можа зацікавіць не толькі гісторыка-культурная спадчына, але і прырода і іншыя славутасці Беларусі.
Турпакет "БССР" -- "У Беларусі старажытнай сустракаемся разам".
Марына Чарнавокая прапанавала праграму, якая па сваёй назве не мае, здавалася б, нічога агульнага з польскай гісторыяй у Беларусі — БССР. Аднак гэта толькі так здаецца. Абрэвіятура расшыфроўваецца: “У Беларусі старажытнай сустракаемся разам”.
Марына Чарнавокая: — Мы прапануем жаночы тур для пані і паненак па гістарычных мясцінах і крамах з касметычным майстар-класам, калі самі жанчыны могуць зрабіць натуральную касметыку. Яшчэ мы прапануем аўтарскую экскурсію на балота ў Мёрскім, Шаркаўшчынскім раёнах, а затым начуем на беразе возера Нарач, дзе каштуем травяны чай, смажым шашлык.
Прадстаўнікі беларускіх турфірм, якія наведалі Варшаву, пераконваюць, што польскія турысты, наведаўшы Беларусь, захочуць зноў наведаць гэту краіну — бацькаўшчыну Адама Міцкевіча, Тадэвуша Касцюшкі і Чэслава Немэна.
Віктар Корбут
Фота аўтара
Слухайце аўдыё
Прадстаўнікі беларускіх і польскіх турфірм на сустрэчы ў пасольстве Рэспублікі Беларусь у Рэспубліцы Польшча.