Мінулае прынесла беларусам многа і надзей і расчараванняў. Чаго чакаць беларусам ад будучыні, як ажыццявіць тыя ідэалы нацыянальнага руху, якія ў чарговы раз у гісторыі моцна прагучалі падчас падзей 2020 года, але ўсё яшчэ застаюцца ў “апазіцыі” да таго курсу, які праводзяць улады Беларусі?
Андрэй Стрыжак, кіраўнік фонда BySol, які з Вільні дапамагае беларусам — ахвярам рэжыму Лукашэнкі, быў актыўным удзельнікам многіх знакавых, лёсавызначальных падзей грамадска-палітычнага жыцця ў Беларусі мінулых гадоў.
Гледзячы з Вільні на падзеі на бацькаўшчыне Андрэй Стрыжак адзначае як вельмі важны фактар жыцця сучаснага грамадства адносіны людзей да эпідэміі COVID-19. Паводле праваабаронцы, гэта стала ў пэўнай ступені лакмусавай паперкай. Бо, як вядома, Лукашэнка не прызнае маштабаў эпідэміі і адмяніў многія захады сістэмы аховы здароўя па папярэджванні распаўсюджвання каранавіруса.
Андрэй Стрыжак: — Дакладна можна вызначыць людзей, якія слухаюць Лукашэнку і не давяраюць тым даным, якія агучвае Сусветная арганізацыя аховы здароўя і інш. установы аховы здароўя. Ёсць нават жарт, што ябацькі масак не носяць. Таму вельмі лёгка вызначыць таго, хто з’яўляецца прыхільнікам Лукашэнкі.
Я не выключаю нават таго, што ў пэўны момант маскі будуць забаронены рэжымам Лукашэнкі або людзей будуць дапытваць, чаму яны носяць маскі. Ужо робіцца палітычным маніфестам нашэнне маскі: калі Лукашэнка кажа не насіць — то трэба насіць.
Андрэй Стрыжак лічыць, што да Лукашэнкі трэба адносіцца таксама, як і ён адносіцца да беларусаў.
Андрэй Стрыжак: — На мой погляд, ён не ўспрымае беларускую неацыю як такую. Для яго гэта частка вялікага непераможнага савецкага народа.
Так лёс склаўся, што Беларусь стала незалежнай. Была б Лукашэнкава воля, ён быў працягваў ствараць такую канструкцыю як савецкі народ. Для яго на сённяшнім этапе беларуская нацыя мае прыкладны сэнс: каб у патрэбны, нейкі крытычны момант сказаць, што “мы адрозніваемся ад суседзяў”, у т.л. ад суседзяў з усходу.
Гэта лубочны падыход. “Дажынкі” вельмі добра адлюстроўваюць як ён успрымае беларускую нацыю і якое месца ён ёй адводзіць. Гэта вясковы паўадукаваны архаічны кансерватыўны ў негатыўным сэнсе шлях.
Лукашэнка не зацікаўлены ў існаванні сучаснай беларускай нацыянальнай ідэнтычнасці. Яго задавальняе вобраз беларуса ў лапцях і з каўтуном у галаве.
Палацы Лукашэнкі пабудаваны ва ўсходнім стылі. Ён цягнецца да шыку з усходнімі матывамі. Яго падыход азіяцкі і адрозніваецца ад еўрапейскіх традыцый. Але гэта адлюстроўвае таксама жаданне часткі беларусаў зрабіць сабе Версаль у двухпакаёвай кватэры.
Андрэй Стрыжак спрабуе цвяроза і рэалістычна паглядзець на тыя падзеі, якія адбываліся ў Беларусі ў 2020 годзе. Пры гэтым ён прызнае, што пэўныя змены ў свядомасці людзей адбыліся — прыняцце нацыянальнай сімволікі, а некаторыя — як прыход да беларускай мовы — не атрымалі адпаведнага развіцця.
Андрей Стрижак.
Андрэй Стрыжак: — У 2020 годзе адбывалася імклівая трансфармацыя. Чалавеку было дастаткова было ўзяць у рукі бела-чырвона-белы сцяг і адзначыць такім чынам сваю пазіцыю. Па сутнасці ў людзей з’явілася новая сістэма сімвалаў.
Што датычыць беларускай мовы, то тут складаней. Мова — гэта новая сістэма камунікацыі. Яна не засвойваецца за месяц-два. Я думаю, што калі ў людзей з’явіцца цікавасць да гэтай тэмы, калі яны ўсвядомяць, што беларуская мова — гэта сімвал барацьбы і супраціўлення, то мы зможам убачыць развіццё гэтага трэнда і нацыянальнай культуры.
Але мой прагноз стрыманы. Я бачу прыклад Ірландыі. На жаль, мне здаецца, наша моўная сітуацыя будзе больш падобна да ірландскай: калі ірландцы, гаворачы па-англійску, з’яўляюцца гарачымі прыхільнікамі незалежнасці Ірландыі, у іх ёсць свой сцяг, гісторыя і культура. Але ў іх збольшага гэта развіваецца на англійскай мове, бо гэльская не мае такога пашырэння.
Тым не менш, Андрэй Стрыжак бачыць яшчэ шансы адрадзіць беларускую мову ў Беларусі.
Андрэй Стрыжак: — У вёсцы яшчэ застаецца многа носьбітаў беларускай мовы або трасянкі, у параўнанні з сітуацыяй гэльскай мовы ў Ірландыі. Але павінна быць падтрымка працэсу адраджэння беларускай мовы дзяржавай.
Напрыклад, чалавек павінен мець магчымасць аддаць сваё дзіця ў беларускі дзіцячы сад, затым у школу, універсітэт. Але цяпер няма ніводнага беларускамоўнага ўніверсітэта. Пакуль гэта сітуацыя не зменіцца, становішча беларускай мовы з мёртвай кропкі не зрушыцца.
Павінна існаваць агульнадзяржаўная сістэма, якая б рабіла ўсё, каб развівалася беларуская мова. На ўзроўні грамадства адпаведныя рэсурсы даволі абмежаваныя.
Таксама беларуская мова павінна выкарыстоўвацца ў афіцыйных зносінах. Бо менавіта дзяржава павінна ажыццяўляць гэту палітыку.
Людзі могуць размаўляць па-беларуску. Але цяпер дзяржава з імі ўсё роўна размаўляе па-руску, сістэма адукацыі і сфера культуры таксама пераважна рускамоўныя. Каб гэта змянілася, патрэбна палітычная воля.
Андрэй Стрыжак мяркуе, што цяпер дзеячам беларускага нацыянальнага і дэмакратычнага руху трэба менш крытыкаваць адзін аднаго, бо гэта не вядзе да канструктыўнага вырашэння галоўных праблем існавання беларускага народа і дзяржавы.
Андрэй Стрыжак: — Крытыкаваць сёння дэмакратычныя сілы або грамадства — гэта ўсё роўна што сварыцца на дзіця, якое не ўмее хадзіць ці поўзаць, ці галаву трымаць, ці ўвогуле яшчэ не нарадзілася.
Увесь працэс ідзе ў тым рытме, у якім ён ідзе па аб’ектыўных прычынах. Штосьці яго паскарае, што мы назіралі падчас падзей 2020 года, нейкія фактары яго запавольваюць. Але мы не можам паскорыць усе працэсы, мы павінны прайсці усе этапы гэтага шляху. Немагчыма пераскочыць праз некалькі класаў і экстэрнам здаць экзамен у гэтай “школе”. Бо тады мы не вывучым важныя ўрокі, а гэта стане прычынай памылак, якія мы можам дапусціць.
Таму я спакойна стаўлюся да сітуацыі, калі мірныя пратэсты не перамаглі і не радыкалізаваліся. Усяму свой час.
Якая стратэгія прывядзе да перамогі грамадства — пакажа час. Але мы павінны яго пражыць. Мы не можам яго паскорыць. Мы павінна прайсці ўсе этапы, бо страва гатуецца столькі колькі гатуецца.
Віктар Корбут
Слухайце аўдыё