Беларуская Служба

Нелегальныя мігранты спрабуюць трапіць у Польшчу праз беларускую і славацкую межы

06.12.2023 09:02
У лістападзе выяўлена прыкладна 1,5 тысячы спробаў незаконнага перасячэння мяжы з Беларуссю.
Плот на мяжы з БеларуссюTwitter/Straz_Graniczna

За мінулыя суткі 16 чалавек спрабавалі нелегальна трапіць у Польшчу з Беларусі, пяцёра з іх вярнуліся ў Беларусь, убачыўшы польскія службы. Памежная служба паведаміла, што на ўчастку, які ахоўваецца заставай у Дубічах Царкоўных, група з амаль 60 замежнікаў на чале з правадніком рухалася ўздоўж плота, шукаючы месца для нелегальнага пераходу ў Польшчу.

У лістападзе выяўлена прыкладна 1,5 тысячы спробаў незаконнага перасячэння мяжы з Беларуссю. Сёлета – каля 26 тысяч чалавек. Былі зафіксаваныя людзі больш чым з 50 краін.

Учора на мяжы са Славакіяй супрацоўнікі памежнай службы праверылі 9 тысяч чалавек і 4,2 ​​тысячы транспартных сродкаў.

З 4 кастрычніка быў адноўлены часовы памежны кантроль. Мэта ўвядзення кантролю – недапушчэнне нелегальнай міграцыі з Балканскага шляху.

Людзі або транспартныя сродкі, якія перасякаюць мяжу са Славакіяй, адбіраюцца для праверкі на падставе аналізу рызыкі. Праверкі праводзяцца на ўязным напрамку – на 17 аўтамабільных, трох чыгуначных і двух пешаходных пераходах.

Часовы памежны кантроль на мяжы са Славакіяй працягнецца да 2 студзеня.

яс