Беларуская Служба

Вітрына Усходнееўрапейскага дома, адзін з польска-беларускіх асяродкаў у Варшаве, патрабуе дапамогі

17.10.2024 15:04
Варшаўскі Фонд Цэнтра Karta знаходзіцца на мяжы выжывання.
Аўдыё
  • "Варшаўскі мост". А.Ванцэж-Глюза пра Фонд Цэнтра Karta.
       . , 6  .
На ўваходзе ў Вітрыну Усходнееўрапейскага дома на пл. Канстытуцыі, 6 у Варшаве.https://witrynadw.pl/?lang=by

Праз 42 гады плённай працы Фонд Цэнтра Karta знаходзіцца на мяжы выжывання. Гэта прывяло да прыпынення некаторых відаў дзейнасці і прастою ў выпуску кніг, у тым ліку па тэматыцы, звязанай з агульным гістарычным лёсам Польшчы і яе суседзяў, у тым ліку Беларусі.

Фонд Цэнтра Karta — найстарэйшая і найбуйнейшая няўрадавая арганізацыя ў Польшчы, якая займаецца гісторыяй ХХ стагоддзя: збірае архіўныя матэрыялы і публікуе іх у выглядзе шматлікіх кніг і ў часопісе Karta. Гісторыя Цэнтра Karta пачалася ў 1982 годзе з аднайменнага канспіратыўнага аб'яднання, створанага пасля ўвядзення ў ПНР ваеннага становішча.

Пра лёс бягучых і будучых праектаў я пацікавіўся ў кіраўніка аддзела асветы і інавацый Фонду Цэнтра Karta Аліцыі Ванцэж-Глюзы. Яна адзначае, што пашырэнне дзейнасці фонду ў апошнія гады суправаджалася павелічэннем выдаткаў на бягучыя патрэбы. Так, шмат намаганняў і сродкаў пайшло на добраўпарадкаванне Вітрыны Усходнееўрапейскага дома на пл. Канстытуцыі, 6 у Варшаве, якая стала месцам правядзення многіх інтэграцыйных і навуковых мерапрыемстваў як польскіх даследчыкаў, так і дзеячаў беларускай дыяспары, праваабаронцаў. Але фінансавыя праблемы могуць адбіцца на існаванні Вітрыны.

Аліцыя Ванцэж-Глюза, кіраўнік аддзела асветы і інавацый Фонду Цэнтра Karta:Тое, што мы стварылі ў чэрвені 2022 года Вітрыну Усходнееўрапейскага дома, стала ў нейкім сэнсе адказам на ліквідацыю ў Расіі праваабарончага цэнтра «Мемарыял”, нашых сяброў, з якімі мы супрацоўнічаем на працягу многіх гадоў. Потым нас падштурхоўвала да актывізацыі працы вайна ва Украіне. І мы прыйшлі да вываду, што ў Варшаве трэба стварыць такое месца, як гэта Вітрына. Але ў нас на гэта не было грошай. Аднак была неабходнасць. Бо тое, што мы робім, я маю на ўвазе нашу місію і задачы, — гэта рэакцыя на выклікі часу, якія мы прымаем, не задумваючыся часам, ці хопіць сродкаў. Але мы іх шукаем.

Я павінна сказаць, што тады, у 2022 годзе, у нас было абяцанне ад дзяржавы, што Вітрына Усходнееўрапейскага дома атрымае датацыю на сваё развіццё. І нават абмяркоўваўся канкрэтны бюджэт. Але дзяржава тады не справілася з гэтай задачай, і абяцаных грошай мы не атрымалі.

Тым часам Вітрына Усходнееўрапейскага дома стала ажыўленым месцам на карце Варшавы. Там шмат усяго адбываецца. Там сабраны вялізны беларуска-ўкраінска-расійскі архіў. Там кожны дзень адбываюцца розныя мерапрыемствы.

Але ў нас няма цяпер сродкаў на заробак супрацоўнікам, на арэндную плату, каб заплаціць за святло...

Нягледзячы на ​​тое, што Фонд Цэнтра Karta працуе перш за ўсё ў інтарэсах польскага грамадства, у значнай ступені яго дзейнасць падтрымлівалася замежнымі структурамі.

Аліцыя Ванцэж-Глюза:Да мая 2024 года ў нас былі сродкі ад замежных спонсараў, гэта значыць з-за меж Польшчы. Гэта былі гранты. Але мы не атрымалі абяцанага фінансавання ад Міністэрства культуры і нацыянальнай спадчыны Польшчы.

Але з мая ў нас больш няма праекту, звязанага з Вітрынай Усходнееўрапейскага дома, які б фінансаваўся. Выключэнне складаюць два невялікія гранты Міністэрства замежных спраў Польшчы, але яны не пакрываюць адміністрацыйных выдаткаў. Гэта сродкі на чыста архіўныя праекты, якія мы рэалізуем у гэтым памяшканні. Але за вялікае памяшканне няма чым плаціць і заробак супрацоўнікам таксама няма з чаго плаціць.

Але фінансавыя праблемы выкліканы не толькі выдаткамі на дзейнасць Вітрыны Усходнееўрапейскага дома. Шмат сродкаў выдаткоўваецца на выдавецкія праекты.

Аліцыя Ванцэж-Глюза канстатуе, што з часу пандэміі 2020 года назіраецца пэўны крызіс на кніжным рынку, што таксама закрануў Фонд Цэнтра Karta.

Аліцыя Ванцэж-Глюза:Мы выдаём усе нашы кнігі як на паперы, так і ў электронных версіях. І мы не хаваем, што ў нас сабраўся вялізны склад непрададзеных кніг. Я заклікаю набываць гэтыя кнігі праз наш сайт, нашу кнігарню.

Мы выдаём шмат — каля 20 кніг у год. Нашы выданні грунтуюцца на крыніцах, якія сабраны і захоўваюцца ў архіве Фонду Цэнтра Karta. Гэта ўспаміны, дакументы, адным словам, першакрыніцы. Мы часта паказваем гісторыю праз жыццёвы вопыт асобных людзей, выкарыстоўваючы іх асабістыя дзённікі, фатаграфіі і г.д. Гэта значыць, што тая гісторыя, якую мы выкладаем, — жывая. Мы робім свайго роду мантаж многіх сведчанняў, з усіх магчымых пунктаў гледжання. Гэтая шматперспектыўнасць і характарызуе нашы выданні. Мы даём голас кожнаму, усім героям падзей, абодвум бакам «барыкады».

Мы спрабуем данесці да грамадскасці гісторыю такой, якой яна была. Таму і выдаём шмат кніг. Але часам падрыхтоўка іх да выхаду ў свет абыходзіцца значна даражэй, чым мы мяркуем.

Кіраўнік аддзела асветы і інавацый Фонду Цэнтра Karta звяртае ўвагу на важнасць яго дзейнасці ў кантэксце гістарычнай палітыкі РП.

Аліцыя Ванцэж-Глюза:Калі гаварыць пра нашы даследаванні савецкіх рэпрэсій у адносінах да грамадзян Польшчы, то мы гэтым займаемся 20 з лішнім гадоў. І ў нейкай ступені выконваем тую працу, якую павінна рабіць дзяржава. Мы задакументавалі, што адбывалася з польскімі грамадзянамі падчас Другой сусветнай вайны на тэрыторыях Савецкага Саюза і пад нямецкай акупацыяй. Мы гэта рабілі, бо лічылі, што гэта тое, што проста неабходна.

А падчас ваеннага становішча, калі мы пачыналі сваю працу, мы працавалі супраць дзяржавы (г.зн. ПНР. — Рэд.). Інакш кажучы, мы невялікая арганізацыя, якая займаецца буйнымі праблемамі. Але, на жаль, на дзяржаву мы не заўсёды можам разлічваць, таму цяпер разлічваем на грамадства.

Аліцыя Ванцэж-Глюза расказала, што за апошнія тыдні дзякуючы дапамозе грамадскасці на рахункі Фонд Цэнтра Karta паступіла больш за 270 тыс. злотых. А ўсяго патрэбна 2 млн злотых да канца гэтага года.

Аліцыя Ванцэж-Глюза:Мы дзякуючы ахвяраванням аплацілі тэрміновыя рахункі, якія пагражалі нам катастрофай, як, напрыклад, у фонд сацстрахавання. З Упраўленнем сацстрахавання (ZUS) мы падпісалі дагавор аб растэрміноўцы плацяжоў, доўг па якіх са студзеня па чэрвень вырас да 600 тысяч злотых. У цяперашні момант гэтая сума крыху скарацілася.

Таксама трэба плаціць за памяшканні ў Варшаве: за галоўнае — на вул. Нарбута, 29, дзе знаходзяцца офіс, рэдакцыя, выдавецтва і кнігарня; за памяшканне архіва на алеі Непадляглосці; за Вітрыну Усходнееўрапейскага дома. За ўсё трэба плаціць.

Фонд Цэнтра Karta разлічвае на тое, што яго падтрымаюць у цяжкую хвіліну не толькі прыватныя спонсары, але і дзяржструктуры. А пакуль што кожны можа ахвяраваць на дзейнасць навукова-асветнай установы па спасылках:

https://karta.org.pl/uratuj-karte

karta.org.pl/wesprzyj-nas

patronite.pl/karta

Віктар Корбут

Слухайце аўдыё

Больш на гэтую тэму: Варшаўскі мост

Выдавецтва фонду Ośrodek Karta: Беларусь і Украіна — нашы самыя блізкія суседзі

27.10.2022 15:57
Вопыт Польшчы неацэнны для аналізу сучасных праблем Украіны і Беларусі.