Беларуская Служба

Польскі відэаблогер: Савецкі бульдозер праехаў праз Гродна

11.07.2019 10:05
Палякі лічаць Гродна чысцейшым за Неапаль, але ездзяць у Беларусь радзей, чым у Егіпет.
Аўдыё
  • А.Е.Вяжбіцкі пра відэаблогі аб Беларусі
НавагрудакPixabay.com

Студэнт Варшаўскага ўніверсітэта Альберт Ежы Вяжбіцкі вывучае беларускую мову і падарожнічае па Беларусі. Заадно здымае там відэаролікі. Але разам з тым цікавіцца тым, якія фільмы ствараюць іншыя вандроўнікі. Усё гэта разам падштурхнула маладога чалавека да навуковага даследавання ролікаў польскіх відэаблогераў.

Альберт Ежы Вяжбіцкі вывучае нетры інтэрнэта і ютуба ў прыватнасці і высветліў, што самым першым польскім відэаблогерам, які адправіў на ютуб ролік пра Беларусь, быў Міхал Сікорскі. Першы яго беларускі відэаролік «Białoruś — jak tam jest naprawdę?» з’явіўся ў верасні 2015 года. І цяпер у гэтага фільма больш за мільён праглядаў. Другі фільм «Białoruś bez wizy» з’явіўся ў сацсетцы ў снежні 2016 года і сабраў амаль 400 тысяч праглядаў. У верасні 2018 года Міхал Сікорскі стварыў чарговы ролік пра сваё падарожжа ў Беларусь «Białoruś — kraj bez turystów?», які налічвае цяпер 200 тысяч праглядаў. Другім польскім відэаблогерам, які зацікавіўся Беларуссю, стаў сам Альберт Ежы Вяжбіцкі: «З верасня 2018 года я апублікаваў на сваім канале ў ютубе 14 фільмаў пра Беларусь. Колькасць праглядаў вагаецца ад 2 да 70 тысяч. Яшчэ адзін падарожнік, які наведаў Беларусь, хаваецца пад псеўданімам Marian na świecie. Ён апублікаваў два фільмы аб падарожжах ў Беларусь. Адзін з іх быў зняты ў Брэсце ў сакавіку 2018 года, другі — у Гродне ў лютым 2019-га. Колькасць праглядаў ролікаў — 17 тысяч кожны. Chłopaki w podróży ў верасні 2018 года апублікавалі ролік «Jedź na Białoruś, zanim to będzie modne», які пабачылі больш за 125 тысяч чалавек. Відэаблогер Historia w 5 minut у лістападзе 2016 года апублікаваў ролік «Białoruś. Historia w 10 minut. Państwa Europy», які мае ўжо 400 тысяч праглядаў. The Emigrants у снежні 2016 года апублікаваў відэа «20 faktów o Białorusi», якое налічвае больш за 200 тысяч праглядаў.

«Ёсць такая краіна, які знаходзіцца побач з намі, якая блізкая нам па культуры, менталітэце, з якой у нас не было ніводнага гістарычнага канфлікту, якая ўнесла многа ў нашу культуру, а мы — у яе, з якой у той жа час мы не падтрымліваем адносін. Гэта краіна ляжыць побач, а быццам вельмі далёка. Гэта краіна — Беларусь», — гэтымі словамі Міхал Сікорскі пачынае свой першы ролік пра Беларусь. Паводле статыстыкі толькі 1% палякаў, які выязджаюць за мяжу, выбіраюць Беларусь як месца свайго адпачынку. Для параўнання, у Харватыю з’ездзіла 13%, у Чэхію 7%, а ў Егіпет 4% палякаў.


Альберт Ежы Вяжбіцкі каля замка ў Міры (Беларусь). Альберт Ежы Вяжбіцкі каля замка ў Міры (Беларусь).

Польскія відэаблогеры ў Беларусі вельмі часта адзначаюць якасць дарог. Прычына гэтага захаплення, на маю думку, — агульнае перакананне сярод палякаў, што Беларусь гэта бедная краіна, дзе ўсё развальваецца. У інтэрнэце даволі часта мы знаходзім каментарыі, дзе бедныя рэгіёны, вёскі ўсходняй Польшчы (асабліва Падляшша) параўноўваюць з Беларуссю, наўрад ці, каб пахваліць іх выгляд. Ва ўсіх відэароліках дарогі ў Беларусі характарызуюцца як чыстыя, з роўнай паверхняй і як узор для польскіх дарог.

Тэма, якая таксама закранаецца польскімі відэаблогерамі, — гэта чысціня гарадоў Беларусі. А самай цікавай тэмай у польскіх роліках пра Беларусь з’яўляецца яе савецкая спадчына. У Польшчы пасля распаду Савецкага Саюза і выхаду краіны з яго сферы ўплыву, помнікі таго часу, у пераважнай большасці, былі знесены. Калі польскія відэаблогеры хочуць падкрэсліць тое, што найбольш адрознівае Беларусь ад Польшчы, яны ў першую чаргу выкладваюць у інтэрнэт відэа савецкіх помнікаў. Міхал Сікорскі тлумачыць палякам, што разглядаць сутнасць гэтых помнікаў у Беларусі трэба інакш, чым яны разглядаліся б у Польшчы, бо ў беларусаў іншыя ўспаміны пра камунізм, больш пазітыўныя. Аўтары відэа адзначаюць уплыў савецкіх часоў на архітэктуру гарадоў Беларусі. Marian na świecie кажа пра Гродна: «Савецкі бульдозер праехаў праз гэты горад, ствараючы яго непаўторны выгляд. Мы не знойдзем іншага такога горада».

Відэаблогеры не пакідаюць па-за ўвагай сляды супольнай польска-беларускай гісторыі ў Беларусі. Напрыклад, Marian na świecie паказвае ў Брэсце польскі надпіс на адной з крам, які застаўся з часоў даваеннай Польшчы. Таксама часта ўпамінаецца Адам Міцкевіч і яго сувязі з Беларуссю. Наколькі ў Польшчы ведаюць, што Міцкевіч пісаў пра сваю родную Літву, так, мабыць, не ўсім вядома, што Навагрудак, дзе ён нарадзіўся, знаходіцца ў межах Беларусі. Чарговай супольнай часткай гісторыі нашых краін з’яўляецца гісторыя яўрэяў, пра што гаворыць Marian na świecie. Міхал Сікорскі адзначае, што ў Заходняй Беларусі захоўваецца польская спадчына, але, на жаль, забытая палякамі, у той жа час беларусы не ўспрымаюць яе як сваю».

Віктар Корбут

Больш на гэтую тэму: Варшаўскі мост