Сёння я запрашаю ў Музей рамантызму. Установа дзейнічае з 1961 года ў вёсцы Апінагура (Opinogóra) на Мазовіі ў 74 кіламетрах ад Варшавы. Музей складаецца з некалькіх аб’ектаў, размешчаных на тэрыторыі парка памерам амаль у 22 гектары.
Найстарэйшымі аб’ектамі музея з’яўляецца неагатычны невялікі палац з 1840-х гадоў, у якім знаходзіцца пастаянная выстава, прысвечаная Зыгмунту Красіньскаму, а таксама неагатычны будынак флігелю, у якім ладзяцца часовыя выставы. У 2008 годзе паводле 100-гадовага праекту ў парку быў пабудаваны палацык. Цяпер у ім можна паглядзець выставу „Польскі жывапіс эпохі рамантызму” і выставу, звязаную з часамі Напалеона Банапарта.
Неагатычны будынак флігелю, Апінагура. By Bazie - Praca własna, CC BY-SA 3.0 pl, https://commons.wikimedia.org/w/index.php?curid=21107805
Рамантычны палацава-паркавы комплекс у вёсцы Апінагура неразлучна звязаны з жыццём і творчасцю Зыгмунта Красіньскага (Zygmunt Krasiński). Ён лічыцца адным з найважнейшых помнікаў архітэктуры ў Польшчы. Кожны год дзясяткі тысяч турыстаў з Польшчы і замежжа захапляюцца ягонай незвычайнай атмасферай, гуляюць па тых жа дарожках, па якіх шпацыраваў вядомы польскі пісьменнік і паэт.
Хоць Зыгмунт Карасіньскі нарадзіўся ў Парыжы, то быў цесна з’вязаны з мясцовым маёнткам, паколькі правёў тут дзяцінства і юнацтва.
Музей рамантызму ў Апінагуры - гэта перш за ўсё амаль 22 гектары парку ў англійскім стылі, больш за тысяча старых дрэваў і сажалкі. У парку знаходзіцца неагатычны невялікі замак – шлюбны падарунак, які ў 1843 годзе паэт атрымаў ад бацькі – генерала Вінцэнта Красіньскага. Тут знаходзіцца таксама адзіны ў Польшчы помнік Зыгмунту Красінькаму з 1989 года аўтарства Мечыслава Вэльтэра (Mieczysław Welter). У парку можна прысесці таксама на лавачцы з мармуру, якую ў 1832 годзе паэту падаравала яго першая муза Амелія Залуска (Amelia Załuska). Паводле павер'я, хто сядзе на лавачцы, то неўзабаве закахаецца. Дарэчы, у парку знаходзіцца яшчэ некалькі каменных крэслаў, лавачак і сталоў – характэрных рамантычнаму стылю.
Неагатычны невялікі палац, Апінагура. By Semu - Praca własna, CC BY-SA 4.0, https://commons.wikimedia.org/w/index.php?curid=5538910
На ўскраіне парку знаходзіцца неакласычны касцёл, пабудаваны ў 1874-1875 гадах. У яго склепе пахаваныя прадстаўнікі сям’і Красіньскіх, у тым ліку Зыгмунт. Унутры святыні можна ўбачыць некалькі каштоўных твораў мастацтва, у тым ліку надмагільны помнік Марыі Красіньскай, у дзявоцтве Радзівіл, маці паэта.
У Музеі рамантызму знаходзіцца шмат цікавых экспанатаў. У тым ліку сумка, якую казакі забралі Напалеону падчас яго пераправы праз Бярэзіну, партрэт Зыгмунта Красіньскага аўтарства яго жонкі Элізы Браніцкай (Eliza Branicka), генеалагічнае дрэва сям’і Красіньскіх, багатая бібліятэка з першымі выданнямі твораў паэта, а таксама яго лістамі й калекцыяй графікаў і мапаў.
Цікавай з’яўляецца гісторыя будаўніцтва маёнтка Касіньскіх. На пачатку XX стагоддзя сямейны дом Красіньскіх у Апінагуры быў разабраны. Неўзабаве пасля гэтага ўнук Зыгмунта, таксама паэт, Адам Красіньскі абвясціў конкурс на праект новага будынка. Конкурс выйграў архітэктар Юзаф Галэнзёўскі (Józef Gałęziowski). Аднак з-за смерці Адама рэалізацыя праекту не пачалася. У 2004 годзе муніцыпальныя ўлады вырашылі пашырыць музейны комплекс, выкарыстоўваючы менавіта праект Галэнзёўскага. Такім чынам, 11 верасня 2008 году, то бок праз 100 гадоў пасля абвяшчэння выніку конкурсу на праект новай сядзібы сям’і Красіньскіх, новы будынак здадзены ў эксплёатацыю. Сёння ў ім можна ўбачыць калекцыю выяўленчага мастацтва, у тым ліку карціны Аляксандра Герымскага (Aleksander Gierymski).
Не менш важным элементам палацава-паркавага комплексу з’яўляецца двухпавярховая аранжарэя, у якой цяпер размяшчаецца канцэртна-тэатральна-выставачны цэнтр. Пачынаючы з 1970 году ў Апінагуры кожную другую нядзелю месяца адбываюцца канцэрты класічнай музыкі.
Музей рамантызму ў Апінагуры – гэта асаблівае месца на культурніцкай мапе Мазовіі. Гэтае месца прыцягвае не толькі цікавай калекцыяй, звязанай з сям’ёй Красіньскіх і часамі Напалеона, але таксама выключным палацава-паркавым комплексам.
Музей праводзіць шырокую выставачную і асветніцкую дзейнасць, арганізуе канцэрты класічнай музыкі, паэзіі, навуковыя заняткі, музейныя ўрокі, конкурсы, публікуе рэкламныя матэрыялы, каталогі й даведнікі.
Наведвальнікі Музея рамантызму ў Апінагуры згодныя з тым, што гэта адно з найбольш рамантычных месцаў у Мазовіі.
аз