26 ліпеня польскія студэнты і выкладчыкі з г. Катавіцэ запрашаюць на вернісаж выставы плакатаў з нагоды 1000-годдзя Брэста «Cześć Brześć!» Вернісаж адбудзецца ў 16:30 у выставачнай залі Брэсцкага абласнога грамадска-культурнага цэнтра (вул. Савецкая, 54, Брэст), паведамляе польскае консульства ў Брэсце.
Ідэя выставы студэнцкага плаката з нагоды 1000-годдзя Брэста нарадзілася год таму, калі па запрашэнні Генеральнага консульства РП у Брэсце Акадэмія мастацтваў у Катавіцэ прэзентавала тут архіўную выставу дасягненняў стваральнікаў плаката з Сілезіі. І ўжо праз год удалося арганізаваць для жыхароў Брэста новую выставу, якая ўпісваецца ў святкавання 1000-годдзя гораду.
На гэты раз вынікі сваёй творчасці прадставяць маладыя плакатысты – студэнты Акадэміі мастацтваў у Катавіцэ. Работы былі створаны ў Майстэрні вобразу, рэкламы і візуальнай ідэнтыфікацыі і ў Майстэрні плаката гэтай ВНУ.
Задзірысты вокрык «Cześć Brześć!», які стаў назвай выставы, быў запазычаны з аднаго з плакатаў. Бо менавіта ён найбольш адлюстроўвае тэмперамент і радасць стварэння маладымі людзьмі сумеснай выставы.
Студэнцкія плакаты аб Брэсце былі заснаваныя на шматкультурным характары гэтага гораду, які ляжыць на мяжы, і, як піша доктар навук Марыян Славіцкі ў размешчаным у каталогу выставы тэксце, – «на мяжы, якая аб'ядноўвае». «Плакаты, распрацаваныя студэнтамі Акадэміі мастацтваў, раскрываюць гістарычныя зменлівасці, культурнае змешванне, якія ствараюць ідэнтычнасць гораду на працягу стагоддзяў».
Уваход вольны. Выстава будзе доўжыцца да 11 жніўня 2019 г.
ав