Беларуская Служба

У Музеі Варшаўскага паўстання пачала працу ўнікальная інтэрактыўная выстава

31.07.2019 12:22
Дзякуючы адмысловаму прыстасаванню, якое скануе твар наведвальніка, кожны можа праверыць, да каго з паўстанцаў ён найбольш падобны.
    .
Кадр з рэкламнага роліка выставы.Музей Варшасўкага паўстання

З аўторку ў Музеі Варшаўскага паўстання працуе інтэрактыўная выстава «Адлюстраванне. Я падобны на цябе, напэўна». Дзякуючы адмысловаму прыстасаванню, якое скануе твар наведвальніка, кожны можа праверыць, да каго з паўстанцаў ён найбольш падобны, і пазнаёміцца з яго гісторыяй.

У базе выставы знаходзіцца каля 700 твараў варшаўскіх паўстанцаў, разам з інфармацыяй пра іх атрад і раён, у якім яны змагаліся. Большасць твараў, якія знаходзяцца на выставе, належаць не распазнаным да гэтага часу ўдзельнікам.

Паводле дырэктара музею Яна Алдакоўскага, адной з мэтаў інтэрактыўнай выставы з’яўляецца спроба заахвоціць наведвальнікаў адкрываць гісторыю самастойна. Ён дадаў, што дагэтуль не вядома, хто дакладна знаходзіцца на больш як 70% здымкаў, якія паходзяць з Варшаўскага паўстання.

- Здаецца, што мы ведаем усё, што паўстанне было нядаўна, колькі ў ім змагалася чалавек, якія пасля напісалі дзённікі і ўспаміны. У той жа час аказваецца, што больш за 70% здымкаў па сёння не распазнаныя.

Выстава ўзнікла з нагоды 75-й гадавіны выбуху Варшаўскага паўстання. Яе можна будзе глядзець на працягу году.

ав

Больш на гэтую тэму: Агляд падзей культуры