Беларуская Служба

У Мінску адкрылася выстава, прысвечаная Івану Луцкевічу

21.08.2019 12:11
Наведаць выставу, прысвечаную вядомаму грамадскаму дзеячу, можна будзе да 11 верасня 2019 года.
    .
Браты Луцкевічы і Аляксандр Уласаў.Аўтар: невядомы - http://brama.brestregion.com/nomer19-20/artic32.shtml, Грамадскі набытак, https://commons.wikimedia.org/w/index.php?curid=22887644

20 жніўня ў Дзяржаўным літаратурным музеі Янкі Купалы адбылося адкрыццё выставы «У народ і край свой толькі веру». Праект падрыхтаваны да 100-годдзя з дня смерці вядомага грамадскага дзеяча, палітыка, археолага Івана Луцкевіча, паведамляе «Наша Ніва» са спасылкай на прэс-службу музея.

Упершыню ў Беларусі ў межах асобнай выставы адлюстраваны шлях Івана Луцкевіча, які з’яўляецца прыкладам самаахвярнага служэння сваёй Радзіме.

Старэйшыя браты Луцкевічы адыгралі важную старонку ў жыцці Янкі Купалы. Менавіта Іван і Антон Луцкевічы запрасілі паэта на працу ў рэдакцыю газеты «Наша Ніва», тым самым далучылі яго да беларускага руху. Малодшы брат Стэфан уратаваў ягонае жыццё, аказаўшы першую медыцынскую дапамогу, калі Пясняр учыніў спробу самагубства ў лістападзе 1930 года падчас сталінскіх рэпрэсій.

Зборы знакамітых слуцкіх паясоў, рыцарскія даспехі і іншыя рарытэты Івана Луцкевіча дазволілі заснаваць знакаміты «Беларускі музей», фонды якога пасля расфарміравання ў пасляваенны час склалі аснову многіх музейных калекцый Беларусі і Літвы. У гэтым музеі ацалелі рукапісныя зборнікі Янкі Купалы «Паўлінка», «Сон на кургане», «Шляхам жыцця», яны таксама прадстаўленыя на экспазіцыі.

У межах выставы прадстаўлены матэрыялы са збораў Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы, Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва, Грамадскай арганізацыі «Беларускі музей імя Івана Луцкевіча» (Вільня, Літва). Рэалізацыя праекта стала магчымай дзякуючы Пасольству Літоўскай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь.

Таксама на выставе ўпершыню дэманструюцца асабістыя рэчы Івана Луцкевіча з прыватнага архіва сям’і.

У межах адкрыцця выставы 20 жніўня адбылося асвячэнне памятнага каменя на колішняй сядзібе Луцкевічаў у парку Янкі Купалы.

Вечар памяці Івана Луцкевіча завершыўся Святой Імшой у касцёле Святога Роха на Залатой горцы.

Выставачны праект адрасаваны наведвальнікам розных катэгорый. Для арганізаваных груп пры папярэднім запісе будуць праведзены тэматычныя экскурсіі. Наведаць выставу можна да 11 верасня 2019 года.

аз