Беларуская Служба

Прапаўшая падчас вайны карціна вярнулася ў музей у Варшаве

11.09.2019 10:11
Лёс карціны Марціна Залескага „Інтэр'ер Міланскага сабора” быў невядомы з канца Варшаўскага паўстання.
Аўдыё
  • Прапаўшая падчас вайны карціна вярнулася ў музей у Варшаве.
     .
Карціна Марціна Залескага „Інтэр'ер Міланскага сабора”. PAP/Wojciech Olkuśnik

Карціна Марціна Залескага (Marcin Zaleski) „Інтэр'ер Міланскага сабора”, якая знікла падчас Другой сусветнай вайны, вярнулася ў Нацыянальны музей у Варшаве. Лёс мастацкага твора быў невядомы з канца Варшаўскага паўстання.

Ва ўрачыстай цырымоніі прыняў удзел віцэ-прэм'ер, міністр культуры і нацыянальнай спадчыны Пётр Гліньскі (Piotr Gliński). Міністр адзначыў, што паводле прыкладных дадзеных, падчас Другой сусветнай вайны было знішчана альбо выкрадзена з Польшчы звыш паўмільёна твораў мастацтва і помнікаў гісторыі.

- У Міністэрстве культуры і нацыянальнай спадчыны ёсць база дадзеных з 64 тысяч апісаных аб'ектаў. Больш за дзесяць аб'ектаў маюць фотадакументацыю. За апошнія чатыры гады Польшчы ўдалося вярнуць назад 500 аб'ектаў.

Міністр дадаў, што сам працэс вельмі складаны.

- Маштаб страт, а таксама пазіцыя шматлікіх інстытутаў і краін, проста незразумелыя. Захопнікі, якія знішчылі або скралі нашыя творы мастацтва, надалей не хочуць з намі супрацоўнічаць.

Карціна „Інтэр'ер Міланскага сабора” Марціна Залескага хутчэй за ўсё знаходзілася ў музеі да пачатку Варшаўскага паўстання. У студзені 2018 года ў Міністэрства культуры і нацыянальнай спадчыны паступіла інфармацыя, што твор знаходзіцца ў венскім аўкцыённым доме.

Калекцыя Нацыянальнага музея налічвае ўжо сорак карцін Марціна Залескага, вядомага мастака XIX стагоддзя. Працэс вяртання твору мастацтва падтрымала Асацыяцыя сябраў Нацыянальная музея ў Варшаве.

Карціну можна будзе ўбачыць у Нацыянальным музеі з сённяшняга дня. Яна будзе вісець побач з іншай карцінай Марціна Залескага - „Касцёл ордэну Піяраў на плошчы Красіньскіх”.

аз

Больш на гэтую тэму: Агляд падзей культуры