Беларуская Служба

«Польская мова без межаў»: каб вывучыць мову, спачатку неабходна пазнаёміцца з культурай

14.09.2019 15:21
«Польская мова – адна з самых папулярных моў Еўрасаюза; гэта другая ці трэцяя самая распаўсюджаная славянская мова ў свеце».
Аўдыё
  • У сённяшняй праграме з цыкла «Польская мова без межаў» раскажам пра ролю польскай культуры ў вывучэнні польскай мовы як замежнай

У сённяшняй праграме з цыкла «Польская мова без межаў» раскажам пра ролю польскай культуры, у тым ліку папулярнай, у вывучэнні польскай мовы як замежнай. Мы запрасілі ў студыю намесніка дырэктара Цэнтра польскай мовы і польскай культуры Polonicum Варшаўскага ўніверсітэта, доктара гуманітарных навук Пятра Каяка. Цэнтр Polonicum займаецца выкладаннем польскай мовы як замежнай для іншаземцаў.

Пётр Каяк лічыць, што вывучэнне польскай мовы па-за культурным кантэкстам немагчымае, бо цяжка вывучаць граматычныя канструкцыі, калі нічога не вядома пра краіну паходжання мовы.

- На шчасце ці на няшчасце, у залежнасці ад пункту гледжання, польская мова адносіцца да групы, якую амерыканцы называюць мовамі, што радзей вывучаюцца. У далёкім Кітаі вывучэнне польскай мовы таксама лічыцца вывучэннем рэдкай мовы ці мовы меншасцяў. Нам, палякам, цяжка гэта ўспрымаць, таму што мы прывыклі думаць пра сваю культуру і пра сваю мову як пра галоўныя рэчы. Аднак нам варта ўзяць пад увагу колькасць людзей, якія размаўляюць на польскай мове.

У Польшчы гэта каля 40 мільёнаў. Мы можам спрачацца наконт таго, колькі людзей польскага паходжання жыве ў свеце. Мне здаецца, што самым аўтарытэтным з'яўляецца даследаванне польскіх філолагаў з Варшаўскага ўніверсітэта. Паводле іх ацэнак, гэта каля 15 мільёнаў, можа, крыху больш. У параўнанні з колькасцю людзей, якія размаўляюць на іспанскай, рускай, англійскай, французскай ці нямецкай, мы можам зразумець маштаб пытання. Гэтыя дадзеныя сведчаць пра тое, у якім кантэксце варта разглядаць нашу мову. З іншага боку, трэба памятаць аб тым, што прэстыж польскай мовы расце. Гэта адна з самых папулярных моў Еўрапейскага Саюза. Гэта другая ці трэцяя самая распаўсюджаная славянская мова ў свеце. Зразумела, руская – найбольш папулярная мова, але ёсць пытанне, ці больш людзей размаўляе на ўкраінскай, ці на польскай мове. 

Каб абмеркаваць вывучэнне моў не толькі з экспертамі, але і з грамадзянамі, якія самі сутыкаліся з гэтымі пытаннямі, мы запрасілі журналістку Агату Левандоўску, якая апошнія 30 гадоў жыве ў Берліне. 

- Калі больш за 30 гадоў таму назад я выязджала з Польшчы, то вельмі хацела вывучаць прыкладную лінгвістыку. Тады гэта можна было вывучаць толькі на двух факультэтах у Польшчы: у Варшаве і ў Кракаве. Вывучэнне мовы праз прызму культуры – гэта практычнае вывучэнне мовы, у той час як філалогія – гэта тэарэтычнае вывучэнне мовы.

Мае дзеці нарадзіліся ў Нямеччыне і вучылі там польскую мову. Я дагэтуль удзячная польскім настаўніцам у вячэрніх школах, таму што яны вучылі не толькі мове. Перш за ўсё яны расказвалі пра краіну, пра культуру, таму што вывучэнне мовы – гэта знаёмства з новай культурай. Польская мова для маладых палякаў, якія пражываюць за мяжой – гэта перш за ўсё культура. Яны адначасова вывучаюць культуру і мову, набліжаючыся такім чынам да Польшчы. Вывучаючы мову і знаёмячыся з культурай, яны пачынаюць усё лепш разумець, чаму іх бацькі думаюць так, а не інакш, паступаюць менавіта такім чынам, чаму слухаюць такую музыку і чытаюць такія кнігі. Яны разумеюць нашу культуру і становяцца яе часткай. 

Пры вывучэнні польскай мовы неабходна выкарыстоўваць веды пра культуру гэтай краіны. Пытанне ў тым, як гэта рабіць? Адказвае Пётр Каяк.

- Да вывучэння мовы людзей трэба прыцягваць польскай культурай. Выдатнымі прыкладамі зʼяўляюцца Японія, Карэя і Кітай. Упершыню Японія зацікавілася Польшчай яшчэ ў часы Польскай Народнай Рэспублікі. Пасля 1989 году наша жыццё змянілася. Мы сталі менш цікавіць японцаў, таму што мы сталі звычайнымі прадстаўнікамі Захаду. У той перыяд карэйцы пачалі інвеставаць у Польшчу, яны пачалі цікавіцца польскай эканомікай.

Цяпер склаліся вельмі добрыя польска-кітайскія адносіны. Шмат маладых людзей прыняло рашэнне аб вывучэнні польскай мовы і літаратуры ў сувязі з эканамічным супрацоўніцтвам, будучым патэнцыялам, перспектывай атрымання добрай пасады і зарплаты. Аднак шмат маладых людзей прымае рашэнне аб адукацыі пад уплывам нейкага імпульсу. У выпадку з Кітаем такім імпульсам сталі кампʼютарная гульня «Вядзьмак», Фрыдэрык Шапэн, Марыя Складоўская-Кюры і іншыя вядомыя прадстаўнікоў нашай культуры. Яны заахвоцілі маладое пакаленне вывучаць польскую мову.

Чытанне кніг у арыгінале – гэта старая як свет методыка вывучэння замежнай мовы, але яна ўсё яшчэ працягвае заставацца эфектыўнай. Аднак Пётр Каяк адзначае, што яна падыдзе не кожнаму.

- Усё залежыць ад чалавека, ад яго характару. Ёсць людзі, якія лічаць, што кніжка – гэта лепшае, што прыдумаў чалавек. Ёсць жа людзі, якія ніколі не чыталі кніг. Мы ж павінны вучыць мове і першага чалавека, і другога. Аднак калі хто-небудзь хоча на інтэлектуальным узроўні гаварыць на замежнай мове, то гэтаму чалавеку прыйдзецца чытаць, глядзець, слухаць. Мы глыбока верым у тое, што чытанне спрыяе таму, што мозг рэагуе інакш на выклікі, якія зʼяўляюцца перад ім падчас размовы на замежнай мове.

А як рэагуе наш мозг на папулярную культуру?

- Перш за ўсё мы абуджаем нашы эмоцыі. Сёння, як мне здаецца, моладзь не можа пражыць без музыкі ні хвіліны. У метро можна назіраць за тым, як кожны стаіць у навушніках. Уявіце, як я задаволены, калі мае замежныя вучні ў свае плэйлісты дадаюць, напрыклад, польскія песні. Калі мы гаворым толькі аб песнях, то давайце паглядзім на шлях, які прайшоў джаз. Калісьці ён быў музычным стылем, які ўспрымаўся як гнілы, непрыстойны, капіталістычны. Сёння ж людзі, якія слухаюць джаз, вельмі блізкія да тых, хто слухае класічную музыку. Трэба разумець, што сучасная папулярная культура – гэта вялікая крама з мноствам паліц, некаторыя з якіх – вышэй, некаторыя – ніжэй. Цяжка нагнуцца да нейкіх рэчаў, але яно таго варта. А ёсць такія, якія знаходзяцца на ўзроўні нашых вачэй, грудной клеткі і іх лёгка заўважыць.

Цыкл «Польская мова без межаў» часткова фінансуецца Фондам «Дапамога палякам на Ўсходзе» у рамках ажыццяўлення апекі Сенатам Польшчы над польскай дыяспарай і палякамі за мяжой.

Эва Плісецка/вс

слухайце аўдыё

Больш на гэтую тэму: Польская мова без межаў