У Пастанове Савета Міністраў БССР ад 11 мая 1957 г. «Аб удакладненні і частковых зменах існуючага беларускага правапісу» прапанавалася зацвердзіць «Праект удакладнення і частковых змен беларускага правапісу», падрыхтаваны Інстытутам мовазнаўства імя Якуба Коласа Акадэміі навук БССР. Гэты праект датычыў правапісу ненаціскных галосных о, э, правапісу зычных гукаў д, т і дз, ц, напісання раздзяляльнага апострафа і мяккага знаку, падаўжэння зычных, правапісу складаных слоў ды розных зменаў у марфалогіі.
Прапанавалася:
- ненаціскныя галосныя о і э перадаваць праз а незалежна ад паходжання слова (гандаль, камуніст, літаратура); аканне адлюстроўвалася таксама ў канцы запазычаных слоў (брута, нета, інкогніта), з выключэннем такіх, у якіх гэтыя галосныя стаялі пасля галоснага гука (адажыо, трыо, але радыё); аканне ўводзілася таксама ва ўласных назвах (Дзяніс, Някрасаў, Шаўчэнка). Ян Станкевіч крытыкаваў рэфарматараў беларускай мовы за ўвядзенне расійскіх мужчынскіх імёнаў на -ій: Афанасій, Васілій і ветлівых зваротаў па бацьку: Афанасьевіч, Васільевіч, Юр’евіч. Беларускія імёны павінны заканчвацца цвёрдым альбо мяккім зычным гукам (Апанас, Аркадзь, Васіль, Клім, Пракоп, Рыгор), а звароты па бацьку ўвогуле нехарактэрныя беларускай мове;
- у словах іншамоўнага паходжання рэкамендавалася д і т вымаўляць мякка і ў сувязі з гэтым на пісьме перадаваць іх праз дз, ц: акцёр, гвардзеец, камандзір, індзейскі; у імёнах, прозвішчах і геаграфічных назвах прапанавалася ўзалежніць гэты правапіс ад беларускага літаратурнага вымаўлення;
- апостраф прапанавалася пісаць пасля прэфіксаў, закончаных зычным гукам у становішчы перад ётавымі ды ў сярэдзіне слова пасля губных зычных, заднеязычных і зацвярдзелых зычных перад такімі ж галоснымі; ва ўсіх іншых выпадках – раздзяляльны мяккі знак;
- русіфікавалася напісанне і вымаўленне прыставачнага з перад ётавымі ды прапанавалася цвёрдае вымаўленне (з’езд, раз’юшаны) замест мяккага (зьезд, разьюшаны);
- пры падоўжаным вымаўленні зычны гук, які стаіць паміж галоснымі, на пісьме перадаваўся праз падваенне яго (збожжа, ноччу), але з выключэннем вытворных ад слова ліць, напр. налью, а таксама з пэўнымі выключэннямі ва ўласных назвах;
- правапіс складаных слоў быў узалежнены ад месца націску: складаныя словы з націскам на першым складзе другой часткі прапанавалася пісаць так, як простыя словы. Калі ў другой частцы складанага слова націск падае не на першы склад, тады ў першай частцы паяўляецца пабочны націск і пад ім аднаўляецца этымалагічнае о.
Сярод марфалагічных асаблівасцяў варта адзначыць:
- пашырэнне канчатка -у ў родным склоне на ўсе назоўнікі мужчынскага роду, якія абазначаюць рэчывы (алюмінію, вугалю, мёду, цукру),
- увядзенне для 1 асобы множнага ліку дзеясловаў абвеснага ладу канчатка -ом на месца ранейшага -эм (бяром, нясём, а не бярэм, нясем), як было раней, хаця б у 1920-х гадах.
Рэформа 1957 г. у пэўнай, вельмі нязначнай ступені накіроўвала беларускую мову ў бок беларускасці. Большыя змены ў карысным напрамку назіраліся ў галіне лексікі.
І апошнія «Правілы беларускай арфаграфіі і пунктуацыі», зацверджаныя Законам Рэспублікі Беларусь ад 23 ліпеня 2008 г., уступілі ў сілу з 1 верасня 2010 г. Вядомы шэраг публікацый аўтарства Змітра Саўкі, змешчаных на старонках часопіса „Arche” (напр. Правілы левапісу, або Што нас чакае, калі новая рэдакцыя «Правілаў беларускага правапісу і пунктуацыі» стане афіцыйным дакументам), у якіх крытычна паставіўся да многіх запрапанаваных правілаў.
Асноўныя правапісныя змены датычаць:
- акання ў спалучэнні -і + галосны ў словах іншамоўнага паходжання (адажыа, трыа, Токіа, але радыё). З. Саўка адзначае, што штучна спараджаецца міжмоўная аманімія ў дзясятках слоў праз супадзенне арыгінальнай формы жаночага роду і беларускай формы мужчынскага роду ва ўласных імёнах: Antonia (яна) – Антоніа (ён);
- акання ў канцавым спалучэнні галосны + ненаціскны о (Ватэрлоа, Маа). Паводле З. Саўкі, гэта вядзе да страты фанетычнай сувязі з зыходнай формай, што выклікае ўзнікненне новых непажаданых асацыяцый (напр., кіт. Мао Цзэ-дун → Маа і эст. maa ‘зямля, краіна’;
- замена -эр, -эль на -ар, -аль у словах іншамоўнага паходжання (шніцаль, лідар). На думку З. Саўкі, правядзенне «арацыі» прычыняецца да ўзнікнення поўных амонімаў (ка́тэр ‘тып судна’ і ка́тар ‘хвароба’ → ка́тар);
- напісанне ўсіх прыметнікаў на -скі без змякчэння, у тым ліку ўтвораных ад уласных імёнаў (астраханскі < Астрахань, цянь-шанскі < Цянь-Шань). З. Саўка адзначае, што па-за межамі літаратурнай нормы спалучэнне «-нь- + -ск-» амаль паўсюдна выкарыстоўваецца ў народнай мове.
Пазітыўна трэба ацаніць:
- пашырэнне якання ў лічэбніках (дзéвяць– дзявя́ты, дзéсяць – дзяся́ты, сем – сямна́ццаць, во́сем – васямна́ццаць);
- замацаванне акання ў складанаскарочаных словах і абрэвіятурах (газпрам, Цэнтрвыбаркам);
- змены ў напісанні э замест е паводле фанетычнага прынцыпу (рэзюмэ́, капэ́ла, сурвэ́тка, экзэмпля́р);
- пашырэнне ў нескладовага на словы іншамоўнага паходжання (ва ўніверсітэце, фаўна, шоў). На думку З. Саўкі, захаванне у складовага ў канцы іншамоўных слоў (фрау, Шоу, Дахау) з’яўляецца нематываваным праз пярэчанне асновам беларускай фанетыкі, самому зводу 1959 г. і традыцыі, якая склалася ў БелЭн (Брэслаў, Вірхаў, Дэсаў).
Ніна Баршчэўская