Сёння ў нашай музычна-моўнай рубрыцы маладая артыстка, якую можна назваць спяваючай акторкай або музыканткай, якая выступае ў тэатры. Сабіна Карваля, бо так завуць гераіню перадачы, кажа, што яна не збіраецца выбіраць паміж тэатрам і музычнай эстрадай і спадзяецца, што заўсёды ў яе жыцці будзе месца і на тэатр, і на музыку.
Пакуль што Сабіна Карваля яшчэ не мае сваёй старонкі ў сусветнай энцыклапедыі, але, думаю, яна паявіцца ўжо неўзабаве, паколькі артыстка надзеленая сапраўдным талентам, прыгожым голасам, спявае песні з небанальным тэкстам і не баіцца закранаць непапулярныя, складаныя тэмы, як, напрыклад, адносіны мужчын з непаўналетнімі дзеўчынамі. Пра гэта менавіта ідзе гаворка ў кампазіцыі, якую я прапаную сёння вашай увазе. Называецца песня «Panowie w kapeluszach» (Мужчыны ў капелюшах), тэкст і музыку напісала сама Сабіна, а песня ўключана ў спіс кампазіцый яе першай кружэлкі «Lepidoptera», якая зусім нядаўна парадавала аматараў прыгожага голасу выканаўцы.
Wiszą na sznurze, panowie w kapeluszach
Czarne długie płaszcze i sama skóra
Patrzą w dół, bo w górę nie można
Ruszają stopami, pytają sami
Kiedy przyjdzie wiosna?
Puk, puk, tak, tak
Siedzę na krześle, czekam na znak
Puk, puk, tak, tak
Ciepła gęsta czerwień spływa mi z warg
Puk, puk, nie, nie
Palcom dotykalcom mówię fe
Puk, puk, znów tak
Powiedz temu panu ile masz lat
Długi korytarz, paski niebieskie
Smutna cisza i włosy kobiece
Kiedyś namiętność, teraz tęsknota
Pytasz, pytasz – oto nasza wojna
Kiedy przyjdzie wiosna?
Вісяць на шнурку мужчыны ў капелюшах, чорныя доўгія плашчы і адна скура. Глядзяць уніз, бо ўверх нельга. Рухаюць стопамі, пытаюцца самі – калі прыйдзе вясна?
Стук. Стук, я сяджу на крэсле, чакаю знаку. Стук, стук, так, так, цёплая густая чырвань сцякае мне з губ. Стук, стук, не, не, пальцам-датыкальцам я кажу «фу». Стук, стук, зноў так. Скажы гэтаму мужчыне, колькі табе гадоў.
Доўгі калідор, блакітныя палосы. Смутная цішыня і валасы жаночыя. Калісьці жарсць, цяпер туга. Пытаеш, пытаеш – вось наша вайна. Калі прыйдзе вясна?
Panowie w kapeluszach – мужчыны ў капелюшах. Калі хтосьці вывучаў або вучыць польскую мову, то напэўна ведае, што азначае польскі выраз «пан». Гэта абсалютна нейтральнае слова, якое называе дарослага чалавека мужчынскага полу – мужчыну. Тут няма ніякага эмацыйнага значэння, ні пазітыўнага, ні негатыўнага. На беларускай жа мове, у выніку гістарычных сувязяў беларускай нацыі з польскаю, гэтае слова набрала іншага, пераважна адмоўнага значэння – «паны» азначала памешчыкаў, землеўладальнікаў. Не забывайце, што для палякаў слова пан зусім нейтральнае.
Sama skóra – слова sama y дадзеным значэнні перакладаецца як «толькі, адна скура». Таксама выраз сама мае іншае значэнні, аднолькавае, як і дадзенае слова на беларускай мове – сама, гэта значыць, самастойна, без дапамогі кагосьці звонку.
Patrzą w dół, w górę nie można – w dół на польскай мове азначае ўніз, а w górę – уверх.
Puk, puk – гэта прыклад аноматапеі, гэта значыць, слова, якое гучыць так, як гук, які яно называе. Тут гаворка ідзе пра грукат, або хутчэй лёгкае стуканне, невядома, куды, ці ў дзверы, ці ў душы слухачоў, калі аўтарка хоча дастукацца да іх сумлення.
Palcom dotykalcom mówię fe – пальцам-датыкальцам я кажу «фу». Права паэта – ствараць уласныя новыя словы. І такім правам скарысталася аўтарка гэтага верша, і прыдумала выраз датыкальцы, які з’яўляюцца добрай рыфмай для слова пальцы.
нг