Беларуская Служба

Польская мова з'яўляецца інструментам сувязі дыяспары з Радзімай

28.09.2019 16:02
Фонд «Дапамога палякам на Ўсходзе» у другі раз праводзіць асветніцкую кампанію «Хто ты такі?», каб заахвоціць польскую дыяспару вывучаць польскую мову.
Аўдыё
  • Польскія арганізацыі заклікаюць асобы з польскімі каранямі вывучаць польскую мову
        ?
Асветніцкая кампанія па вывучэнні польскай мовы "Хто ты такі?" фонда "Дапамога палякам на Ўсходзе"https://www.ktotyjestes.pl/

Мэта кампаніі – усвядоміць асобам з польскімі каранямі, якія жывуць па-за межамі Польшчы, што вельмі важна дзяліцца з маладым пакаленнем ведамі пра паходжанне іх продкаў, вучыць іх мове. Кампанія папулярызуе двухмоўнасць.

Леташняя першая кампанія была вельмі паспяховай, зазначае маршалак Сенату Польшчы Станіслаў Карчэўскі. Польскі Сенат быў адным з суарганізатараў кампаніі.

Мы вельмі задаволеныя вынікамі той кампаніі. Акцыя праводзілася ў краінах Заходняй Еўропы і мела розгалас. Пра што сведчаць рэакцыя людзей у сацыяльных сетках, тысячы праглядаў прадстаўленых матэрыялаў, якія заахвочвалі вывучаць польскую мову. Я спадзяюся, што будзе павялічвацца колькасць палякаў, што жывуць на Захадзе, якія пачнуць вучыць польскую мову, вернуцца да сваіх каранёў. Што тычацца Ўсходняй Еўропы, там мы бачым вельмі пазітыўную тэндэнцыю. Назіраецца вялікая зацікаўленасць вывучэннем польскай мовы. Больш чым на Заходзе. Нашай акцыяй мы хацелі паказаць, якую важную ролю ва ўмацаванні нацыянальнай супольнасці гуляе вывучэнне польскай мовы, гісторыі, літаратуры. Таму мы падтрымліваем усе акцыі, што ладзяцца для палякаў, якія жывуць за мяжой. У будучыні мы будзем іх працягваць.

Сёлета кампанія «Хто ты такі?» мае больш усходні напрамак, кажа чалец праўлення Фонду «Дапамога палякам на Ўсходзе» Юліюш Шымчак-Галкоўскі.

Наша кампанія скіраваная да ўсіх палякаў, якія жывуць у свеце. Пры гэтым, сёлета мы робім націск на нашых суайчыннікаў, якія жывуць за ўсходняй мяжой Польшчы. Гэта Беларусь, Латвія, Летува ды Украіна. Таксама да нашых паўднёвых суседзяў, якія жывуць у цешынскай Сілезіі. Не забываем мы і пра палякаў, якія жывуць у Цэнтральнай Азіі, на Каўказе і ў Расеі. Чаму такі выбар. З аднаго боку, такое рашэнне прыняў Сенат, які вызначае прыярытэты дзяржаўнай палітыкі па справах дыяспары. Гэта вельмі прыгожая традыцыя. Сенат з пачатку свайго існавання займаўся гэтым пытаннем. Гэта з фармальнага боку. З іншага боку ключавое значэнне мела разуменне таго факту, што за нашай усходняй мяжой жывуць тысячы палякаў, якія ніколі не з'язджалі з Польшчы. Гэта Польшча пакінула іх, перасунулася на Захад. Гэта не было нашым рашэннем, ані іх. Так сталася. Раней мы не маглі ім дапамагчы. Цяпер мы можам клапаціцца пра захаванне польскіх каранёў на Ўсходзе Еўропы. Польскія карані – гэта ў першую чаргу польская мова.

Польская мова не зʼяўляецца ў Беларусі афіцыйнай, як было на пачатку ХХ-га стагоддзя, калі некаторы час у Беларусі было ажно 4 афіцыйныя мовы, сярод іх было і польская. Цяпер польская стала мовай нацыянальнай меншасці – палякаў, якія пражываюць у Беларусі. Разам з эканамічным развіццём суседкі ды далучэнні да ЕС, Польшча пачала прыцягваць увагу беларусаў. Складваецца ўражанне, што сёння амаль «кожны другі» беларус спрабуе вывучаць польскую мову, кажа выкладчыца польскай мовы Аляксандра Парахня.

Маё адчуванне такое, што сёння палова Беларусі вывучае польскую мову. Гэта звязана перад усім з магчымасцю атрымання Карты паляка. Пераважная большасць груп у моўных цэнтраў – гэта групы, якія вывучаюць польскую на Карту паляка. Гэта ня толькі навучанне мовы, але вывучэнне традыцый польскіх, польскіх гістарычных дзеячаў. Мовы крыху там малавата, часта людзі пасля такіх курсаў слаба валодаюць польскай мовай.

Але сітуацыя дынамічная і стаўленне змяняецца ў бок да глыбейшага вывучэння мовы, асабліва сярод тых, хто пачынае часта ездзіць у Польшчу, кантактаваць з палякамі.
Польскай мовай цікавяцца ня толькі ў Беларусі. З зацікаўленасцю да вывучэння польскай мовы ставяцца таксама ва Украіне, у Чэхіі. Гаворыць кіраўнік арганізацыі «Польская асвета» у Чэхіі Тадэвуш Смуга.

Мы клапоцімся пра тое, каб захоўваліся веды пра польскія карані і знаёмства мовы. Мы самі шмат чаго робім. Напрыклад, імкнемся папулярызаваць двухмоўе. Заклікаем бацькоў са змешаных пар, каб не забывалі прыводзіць сваіх дзяцей у нашыя польскія школы. Таму мы вельмі хочам далучыцца да гэтай кампаніі, будзем яе папулярызаваць. Мы ахвотна ўключымся ў рэалізацыю дадзенай кампаніі з надзеяй, што яна ў нас атрымае шырокі розгалас.

Прадстаўнікі фонду «Дапамога палякам на Ўсходзе» зазначаюць, што асветніцкая кампанія «Хто ты такі?» скіраваная да польскай дыяспары. Пры гэтым яна мае важнае значэнне і для палякаў, якія жывуць у Польшчы. Польскае грамадства павінна зразумець, што з павагай трэба ставіцца да дыяспары. Без гэтага польская супольнасць будзе няпоўнай. Дыяспара можа вельмі шмат даць Польшчы, узбагаціць яе сваім досведам, ведамі.

Галіна Остас/Юры Ліхтаровіч

Больш на гэтую тэму: Польская мова без межаў