Польская мова, як і кожная іншая мова шматмільённага народу, не з’яўляецца аднароднай на тэрыторыі ўсяе краіны. Мовазнаўцы выдзяляюць два крытэрыі: рэгіён і сацыяльны слой. Мы сёння засяродзімся на тэрытарыяльнай разнароднасці, з чым звязаны падзел на рэгіянальныя гаворкі і дыялекты.
У студыі Польскага радыё мовазнаўца, доктар Агата Хонця з Варшаўскага ўніверсітэту. Як вы думаеце, ці грамадзтва ведае, колькі ў Польшчы дыялектаў і як тлумачыцца іх узнікненне?
-На пытане, колькі існуе відаў польскай мовы, мне падабаецца адказваць «столькі, колькі карыстальнікаў», то бок каля 38 мільёнаў. Мовазнаўства вылучае ідыялект – гэта значыць індывідуальную мова кожнага чалавека. У кожнага ёсьць свой стыль мовы. У штодзённым жыцці мы гэтага не заўважаем, за тое бачым рэгіянальныя адрозненні, якія паказваюць, дзе чалавек дарастаў і чым пранік у дзяцінстве.
У словах польскага гімну «Мазурка Дамброўскага» адлюстроўваюцца элементы гаворкі, якой карыстаўся аўтар Юзэф Выбіцкі. Народжаны ў вёсцы Бэндаміне недалёка Касцяжыны ў паўночнай частцы краіны, аўтар нацыянальнага гімну напісаў «przejdziem, będziem», што з’яўляецца рысай паўноночна-ўсходняга дыялекту. У рукапісе напісана таксама «polakamy» (не «polakami»). Цвёрдае вымаўленне канчатка –мы з’яўляецца характэрнай рысай паўночна-ўсходняй гаворкі.
- У Польшчы вылучаюцца тры буйныя рэгіёны, якія лічацца крыніцай дыялектаў. Гэта вялікапольскі рэгіён (на захадзе краіны), малапольскі (на поўдні) і мазавецкі (цэнтральны). Акрамя гэтага, вылучаюцца таксама гаворкі, у кожнага рэгіёну – свая своеасаблівая мова. У некаторых выпадках нават узнікаюць пытанні, ці гэта польская мова, ці дыялект, ці гаворка. У якасці прыкладу можам прывесці мову жыхароў Сілезіі, альбо «кашубшчыну» – мову, якой карыстаецца этнас кашубы на поўначы Польшчы. «Кашубшчына» атрымала статус рэгіянальнай мовы, хаця многія гады даследчыкі лічылі яе дыялектам. Урэшце-рэшт навукоўцы вырашылі, што гэта адрозны моўны код і надалі ёй статус мовы. Я думаю, што аналагічная сітуацыя з сілескай мовай. Але на атрыманне статусу мовы сілеская павінна яшчэ пачакаць.
Нагадаем, у Польшчы выдзяляюцца тры вялікія моўныя рэгіёны: велікапольскі, мазавецкі і малапольскі. Кожны паляк вылавіць іншае гучанне мовы прадстаўнікоў паасобных рэгіёнаў. Гэта фанетычныя адрозненні, але ёсць яшчэ і іншыя.
- Рэгіянальныя рысы чуваць на кожным узроўні мовы: на фанетычным ўзроўні (маўленне), на флексійным (канчаткі словаў), на ўзроўні сінтаксісу (як складаюць сказы) і лексікі, то бок значэння слоў. Прывядзем прыклад: слова «borówka» (брусніца) для ўсіх гэта – лясная чырвоная ягада, а жыхар Кракава скажа, што гэта лясная чорная ягада, то бок чарніца. Мова як торт – складаецца з некалькіх слаёў, і кожны слой надае ёй індывідуальную рэгіянальную адметнасць.
Дыялектная лексіка вельмі багатая сінонімамі. Гэта тычыцца, у прыватнасці, прадметаў і прыроды. Вельмі часта адзін аб’ект мае шмат розных назваў. Напрыклад «божая кароўка» – у польскіх дыялектах мае некалькі дзясяткаў сінонімаў: petlówka, boża krówka, borowa matinka, borówka, motuszka-kruszka, gaguleczka, markowiczka, dzegotka, petronelka, katrynka, sarynka, maryszepka
Якія рысы дыялектаў можна назваць агульнымі для ўсіх, а якія назіраюцца толькі ў дадзеным рэгіёне? Ці «мазужэне» з’яўляецца такой рысай?
- Няма адной агульнай рысы для ўсіх дыялектаў. А што гэта «мазужэне»? Прыклад: Цыста заба зарла жур» – на літаратурнай мове «Чыста жаба жарла жур» (бел. Чыстая жаба жэрла жур –(суп). «Мазужэне» – гэта вымаўленне «ч» як «ц», «ж» як «з», «ш» як «с» і г.д. Шкада, што палякі забываюць мову сваіх продкаў. Калі б мы ўважліва прыслухаліся мове карэнных жыхароў дадзенага рэгіёну, асабліва вёскі, то мы напэўна з пашанай прыкланілі б галовы да багацця польскай мовы і культуры. Акрамя гэтага, дыялектныя словы сёння з’яўляюцца пацверджаннем гістарычнага развіцця мовы.
У мінулым вылучаліся гаворкі вакол буйных гарадоў: існавала варшаўская, кракаўская, познанская гаворкі. Ці сёння таксама можна казаць пра гарадскія гаворкі?
- Гэтыя гаворкі ў далейшым існуюць, аднак ужо не з’яўляюцца настолькі жывымі як раней. Аб тым, што яны існуюць, сведчаць слоўнікі гаворак, якія карыстаюцца даволі вялікай папулярнасцю. Нагадаю, што ў мовазнаўстве дыялектнае слова – гэта слова дадзенага рэгіёну, якое ўжываюць неадукаваныя жыхары вёсак. У сваю чаргу рэгіяналізм – гэта слова, характэрнае для дадзенага рэгіёну, якім карыстаюцца таксама адукаваныя людзі. Прыклад: прафесар Ягелонскага універсітэта выходзіць «na pole», а варшаўскі скажа, што ён ідзе «na dwór» (на панадворак – рэд.). Слова »na pole» з’яўляецца рэгіяналізмам, то бок свядома так гавораць высокаадукаваныя людзі ў гэтым рэгіёне.
Паколькі дыялектныя словы і рэгіяналізмы сведчаць пра багацце мовы, то ці трэба іх выкарыстоўваць у штодзённым жыцці?
- Гэта залежыць ад сітуацыі: ад таго з кім размаўляем і з якой мэтай. Падчас афіцыйнай сустрэчы, на працы, у ВНУ, з незнаёмымі лепш паўстрымацца ад дыялектных слоў, бо невядома, як да гэтага паставіцца суразмоўца і ці ён правільна зразумее. Бо вельмі часта рэгіяналізмы і дыялектныя словы выклікаюць непаразуменні. Але калі мы гутарым з землякамі, то нішто не перашкаджае выкарыстоўваць гаворку. Я ведаю прафесараў, якія ганарацца сваёй мовай і малой айчынай. Мова належыць чалавеку, рэгіёну, а таксама залежыць ад сітуацыі, і варта ставіцца да гэта з павагай.
Пра дыялекты і гаворкі польскай мовы расказала мовазнаўца доктар Агата Хонця з Варшаўскага універсітэта.
Перадача падрыхтавана пры падтрымцы Фонду «Дапамогі палякам за ўсходняй мяжой» у рамках апекі Сенату Рэспублікі Польшча над палякамі ў замежжы.