У маўленні некаторых жыхароў Беларусі могуць сустракацца дыялектныя асаблівасці гаворкі роднай мясцовасці. Так, напрыклад, заходняй групе гаворак, якія ўваходзяць у паўднёва-заходні дыялект, уласціва моцнае яканне: бярагі (берагі), сярада (серада), восянь (восень); прыстаўны гук [h] перад галоснымі [о], [у]: госянь (восень), гочы (вочы), гуліца (вуліца); інфінітыўная форма дзеясловаў на [і]: браці (браць), рабіці (рабіць) ды інш; а для гаворкі віцебска-магілёўскай групы, усходняй часткі паўночна-ўсходняга дыялекту характэрна паслядоўнае дысімілятыўнае аканне: выда (вада), трыва (трава); інфінітыўная форма дзеясловаў з асновай на зычны на [ц'], [ч], [ш]: есць (есці), сеч (секчы), леж (легчы). Кожны носьбіт беларускай мовы павінен добра ведаць не толькі арфаэпічныя нормы літаратурнай мовы, але і асаблівасці сваёй гаворкі. Каб пазбегнуць памылак, звязаных з уплывам дыялектнай мовы, трэба ўсведамляць адрозненні паміж дыялектамі і літаратурнай мовай.
Парушэнне норм вымаўлення можа быць звязана і з уплывам арфаграфіі, паколькі не ўсякае вымаўленне супадае з напісаннем. Звязана гэта з такімі фанетычнымі законамі, як аглушэнне / азванчэнне зычных, асіміляцыя зубных па мяккасці, прыпадабненне свісцячых да шыпячых і шыпячых да свісцячых, а таксама выбухных да афрыкат і інш.: ка[с]ка (казка), лі[дж]ба (лічба), [ш:]ыць (сшыць), [с']мяе[с':]я (смяешся), выкла[ч:]ык (выкладчык). Напісанне заснавана на марфалагічным прынцыпе, пры якім захоўваецца аднастайнасць напісання марфем: прыстаўкі, кораня альбо суфікса.
Цьвёрдае напісанне мяккіх зычных з’яўляецца прычынай ненатуральнага вымаўлення. Зрусіфікаваны правапіс уплывае на ненатуральнае для беларускае мовы вымаўленне, на страту мяккасці зычных дзь, зь, сь, ць, нь. З таго часу, як быў выкінуты мяккі знак, вымаўленне перастала перадаваць асаблівасць мовы, у выніку чаго літаратурная мова аддалілася ад народнай. Спадзяванні на асіміляцыйнае змякчэнне не апраўдаліся. Замест сьвет, сьнег, сьмех, цьвік, жыццё, шчасьце, дзьверы, зьвер, каханьне, сьвітаньне, цяпер вымаўляюцца цьвёрдыя зычныя: свет, снег, смех, цвік, жыццё, шчасце, дзверы, звер, каханне, світанне. Пры фанетычным прынцыпе беларускай граматыкі, дзе чытаем так, як напісана, інакш і быць ня можа – пісаў Янка Скрыган. „Наогул, граматыка нарабіла цяпер столькі правіл і столькі выключэньняў зь іх, што стала цяжка быць пісьменным чалавекам. Нездарма-ж работнікі рэдакцыяў газэт, часапісаў і выдавецтваў вечна поўзаюць па слоўніках і ўсялякіх даведніках, каб упэўніцца – як правільна напісаць. І можа варта зноў падумаць пра ўдасканаленьне нашага правапісу, з большым набліжэньнем да фанэтыкі...” (З артыкулу Янкі Скрыгана пра мову, у: „Навіны зь Беларусі”, № 16 (18), Нью-Ёрк, 15 кастрычніка 1964, с. 3)
Таксама Рагор Крушына пісаў, што змененыя прынцыпы правапісу прычыняюцца да скажэння беларускага вымаўлення. „Колькі разоў пісалася ў беларускім цэнтральным друку пра тое, што ў дзяржаўных тэатрах і на радыё акторы й дыктары вымаўляюць словы няправільна, не пабеларуску, зусім цьвёрда. Напрыклад: свет, снег, змена, з’ява, з’езд. Чым-жа тлумачыцца гэткае вымаўленьне? Прычына хаваецца ў тым, што новы правапіс адхіліўся ад прынцыпу беларускай фанэтыкі і пабудаваны на ўзор расейскага. А ўжо калі гэтак пішацца бязь мяккага знаку пасьля зычнай перад мяккай галоснай, дык і вымаўляецца інакш, не пабеларуску”. (Рыгор Крушына - псэўданім Рыгора Казака, Зьнявечаная мова, у: „Беларус”, № 197, Нью-Ёрк, верасень 1973, с. 1.)
Уплыў расійскай мовы таксама можа стаць прычынай адхіленняў ад норм беларускага вымаўлення ў сувязі з тым, што жыхары Беларусі ў большасці сваёй з’яўляюцца білінгвамі, г.зн. валодаюць дзвюма мовамі – беларускай і расійскай. Вядома, што фанетычныя сістэмы беларускай і расійскай моў маюць свае спецыфічныя рысы. Параўнайма: наяўнасць фрыкатыўнага [h] (беларуская мова) – наяўнасць выбухнога [g] (расійская мова), зацвярдзелыя [р], [ж], [ш], [дж], [ч] (беларуская мова) – цвёрдыя і мяккія [р], [р'], [ж], [ж'], [ш], [ш'], [ч], [ч'] (расійская мова), наяўнасць [ў] (беларуская мова) – у расійскай мове гуку [ў] адпавядаюць гукі [в], [ф], [л] альбо [у] і інш.: [h]ара – [g]ора, [р]ад – [р']яд, [ч]ас – [ч']ас, [ж]о[ў]ты – [ж']ё[л]тый, [ш]эсць – [ш']есть, пра[ў]да – пра[в]да, тра[ў]ка – тра[ф]ка, бы[ў] – бы[л], была [ў] брата – была [у] брата. Недакладнае веданне асаблівасцей расійскай і беларускай моў можа прывесці да ўзнікнення памылак у вымаўленні.
„Для таго, каб пазбегнуць арфаэпічных адхіленняў у маўленні, неабходна выразна ўсведамляць адрозненні паміж літаратурнай мовай і дыялектамі, паміж літаратурнымі нормамі беларускай і рускай моў, а таксама адасабляць нормы вымаўлення і нормы пісьма”. (Г.К. Чахоўскі, Т.Л. Чахоўская, Сучасная беларуская мова. Фанетыка. Фаналогія. Арфаэпія, Мінск 2010, с. 110; шырэй гл. с. 108-110).
Ніна Баршчэўская