Гісторыя польскай дзяржавы складаная. У выніку розных гістарычных падзей многія палякі пакідалі родную зямлю. Па ўсім свеце пражываюць, паводле розных падлікаў, ад 18 да 20 мільёнаў чалавек польскага паходжання. Шмат з іх ужо забылі мову продкаў, але іншыя беражліва захоўваюць сваю польскасць, у тым ліку мову.
У чым спецыфіка мовы, якой карыстаюцца палякі, якія пастаянна пражываюць за межамі Польшчы? Пра гэта пойдзе сёння гаворка ў перадачы «Польская мова без межаў». Госць нашай рубрыкі – доктар мовазнаўства Пётр Каяк (PIotr Kajak), які напісаў нямала тэкстаў, прысвечаных тэматыцы польскай мовы, віцэ-дырэктар Цэнтру польскай мовы і культуры для іншаземцаў Варшаўскага ўніверсітэту.
Гісторыкі кажуць пра розныя перыяды эміграцыі палякаў і розныя яе прычыны. Ці тое, што стала прычынай выезду чалавека з Айчыны, нейкім чынам уплывае на яго адносіны да польскай мовы і тое, якой мовай ён валодае?
- Так, гэта вельмі істотна, да якой эміграцыйнай хвалі належыць чалавек, але таксама, з якой польскай мовай ён пакінуў Польшчу. Я магу тут прывесці свае назіранні. На працягу некалькіх гадоў я супрацоўнічаў са спецыялістамі па польскай мове, якія жывуць і працуюць у Канадзе. Я вывучаў асяроддзе эмігрантаў, якія ў розныя часы з’язджалі з польскіх земляў, а на сваёй новай Айчыне засноўвалі розныя культурныя ўстановы. І заўважыў, што найлепш захаваліся тыя ўстановы, якія былі заснаваныя прадстаўнікамі ваеннай і пасляваеннай эміграцыі. Як гэта патлумачыць? Гэтыя людзі часта працавалі ніжэй сваёй кваліфікацыі, займаліся пераважна фізічнай працай. І пасля працоўнага дня яны хацелі заняцца чымсьці, што давала ім кантакт з польскай культурай і мовай, адным словам, з домам.
Такім чынам, ці можна сказаць, што гэта была тая хваля эміграцыі, прадстаўнікі якой мелі багаты слоўнікавы запас, карысталіся добрай польскай мовай?
- Нельга, канешне, казаць за ўсіх, былі таксама і рабочыя, аднак сапраўды сярод гэтай эміграцыі было на столькі шмат прадстаўнікоў лепш адукаваных слаёў, што дазволіла стварыць эфектыўныя ўстановы, якія клапаціліся пра польскую культуру і мову. Трэба таксама назваць другую хвалю эміграцыі, якая старалася захаваць мову. Гэта тыя асобы, якія былі прымушаныя з’ехаць з Польшчы ў 80-ыя гады мінулага стагоддзя, калі пачаліся ганенні за актыўнасць у прафсаюзе Салідарнасць, было ўведзена ваеннае становішча. Асобы, якія тады пакінулі Польшчу, адчувалі абавязак клапаціцца пра польскую мову і культуру. І таму мова, якой карысталіся прадстаўнікі гэтых двух згаданых хваляў, іншая па якасці, чым мова эканамічных эмігрантаў.
Палякі эмігравалі ў розныя перыяд і з розным узроўнем валодання роднай мовай. Ці можна прасачыць нейкія заканамернасці, якія назіраліся на новым месцы жыхарства, якія працэсы адбываліся ў моўным плане. Ці сёння можна адназначна сказаць, якой польскай мовай карыстаюцца розныя групы палякаў замежжа?
- Перш за ўсё неабходна сказаць, што польская мова палякаў замежжа – гэта вельмі агульнае паняцце. Можна, канешне, вывучаць розныя польскія дыялекты. Мовазнаўцы называюць амерыканскі польскі дыялект, канадскі, брытанскі, лацінаамерыканскі. Няма адной польскай мовы палякаў замежжа, мова ўступае таксама ў кантакт з моваю той краіны, дзе пражывае дадзены чалавек.
Ці можна праводзіць паралелі і казаць пра аднолькавыя моўныя працэсы ў мове людзей, якія з’ехалі з Польшчы на Захад і тых асобаў, якія жывуць на тэрыторыі, якую палякі называлі крэсамі, гэта значыць, на землях сённяшняй Беларусі і Украіны, што калісьці былі польскімі?
- Тут галоўнае – памятаць пра цану, якую заплацілі нашы суайчыннікі, што стараліся на тых землях захаваць сваю мову і культуру. Я заўсёды паўтараю гэта студэнтам, якія прыязджаюць да нас з Вільні або Львова. Я ім кажу – не хвалюйцеся за свой акцэнт, гэта цудоўны спеўны акцэнт, характэрны для людзей, якія жывуць за ўсходняй мяжой Польшчы. Я падкрэсліваю – вы павінны ганарыцца тым, што захавалі мову сваіх продкаў. Лягчэй было размаўляць па-польску ў Польскай Народнай Рэспубліцы, чым у рэспубліках Савецкага Саюзу. У СССР людзей, якія прызнаваліся ў польскай нацыянальнасці, часта пераследавалі. Таму некаторыя проста не хацелі ў гэтым прызнавацца, не размаўлялі па-польску. Я кажу студэнтам – вам удалося захаваць мову, дзякуючы вашым бацькам і дзядам, і вы павінны гэтым ганарыцца. Гэта мова, якой удалося выжыць, і мы павінны зусім інакш ацэньваць тое, што там здарылася, і што адбываецца да нашых часоў.
Ёсць такія месцы на свеце, дзе польская мова захавалася, нават у чацвёртым-пятым пакаленні эмігрантаў. Здараецца, што гэтая мова значна адрозніваецца ад той, якой карыстаюцца жыхары Польшчы. Гэта і не дзіўна, калі не было кантакту з Айчынай, развіццё мовы не магло праходзіць у такім жа напрамку, як у Польшчы. Цяпер, канешне, усё прасцей, паколькі свет стаў глабальнай вёскай. Скажыце, калі ласка, ад чаго залежыць, што многія палякі замежжа здолелі захаваць мову продкаў?
- Мяне гэта не здзіўляе, паколькі для палякаў мова з’яўляецца адной з важнейшых каштоўнасцяў. Важна, на колькі моцная наша мова. Кажуць, што твая замежная мова такая ж багатая, як твая родная. І таму, калі эмігранты былі з простай сям’і, у якой не клапаціліся пра такія каштоўнасці, як мова і культура, то раней ці пазней мова продкаў вымірала. Калісьці многія польскія эмігранты саромеліся сваёй польскасці, хацелі як мага хутчэй забыць, што яны палякі. Іншыя былі надта лянівыя, каб клапаціцца пра мову. Я не хачу іх ацэньваць. Цяпер мы жывем у зусім іншым свеце, значна прасцей захоўваць кантакт з іншай моваю праз інтэрнэт, радыё. Зразумела, першае пакаленне эмігрантаў яшчэ размаўляла на роднай мове, асабліва калі людзі не вельмі камфортна адчувалі сябе ў новым асяроддзі, яны стараліся трымацца ў польскамоўнай кампаніі. Аднак другое пакаленне ўжо як правіла адыходзіла ад мовы, паколькі яго прадстаўнікі лепш адчувалі сябе ў тым месцы, дзе пражывалі.
Дзякуй вялікі за гутарку. Госцем рубрыкі быў доктар мовазнаўства Пётр Каяк. Перадачу падрыхтавала Марыя Вечаркевіч пры падтрымцы Фонду «Дапамога палякам за ўсходняй мяжой» у рамках апекі Сенату Рэспублікі Польшча над палякамі замежжа. Пераклад чытаў Юры Ліхтаровіч.
нг