У Беларускім доме ў Варшаве адбылася прэзентацыя кнігі вядомага польскага пісьменніка беларускага паходжання Сяргея Пясецкага (Sergiusz Piasecki) «Запіскі афіцэра Чырвонай арміі. Ад 17 верасня 1939 г.». Можна было паслухаць фрагменты выдадзенай па-беларуску кніжкі, пачуць цікавыя факты з біяграфіі пісьменніка, паглядзець дакументальны фільм, прысвечаны яго асобе і творчасці.
Сяргей Пясецкі нарадзіўся ў Ляхавічах Мінскай губерні ў 1901 годзе, у ранняй маладосці жыў у Расіі, бачыў бальшавіцкую рэвалюцыю, якая яму не спадабалася, тады ён прасякся глыбокай антыпатыяй да бальшавікоў. Вярнуўся ў Мінск, трапіў у злачыннае асяроддзе, якое пазней апісаў у сваіх творах, – распавядае адна з арганізатарак прэзентацыі, журналістка Вольга Гардзейчык.
- Напісаў цэлую зладзейскую трылогію пра крымінальны, прыгодніцкі свет. Пра тую частку Мінска, якую ніхто іншы не апісаў. Цяжка апісаць ягоны шлях, таму што ён быў і афіцыйным шпіёнам, і кантрабандыстам, і злодзеем, нелегальна перавозіў наркотыкі праз беларуска-польскую мяжу. У выніку патрапіў у турму, яму быў вынесены смяротны прысуд, але пазней быў заменены на пажыццёвае пакаранне. Трапіў у Польшчы ў самую суровую вязніцу, адседзеў 11 гадоў. І там пачаў пісаць. Першыя дзве кніжкі не былі прапушчаны цэнзурай, паколькі ён апісвае сваю шпіёнскую дзейнасць, а трэцяя была выдадзена, і стала бестселерам. Польскія пісьменнікі, у тым ліку Мельхіор Ваньковіч, пачалі кампанію па вызваленні яго з турмы. Яго вызвалілі, некалькі гадоў ён прабыў сапраўднай зоркай, а пазней прыйшла вайна, і пасля вайны яму прыйшлося з’ехаць у эміграцыю.
Дзённік афіцэра Чырвонай арміі аўтарства Сяргея Пясецкага быў выдадзены ў Беларусі дзякуючы краўдфандынгавай кампаніі. Па словах рэжысёра Віктара Корзуна, які непасрэдна ўдзельнічаў у працэсе выдачы кнігі, выданне было прымеркаванае між іншым, да гадавіны 17 верасня 1939 году, а менавіта з гэтай даты пачынаюцца запіскі галоўнага героя кнігі, Мішкі Зубава.
- 80 гадоў тым падзеям. Мы да 17 верасня падрыхтавалі гэтае выданне. Попыт на Пясецкага ў Беларусі шалёны. А «Запіскі..» адрозніваюцца ад усіх астатніх прыгодніцкіх твораў Пясецкага. Спачатку я прачытаў кнігу як зборнік показак пра савецкіх афіцэраў падчас Другой сусветнай вайны. Але пазней я ўцяміў сабе, што гэта дакументальны твор пэўнага жанру. Здавалася б, камічная сітуацыя, хтосьці падумаў, што тэрмас – гэта снарад, і застрэліў чалавека. Было б смешна, калі б не забойства нявіннага чалавека. Непісьменныя людзі дарываюцца да ўлады, да зброі. Пасля падзей ва Украіне ўвогуле чытаеш як жывое.
Можна было б успрымаць кнігу як зборнік анекдотаў пра прыгоды недалёкіх салдат Чырвонай арміі, калі б гэта было толькі смешна, але ёсць у кнізе трагічныя элементы, хаця б перадача ў рукі НКУС сем’яў, якія практычна выратавалі савецкага афіцэра ад смерці, а ён іх здрадзіў. Акрамя таго, ёсць адчуванне, што гісторыя можа паўтарыцца – у Расіі зноў уладараць «чэкісты», яна пагражае сваім суседзям, на носе падпісанне інтэграцыйнай дамовы.
Нягледзячы на пэўнае адчуванне дэжавю, няма ўжо вяртання да тых страшных часоў, – верыць старшыня Беларускага дому Алесь Зарэмбюк.
- Расце ўжо чарговае беларускае пакаленне. У любым выпадку гэтыя гады нашай незалежнасці, калі, не дай Божа, нешта адбудзецца, адновяць нашу дзяржаву. Я настроены аптымістычна. Мы засталіся ў аўтарытарызме і несвабодзе, Польшча – больш дэмакратычная, свабодная і развітая краіна. Але я з вамі пагаджуся, што эфект пэўнага дэжавю ёсць, хоць і з сучасным адценнем.
У рамках прэзентацыі прозы Сяргея Пясецкага ў Беларускім доме прайшоў таксама міні-канцэрт Касі Камоцкай. Яна была адной са стваральніц праекту «Народны альбом», які атаясамліваецца менавіта з творчасцю Пясецкага, але, як заявіла музыкантка, гэта толькі супадзенне.
нг
слухайце аўдыё