Беларуская Служба

Вечарам у Мінску пройдзе сустрэча са знакамітым польскім пісьменнікам Антонім Ліберам

14.11.2019 12:11
У рамках цыкла «Месяц польскай літаратуры» адбудзецца прэзентацыя беларускамоўнага выдання яго рамана «Мадам».
Аўдыё

Афіша Афіша

Вечарам пройдзе сустрэча са знакамітым польскім пісьменнікам, перакладчыкам і тэатральным рэжысёрам Антонім Ліберам і Сустрэча ў рамках цыкла «Месяц польскай літаратуры» адбудзецца ў новай залі Дома кнігі «Светач», паведамляе Польскі інстытут.

Раман выйшаў у выдавецтве «Мастацкая літаратура» пры падтрымцы Інстытута кнігі (Кракаў) і Польскага Інстытута ў Мінску ў перакладзе Марыны Шоды.

Антоні Лібера – празаік, эсэіст, перакладчык, тэатральны рэжысёр. Знаўца творчасці Сэмюэля Бэкета і перакладчык усіх яго п'ес, а таксама значнай часткі творчасці іншых гатункаў (раманаў, эсэ, паэзіі) на польскую мову. Акрамя таго, з-пад яго рукі выйшлі пераклады шэкспіраўскага «Макбета», «Саламеі» Оскара Уайльда, трагедый Сафокла, паэзіі Гёльдэрліна і Кавафіса. Ставіў шматлікія пʼесы Бэкета, у Польшчы і за мяжой. З’яўляецца лаўрэатам шматлікіх узнагародаў.

«Мадам» – адзіная мастацкая кніга, напісаная Антонім Ліберам. Акрамя шматлікіх узнагародаў, раман адразу заваяваў велізарную сімпатыю чытачоў (усяго надрукавана больш за 100 тыс. асобнікаў, пераклады выйшлі на 20 мовах) і станоўчыя водгукі рэцэнзентаў.

Раман «Мадам» распавядае пра каханне не па гадах разумнага вучня да настаўніцы французскай мовы. Усё адбываецца ў застылых рэаліях Польскай Народнай Рэспублікі. Яна – элегантная, ганарлівая жанчына, на чыё жыццё лёг цень складанай сямейнай гісторыі. Ён – разумны, надзелены літаратурнымі, музычнымі і акцёрскімі здольнасцямі, а часам ужо занадта вытанчаны ў сваіх паводзінах.

Сам Лібера так гаворыць пра свой раман: «Мадам» – гэта зусім не спроба вярнуцца ў мінулае, уваскрашаць старыя ўзоры, культываваць стыль, які выйшаў у тыраж. Гэта пародыя, пародыя на «Bildungsroman», пікарэскны раман і аўтабіяграфію.

Прэзентацыю з удзелам Антонія Ліберы і перакладчыцы Марыны Шоды правядзе Валярына Кустава.
Пачатак а 18. Уваход вольны.

ав

Больш на гэтую тэму: Агляд падзей культуры