У гэтай перадачы я хачу прадставіць вам песню, якая была запісана дзякуючы супрацоўніцтву многіх людзей, некаторых з якіх няма ўжо ў жывых. У мяне нават паявілася лёгкая праблема, пра каго з аўтараў я павінна распавесці ў першую чарговасць.
Але пачну з пачатку. Гэта кампазіцыя гурту Pectus, які спявае разам з вядомай польскай музыканткай Аліцыяй Маеўскай. А песні, што ўвайшлі ў склад новага кампакт-дыску гурту, былі напісаныя вядомым польскім выканаўцам, аўтарам тэкстаў Войцехам Млынарскім. На маю думку, самая цікавая постаць у гэтым шматгранным супрацоўніцтве – Аліцыя Маеўска, акрамя канешне, Войцеха Млынарскага, але яго ўжо некалькі гадоў няма ў жывых.
Аліцыя Маеўска нарадзілася ў 1948 годзе ў Вроцлаве, першы раз выступіла на сцэне падчас Фестывалю савецкай песні ў Зялёнай Гуры ў 1968 г., як, дарэчы, таксама многія іншыя выдатныя польскія музыканты. Такая тады была рэальнасць – палякаў прымушалі вывучаць расійскую мову і спяваць савецкія песні, дзякуючы чаму можна было дасягнуць большага ў жыцці. Але, каб быць справядлівым, трэба згадаць, што ў сярэдзіне 70-ых гадоў музыкантка заваявала галоўную ўзнагароду на Фестывалі польскай песні ў Аполі. Яна блізка супрацоўнічала з Войцехам Млынарскім, калі ён яшчэ жыў, спяваў і пісаў цудоўныя песні, амаль кожную з якіх можна назваць шэдэўрам.
І гэтую кампазіцыю, якую я вам прапаную, напісаў Млынарскі, а яна ўваходзіць у склад кружэлкі над назваю «Жанчыны. Млынарскі». Называецца кампазіцыя «Я ўсё стаўлю на кон!» (Idę na całość). Спявае Аліцыя Маеўска і гурт Pectus.
«Mówią mi ludzie, gdy bez tchu
gnam przez ten świat, najlepszy z światów,
szczęścia choć trochę zaznasz tu,
dziękuj i za to,
bo ci wystarczy mały fart,
życie cichutkie i układne,
a ja traktuję to jak żart,
nie tego pragnę!
Nie pragnę szczęścia odrobiny,
nie umiem bawić się w nieśmiałość,
niech się w nią bawią inne dziewczyny,
ja – idę na całość!
We wzgardzie mam rozsądne czyny,
wytworną słowa doskonałość,
niech o nią dbają inne dziewczyny,
ja – idę na całość!
(Idę na całość bez tchu)
Niejeden mędrzec już mi snuł
tę myśl rozsądną, acz nienową,
by mówić ludziom prawdy pół,
słowa miarkować...
A ja do ludzi gnam jak w dym
i słowa «kocham» się nie wstydzę,
a «nienawidzę» mówię im,
gdy nienawidzę.
Гавораць мне людзі, калі я несупынна імчуся па свеце, гэтым найлепшым свеце: «Шчасця хаця б крыху спазнаеш тут, дзякуй і за тое, бо табе дастаткова малое шанцаванне, жыццё ціхенькае і ўладкаванае». А я трактую гэта як жарт, не гэтага я жадаю!
Мне не трэба крышачку шчасця, я не ўмею гуляць у сціпласць! Хай у яе гуляюць іншыя дзеўчыны, я – усё стаўлю на кон! Я пагарджаю разумнымі дзеяннямі, шляхетнай дасканаласцю словаў, хай пра яе клапоцяцца іншыя дзеўчыны, а я – усё стаўлю на кон!
Не адзін мудрэц мне падказваў гэтую разумную, хаця не новую думку – каб казаць людзям палову праўды, словы адмерваць. А я да людзей лячу, задраўшы галаву, і слова «кахаю» не саромеюся, а «ненавіджу» кажу ім, калі ненавіджу.
Idę na całość – гэты фразеалагізм азначае «дзейнічаць з поўным імпэтам, усё ставіць на кон, не аглядацца на іншых». Некаторыя мовазнаўцы намякаюць, што генезіс гэтага словазлучэння даволі непрыстойны, толькі вось я нідзе не знайшла падрабязнасці, чаму ён непрыстойны. Можа, ён звязаны з інтымным жыццём, але гэта толькі мае здагадкі. У кожным выпадку, палякі, якія ўжываюць дадзенае выражэнне, пра генезіс не думаюць, для іх iść na całość азначае проста «дзейнічаць з поўнай аддачай, без задняй думкі».
Gnam przez świat – імчуся па свеце, стараюся ў 100% выкарыстаць тое жыццё, якое адведзена мне лёсам (ці Богам).
Mały fart – малое шанцаванне. Fart – так кажуць, калі чалавеку нешта ўдалося без вялікай працы з яго боку.
Nie pragnę szczęścia odrobiny – я не хачу шчасця толькі крышачку. Odrobina – гэта вельмі малая колькасць нечага, як матэрыяльнага рэчыва, так і абстрактнага паняцця, як шчасце.
Mędrzec mi snuł myśl – мудрэц мне казаў думку. Snuć азначае «павольна распавядаць, без спешкі». Як правіла snuć можна opowieść (расказ).
Słowa miarkować – словы ўзважваць, разважліва карыстацца словамі, каб не сказаць нечага лішняга.
Gnam jak w dym – імчуся, задраўшы галаву, сарвігалава.
нг