Беларуская Служба

Завершаны сцэнар сталай экспазіцыі Музея Варшаўскага гета

31.12.2019 14:47
Рашэнне аб стварэнні музею было прынятае ў 2018 годзе.
Аўдыё
  http:1943.pl
Старонка музея http://1943.pl/#Muzeum Getta Warszawskiego

Завершаны сцэнар сталай экспазіцыі, некалькі тэматычных выставаў і падрыхтоўка да пачатку будаўнічых прац у будынку на вуліцы Сеннай 60 у Варшаве – гэта самыя важныя падзеі 2019 году для Музея Варшаўскага гета. Рашэнне аб стварэнні музею было прынятае ў 2018 годзе.

Дырэктар Альберт Станкоўскі тлумачыць, што самым важным элементам было стварэнне сцэнара сталай экспазіцыі:

- Ёсць 60 старонак дакументу, які з’яўляецца фундаментам для падрыхтоўкі сталай выставы. Гэты дакумент пройдзе рэцэнзію пяці выбітных гісторыкаў з Ізраіля, Францыі, Канады, а таксама з Польшчы, якія ацэняць сцэнар. Калі рэцэнзіі будуць гатовыя, мы будзем вырашаць, якія з уваг будуць рэалізаваныя.

Адказным за праект і рэалізацыю сталай выставы з’яўляецца галоўны гісторык Музея Варшаўскага гета, прафесар Даніель Блатман. Навуковец тлумачыць, што сталая экспазіцыя будзе паказваць прыкладна 150 гадоў жыцця габрэяў у Варшаве – ад паловы ХІХ стагоддзя да першых пасляваенных гадоў:

- Выстава будзе своеасаблівай камбінацыяй многіх элементаў, у тым ліку мультымедыйных. Яна будзе расказваць пра сямейная жыццё, пра штодзённасць габрэяў у Польшчы. Аднак, у першую чаргу будзе расказваць пра ваенны час. Гэта будзе гісторыя не толькі Варшаўскага гета, але таксама іншых гетаў. Выстава павінна паказаць усе аспекты жыцця габрэяў у акупаванай Польшчы і іншых гетах на тэрыторыі Польшчы, а таксама адносіны паміж палякамі і габрэямі ў акупаваным немцамі горадзе.

Дырэктар Альберт Станкоўскі нагадвае, што хоць музей у будове, то яго працаўнікі падрыхтавалі некалькі часовых выставаў:

- Выстава каля помніка Героям Варшаўскага гета пра Натана Рапапарце, мы нагадалі яго постаць. Гэта таксама выстава на агароджы шпіталя, дзе павінен быць музей, пра вуліцу Сенную і Слізкую. Мы нагадалі гісторыю гэтых вуліц. Трэцяя выстава на Гжыбоўскім пляцы «Варшава ў трох сцэнах», якая расказвае пра Варшаву даваенную, у час вайны і пасля яе.

У будучым годзе павінны распачацца будаўнічыя працы ў будучым будынку музею. Пляцоўка павінна быць адчыненая ў 2023 годзе, у 80-ую гадавіну выбуху Паўстання ў гета.

ав

Больш на гэтую тэму: Агляд падзей культуры