29 снежня ў мясцовым касцёле адкрылася выстава «Хайсы ‒ віцебскія Курапаты», якая распавядае жудасную праўду пра рэпрэсіі камуністычнага рэжыму на Віцебшчыне. Азнаёміцца з выставай можна будзе на працягу двух тыдняў, паведамляе сайт санктуарыя Waladarka.by.
Выстава была адрытая ў канцы кастрычніка ў Віцебску, затым была паказана ў Полацку і Глыбокім. Цяпер з яе матэрыяламі могуць азнаёміцца і жыхары Браслава.
Падчас адкрыцця выставы ксёндз Вячаслаў Барок адзначыў, што ўсяго ў Беларусі налічваецца каля 100 падобных месцаў расстрэлу камуністамі мірных жыхароў. Паводле інфармацыі даследчыка Ігара Кузняцова, у Беларусі было рэпрэсавана каля 1 мільёна 600 тысяч чалавек, а забіта з іх ‒ каля 377 тысяч.
- Хайсы ‒ гэта сімвал знявечання, параненасці Беларусі, нашага народа, нашай памяці, таксама нашага Касцёла, ‒ адзначыў святар. ‒ У Касцёле гэтая выстава адбываецца дзеля таго, каб праз падачу гэтай інфармацыі мы маглі лекаваць нашую памяць.
Аўтар выставы Ян Дзяржаўцаў у сваім выступе распавёў гісторыю адкрыцця месца сталінскіх расстрэлаў пад Віцебскам, пра іх працу па стварэнні мемарыялу. І адзначыў, што паводле дадзеных, на Браслаўшчыне было расстраляна каля 200 асоб.
ав