Стужка Яна Камасы расказвае гісторыю 20-гадовага Даніэля, які пасля выхаду з выпраўленчай установы пачынае выдаваць сябе за святара.
Аляксандра Канечна, якая зайграла ў фільме, падкрэслівае, што намінацыя на Оскара з’яўляецца вялікім прызнаннем для аўтараў фільму:
- Па-першае, я адчуваю гонар. Мне здавалася, што мы робім мала эфектны фільм. Я не думала, што гэта можа быць фільм, які прынясе нам ажно такі гонар. Я думаю, што акрамя велізарнай працы прадзюсараў у гэтым фільме ёсць моц: што людзям ва ўсім свеце патрэбныя фільмы на духоўную тэматыку. «Цела Божае» дакладна адпавядае гэтым патрэбам.
Прадзюсар фільму Анэта Гікінботам дадае, што статуэтку атрымаць будзе надзвычай цяжка:
- Гэта вельмі складаны год, паколькі канкурэнты вельмі моцныя. З самага пачатку гаворыцца, што гэта будзе барацьба паміж фільмам Альмадовара і «Parasite». Усё ж я лічу, што мы ўжо перамаглі, мы ўжо паедзем у Галівуд, будзе на чырвоным дыване. Думаю, мы робім фільмы, каб нас ацанілі. І намінацыя з’яўляецца важнай формай нашага прызнання.
Галоўным канкурэнтам «Цела Божага» будзе паўднёвакарэйская трагікамедыя «Parasite», якая агулам здабыла 6 намінацый, у тым ліку за сцэнар, рэжысуру і ў галоўнай катэгорыі – за найлепшы фільм.
Цырымонія ўручэння ўзнагарод пройдзе 9 лютага ў Галівудзе.