З панядзелку на Цэнтральным чыгуначным вакзале ў Варшаве працуе выстава, прысвечаная ваеннай гісторыі сталіцы. Экспазіцыя ўзнікла ў рамках акцыі «Дошка памяці», якая праходзіць ужо 12 гадоў. Яе арганізатарам з’яўляюцца Польская энергетычная група і Інстытут нацыянальнай памяці.
Ідэя акцыі заключаецца ў захаванні месцаў памяці пакутаў жыхароў Варшавы ў часе Другой сусветнай вайны. Гаворыць старшыня ПЭГ Войцех Дамброўскі:
- Пад дошкамі аўтарства Кароля Тхорка, які першую такую дошка стварыў пасля вайны, змешчаныя напісы на польскай і ангельскай мовах, каб і турысты маглі пазнаёміцца з гісторыяй нашай сталіцы.
Выстава ў галоўнай зале Цэнтральнага вакзалу расказвае пра рух супраціву, пра нямецкія злачынствы на жыхарах Варшавы і пра планы немцаў у дачыненні да сталіцы.
На адкрыцці выставы дырэктар Польскай дзяржаўнай чыгункі Кшыштаф Маміньскі адзначыў, што самы вялікі вакзал у сталіцы павінен выконваць шмат функцый:
- Варшава – гэта сэрца Польшчы, якое ў гэтым самым кепскім перыядзе перажыло ўсё тое, што з сабой нясе вайна. Спадзяюся, што памяць і гісторыя не будуць знікаць з публічнай прасторы. Я хацеў бы, каб чыгуначныя вакзалы былі месцам, дзе будзе прастора для мастацтва і культуры, памяці і гісторыі.
У рамках праекту «Дошкі памяці» працуе таксама мабільнае прыкладанне, дзякуючы якому можна атрымаць доступ да ведаў на тэму ваеннай гісторыі Варшавы.
ав