Беларуская Служба

Музычны ўрок польскай мовы

20.02.2020 09:00
Выдатная кампазіцыя «Цень вялікай гары» легендарнага польскага гурту.
Аўдыё
Ілюстрацыйны здымакwww.pixabay.com/CC0 Creative Commons

Кампазіцыі славутага польскага рок-гурту «Будка суфлёра» ўжо не раз былі аб’ектам аналізу ў нашай музычнай рубрыцы. Сёння я зноў вяртаюся да багатай творчасці таленавітых музыкантаў.

Нядаўна Польскае радыё адзначыла свой юбілей – 95 гадоў існавання. У сувязі з гэтым было праведзена апытанне сярод слухачоў, якую польскую кампазіцыю яны лічаць самай важнай. Журналісты выбралі 95 песняў, а слухачы галасавалі за іх на сайце ПР. Як мы ўжо паведамлялі, перамаглі песня Марылі Радовіч «Малгоська», на другім месцы – «Дзіўны гэты свет» Часлава Немэна, а вось «Будка суфлёра» заняла трэцюю пазіцыю са сваёй песняй «Цень вялікай гары». І менавіта пра гэтую кампазіцыю я хачу сёння расказаць.

Некалькі словаў пра сам гурт, хаця цяжка пра яго сказаць коратка. Калектыў быў заснаваны ў Любліне ў 1974 годзе, хаця адзін з заснавальнікаў, Кшыштаф Цугоўскі, пачаў выступаць на сцэне яшчэ ў 1969. За тыя амаль пяць дзясяткаў гадоў, якія прайшлі з таго часу, калі афіцыйна на польскай эстрадзе паявіўся гурт «Будка суфлёра», памянялася вельмі шмат, а ў нас няма часу, каб апісваць падрабязна гісторыю групы. Мяняліся вакалісты, хаця палякі атаясамліваюць гурт перш за ўсё з Кшыштафам Цугоўскім, але былі таксама іншыя, мяняліся ўдарнікі ды іншыя музыканты, нядаўна памёр інструменталіст і кампазітар групы Рамуальд Ліпка. Адзіны член, які быў у складзе калектыву ўвесь час яго існавання, гэта ўдарнік Томаш Зэлішэўскі.

«Будка суфлёра» перастала існаваць у 2014 годзе, музыканты выйшлі на творчую пенсію. Аднак, відаць, яны сумуюць па сцэне, таму паявілася інфармацыя, што гурт узнаўляе сваю дзейнасць. І сапраўды, летам 2019 года калектыў выдаў новую кружэлку і зладзіў турнэ з канцэртамі, падчас якіх выконваў свае самыя вядомыя хіты.

І пераходзім ужо да кампазіцыі «Цень вялікай гары». Так называлася не толькі песня, але таксама першы альбом «Будкі суфлёра». Кампазіцыя была напісана пад уплывам трагічных падзеяў – смерці польскіх альпіністаў Збігнева Стэпка і Анджэя Гжонзка ў жніўні 1973 года ў Гімалаях. Іх засыпала снежная лавіна, а целы ніколі не былі знойдзеныя.

Ona przychodzi chytrze, bez ostrzeżeń i gróźb,

Krzyczy pękniętą liną, kamieniem zerwanym spod stóp,

Wszystko zaczyna się zwykle, jak każdy wspinaczki dzień,

Ściana, droga pod szczyt, a potem nagle krzyk

Góry wysokie, co im z Wami walczyć każe?

Ryzyko, śmierć, tutaj wszystko nie jest ważne.

Największa rzecz, swego strachu mur obalić,

Odpadnie stu, lecz następni pójdą dalej.

Góry wysokie, wiem co z Wami walczyć każe,

Ryzyko, śmierć, tutaj wszystko nie jest ważne.

Na rzęsach szron, inni już idą dalej,

Na twarzy śnieg, lecz są nowi, śmiali są,

Tylko czasem zamyślenie,

Tylko czasem, zamyślenie.

Sam możesz wybierać los, szczytów, szczytów szlak,

Sam możesz wybierać los, zrozum to, wejdź na szczyt!

Яна прыходзіць хітра, без папярэджання і пагрозаў. Крычыць парваным канатам, каменем, што сарваўся пад нагой. Усё пачынаецца звычайна, як кожны дзень узыходжання. Сцяна, шлях на пік, а пазней раптам крык.

Горы высокія, што іх прымушае з вамі змагацца? Рызыка, смерць – тут усё ня мае значэння. Самая вялікая справа – разбурыць мур свайго страху, сто ўпадзе, але наступныя пойдуць далей.

Горы высокія, я ведаю, што іх прымушае з вамі змагацца. Рызыка, смерць – яны заўсёды ідуць тут у пары. На вейках іней, іншыя ўжо ідуць далей. На тварах снег, але ёсць ужо іншыя, новыя, смелыя.

Толькі часам задуменнасць, толькі часам задуменнасць.

Ты сам можаш выбіраць лёс, шлях на вяршыню. Ты сам можаш выбіраць лёс, зразумей гэта, узыдзі на пік!

Тэкст песні напісаў Адам Сікорскі, музыку – Рамуальд Ліпка і Кшыштаф Цугоўскі.

Sam możesz wybierać los – сам можаш выбіраць свой лёс. Гэтыя словы могуць падацца парадаксальнымі. Нагадаю, што песня была напісана пад уплывам сумных падзей – трагічнай смерці двух польскіх скалалазаў, якія загінулі пад лавінай у гарах Гімалаях. Здавалася б, яны ўжо нічога не могуць выбраць, бо іх няма ў жывых. Аднак гэтая песня – гімн свабодзе, праву чалавеку самаму выбіраць свой жыццёвы шлях, нават калі ён небяспечны і можа прывесці да смерці, як у дадзеным выпадку. Тым не менш, аўтар не асуджае альпіністаў, не папракае іх, маўляў, навошта было лезці на гару, а ўсхваляе іх смеласць і імкненне перамагчы свой страх, дабіцца пастаўленай мэты.

Szczytów szlak – пікаў шлях, дарога на пік. Szlak і шлях – гэтыя словы гучаць на польскай і беларускай мове вельмі падобна і азначаюць яны тое ж самае – нейкі кірунак, дарогу. На звычайную дарогу так па-польску нельга сказаць, але ёсць устойлівыя словазлучэнні з выразам szlak, напрыклад, szlak wodny (водны шлях), szlak turystyczny (турысцкая сцяжынка). Ёсць таксама папулярныя праклёны з вельмі падобным словам, якое гучыць практычна таксама як шляк, але на канцы літара г – szlag азначае апаплексічны ўдар. Калі паляка хтосьці або нешта раззлуе, то ён скажа niech go szlag – каб ён здох!, жыцця б ён не ведаў! Або niech to szlag – чорт пабяры, блін.

Больш на гэтую тэму: Музычны ўрок польскай мовы