Беларуская Служба

«Па-беларуску без памылак»: агульная характарыстыка дзеяслова

01.03.2020 12:18
Інфінітыў і дзеепрыслоўе – нязменныя формы дзеяслова, астатнія – зменныя.
Аўдыё
  -
Беларуская мова - марфалогіяфота: Беларуская служба Польскага радыё/radyjo.net

«Па-беларуску без памылак»: агульная характарыстыка дзеяслова

Дзеяслоў – гэта часціна мовы, якая выражае дзеянне або стан асоб, прадметаў, з’яў і выражае яго ў граматычных катэгорыях асобы, трывання, пераходнасці / непераходнасці, стану, ладу і часу. Формамі дзеяслова выражаюцца таксама катэгорыі ліку, а ў прошлым часе і катэгорыя роду.

Паняцце дзеяння ці стану, выражанага дзеясловам, шырокае. Дзеясловы могуць абазначаць:

  • канкрэтнае фізічнае дзеянне (будаваць, касіць, шыць);
  • рух, перамяшчэнне ў прасторы (ісці, ехаць, ляцець);
  • мову і думку (апавядаць, гаварыць, думаць);
  • адносіны асобы да каго-небудзь ці чаго-небудзь (кахаць, насміхацца, шанаваць);
  • стан (маўчаць, спаць, сядзець);
  • змену прыкметы ці стану (жаўцець, святлець, цямнець).

З семантычнага пункту гледжання дзеяслоў характарызуецца як носьбіт працэсуальнай прыкметы, якая доўжыцца ў часе, а з фармальнага – здольнасцю ўтварацца ад любых самастойных слоў, наяўнасцю такіх разрадаў унутры сябе, як інфінітыў, асабовыя і безасабовыя дзеясловы, пераходныя і непераходныя дзеясловы, зваротныя дзеясловы, дзеепрыметнікі, дзеепрыслоўі.

Інфінітыў і дзеепрыслоўе – нязменныя формы дзеяслова, астатнія – зменныя.

Зменным формам уласцівыя:

  • катэгорыя ліку, што залежыць ад тых слоў, з якімі дзеяслоў граматычна звязваецца ў выказванні (студэнт чытае – студэнты чытаюць, зжатае поле – зжатыя палі);
  • спражэнне асабовых форм дзеяслова (г.зн. змяненне па асобах і ліках у цяперашнім і будучым простым часе абвеснага ладу);
  • катэгорыі часу (цяперашняга, прошлага, будучага), стану (незалежнага і залежнага), трывання – катэгорыя трывання ўваходзіць у больш глабальную катэгорыю аспектуальнасці і звязаная з выражэннем абмежаванасці або неабмежаванасці дзеяння, якое мае часта суадносныя дзеяслоўныя формы закончанасці / незакончанасці.

Сінтаксічная роля розных дзеяслоўных форм неаднолькавая:

  • спрагальныя формы ў сказе выконваюць функцыю выказніка, таму іх называюць прэдыкатыўнымі (напр. Лес супакойвае, разганяе трывогу, нервознасць. Шам.);
  • інфінітыў (неазначальная форма дзеяслова) можа быць любым членам сказа: дзейніка і выказніка (напр. у прыказцы Век зжыць – не мех сшыць.), азначэння (напр. Мітынг скончыўся клятваю (якою?) біцца да канца з панамі. К-с), дапаўнення (напр. Лабановіч загадаў выхаванцам (што?) прынесці кнігі, сшыткі... К-с), акалічнасці (напр. Агонь, што расклалі (навошта? з якой мэтай?) пагрэцца, ламачча настылае ліжа. М.Т.);
  • усе дзеяслоўныя формы здольныя кіраваць скланяльнымі часцінамі мовы, якія выступаюць у ролі дапаўнення ці акалічнасці (прывезці з горада, прывезла з горада, прывезены з горада, прывёзшы з горада);
  • да ўсіх дзеяслоўных форм можа прымыкаць прыслоўе, паясняючы іх (уважліва прачытаць, уважліва прачытаў, уважліва прачытаны, уважліва прачытаўшы).

Пачатковай, зыходнай формай дзеяслова з’яўляецца інфінітыў, які не мае ні асобы, ні ладу, ні ліку, ні часу, але ўказвае на трыванне, стан, пераходнасць / непераходнасць, зваротнасць / незваротнасць. 

У форме інфінітыва дзеясловы падаюцца разнастайнымі слоўнікамі (арфаграфічнымі, марфалагічнымі, тлумачальнымі і інш.).

Фармальным паказчыкам інфінітыва служаць канцавыя марфемы (суфіксы):

  • -ць (далучаецца да асновы дзеяслова на галосны: даць, ехаць, крычаць),
  • -ці (далучаецца да асновы дзеяслова на зычны: везці, ісці, напасці),
  • -чы (далучаецца да асновы дзеяслова на заднеязычныя г, к: бегчы, секчы, пячы<*pekti).

Інфінітыў часта і вобразна ўжываецца ў мастацкай літаратуры (напр. А колькі майстроў – касіць, капіць, стагі складваць; жаць, малаціць, веяць! Пячы хлеб, варыць патраўку; калоць свіней, рэзаць цялят! Праць, ткаць, бяліць палатно! Пілаваць дровы, плесці лапці! Багата дзе ёсць чалавеку паказаць свой спрыт, свой талент!.. І.М.) У гэтым кароткім Мележаўскім тэксце дзеяслоў у сваёй неазначальнай форме выступіў аж 16 разоў.  

Шырэй гл.: Сучасная беларуская літаратурная мова. Марфалогія пад рэд. Ф.М. Янкоўскага, Мінск 1980; Л.А. Антанюк, Б.А. Плотнікаў, Беларуская мова: прафесійная лексіка, Мінск 2005

Ніна Баршчэўская

Больш на гэтую тэму: Па-беларуску без памылак