Катэгорыя стану выражае адносіны дзеяння да суб’екта – утваральніка дзеяння. Адносіны дзеяння да суб’екта дваякія: дзеянне можа быць накіравана або не накіравана на суб’ект, прычым лагічны суб’ект не заўсёды супадае з граматычным, г. зн. дзейнікам у сказе (параўн.: Студэнт прачытаў кнігу і Кніга прачытана студэнтам – лагічны суб’ект адзін, а дзейнік розны: у першым сказе – студэнт, у другім – кніга).
У сувязі з гэтым адрозніваюцца два станы дзеяслова: незалежны стан, калі дзеянне зыходзіць ад суб’екта, што з’яўляецца ў сказе дзейнікам (напр. Аўтар дапрацоўвае рукапіс. Вада падмывае бераг) і залежны стан, калі аб’ект дзеяння з’яўляецца ў сказе дзейнікам, а суб’ект дапаўненнем (напр. Рукапіс дапрацоўваецца аўтарам. Бераг падмываецца вадою). Падобныя сінтаксічныя канструкцыі называюцца адпаведна актыўнымі і пасіўнымі. Катэгорыя стану ахоплівае ўсе дзеясловы.
Да дзеясловаў незалежнага стану адносяцца:
- пераходныя дзеясловы (будаваць, мыць, чакаць...) – яны маюць прамое дапаўненне (будаваць дом, мыць посуд, чакаць сябра);
- непераходныя незваротныя дзеясловы (жыць, ехаць, спаць), сюды адносяцца і безасабовыя дзеясловы (вечарэе, днее, світае);
- зваротныя дзеясловы – утвораныя ад пераходных дзеясловаў (адзявацца, мыцца, сустракацца), утвораныя ад непераходных дзеясловаў (дыміцца, жаўцецца, стукацца), безасабовыя зваротныя дзеясловы (змяркацца, нездаровіцца, спіцца), зваротныя дзеясловы, якія ўжываюцца толькі з постфіксам -ся (баяцца, каласіцца, смяяцца).
У беларускай мове дзеясловы залежнага стану ўтвараюцца пераважна ад пераходных дзеясловаў незакончанага трывання, а ад пераходных дзеясловаў закончанага трывання ўтвараюцца дзеепрыметнікі залежнага стану (параўн.: Лекцыя слухаецца студэнтамі і Лекцыя праслухана студэнтамі).
Залежны стан утварае пасіўную канструкцыю, у якой дзейнік не з’яўляецца ўтваральнікам дзеяння, а прымае дзеянне іншага прадмета (залежыць ад яго) – суб’екта ў форме творнага склону. Гэта можа быць:
- творны дзейнага прадмета – інакш творны суб’екта (напр. П’еса папраўлялася і аўтарам, і рэжысёрам);
- творны сродку дзеяння (напр. Рэзалюцыі пісаліся алоўкамі, атрамантам).
Могуць быць таксама канструкцыі без творнага дзейнага прадмета, і яны ў сучаснай беларускай мове пераважаюць. Адсутнасць творнага дзейнага прадмета тлумачыцца па-рознаму:
- залежны стан можа абумоўлівацца семантыкай зваротных дзеясловаў (Нездарма кожны дзень дзесяткі і сотні заяў прыносіліся і прысылаліся. Бяд.);
- утваральнік дзяння можа быць вядомы з папярэдняга кантэксту (Часамі ён [Якуб Колас] намагаўся завяршыць пэўны раздзел трылогіі ў той самы дзень, калі пачынаў. Тады адпачынак адмяняўся ці пераносіўся на пазнейшы час. Луж.)
Некаторыя полісемічныя дзеясловы беларускай мовы з’яўляюцца двухстанавымі: іх граматычнае значэнне вызначаецца кантэкстам (параўн.: Мяч кідаўся гандбалістам па варотах – залежны стан; Ён кідаўся на мяне з кулакамі – незалежны стан).
Дзеясловы незалежнага стану ўжываюцца ва ўсіх граматычных формах. Дзеясловы залежнага стану часцей за ўсё маюць форму 3-й асобы адзіночнага і множнага ліку ўсіх трох часоў, а таксама форму дзеепрыметнікаў: дадзеныя формы спалучаюцца з назоўнікам у творным склоне.
Шырэй гл.: Сучасная беларуская літаратурная мова. Марфалогія пад рэд. Ф.М. Янкоўскага, Мінск 1980; Л.А. Антанюк, Б.А. Плотнікаў, Беларуская мова: прафесійная лексіка, Мінск 2005
Ніна Баршчэўская