Беларуская Служба

Фарбаванне яек: як гэта зрабіць экалагічна?

10.04.2020 16:38
Яшчэ некалькі дзесяцігоддзяў таму яйкі фарбавалі толькі пры дапамозе рэчаў, якія былі пад рукой. 
Аўдыё
.
.Alexas_Fotos/pixabay.com/C00

Неад’емным сімвалам Вялікадня з’яўляюцца яйкі. Яшчэ некалькі дзесяцігоддзяў таму яйкі фарбавалі толькі пры дапамозе рэчаў, якія былі пад рукой. Бадай самым папулярным спосабам фарбаваць яйкі было шалупінне ад цыбулі. І пра яго расказвае спадарыня Ганна са Шчучына:

-За дзень да таго, як фарбаваць яйкі, шалуху трэба заліць кіпнем, крыху паварыць і пакінуць на суткі. Яйкі павінны быць пакаёвай тэмпературы і памытыя. Іх кладзем у адвар з цыбулі, які павінен кіпець. Варым 10 хвілін. Колер атрымліваецца карычневы. Можна пасля яйкі пашмараваць алеем, каб яны блішчэлі.

Выкарыстоўваючы прадукты з кухні можа атрымаць і іншыя колеры. Зялёны – варачы яйкі ў шпінаце, ці нават у траве. Ружовы колер яйкам дадуць буракі, а блакітны - чырвоная капуста. Чорны колер атрымаецца, калі паварыць і пасля патрымаць яйкі ў адвары кары дуба. Каб колеры атрымаліся інтэнсіўныя і больш выразныя, лепш, каб яйкі былі белага колеру. Варта дадаць крыху воцату.

Аўтарка блогу Babaradzi.pl тлумачыць, што зрабіць, каб яйкі былі жоўтага колеру:

- Для гэта мне трэба дзве шклянкі вады, шэсць лыжачак куркумы і лыжачка солі, каб яйка не трэскаліся падчас гатавання. Вады павінна быць столькі, каб яйкі былі закрытыя. Да так падрыхтаванага раствору дадаем яйкі, лепш за ўсё як мага больш белыя, каб выйшаў прыгожы колер. І пачынаем гатаваць. Калі вада пачне кіпець, яйкі варым 10 хвілін, каб яны не былі ўсмятку. Звараныя ў куркуме яйкі мы перакладваем у іншую ёмістасць і на некалькі гадзін пакідаем у растворы. Лепш за ўсё пакінуць на ноч, каб яны добра «злапалі» колер. Каб яны атрымаліся яшчэ больш прыгожымі, трэба дадаць лыжку воцату. У выніку атрымаецца жоўта-аранжавы, вельмі прыгожы колер.

Яйкі, пафарбаваныя экалагічна, напэўна больш карысныя для здароўя.

ав

Больш на гэтую тэму: Экалогія ў сучасным свеце