Беларуская Служба

Музычны ўрок польскай мовы: Бернард Ладыш выконвае песню «Moja Matko»

16.04.2020 16:25
Польскую версію славутай украінскай «Пісні про рушник» выконвалі Бернард Ладыш і Леакадзія Рымкевіч.
Аўдыё
  • Польскую версію славутай украінскай «Пісні про рушник» выконвалі Бернард Ладыш і Леакадзія Рымкевіч.
.
Б. ЛадышFoto: Adam Rozlach/PR

Мы звяртаемся да вядомай украінскай песні, але ў польскім выкананні. Лірычная, кранальная «Пісня про рушник» здабыла вялікую папулярнасць у Савецкім Саюзе напрыканцы 1950-ых пачатку 60-ых гадоў. Песня авалодала сэрцамі мільёнаў жыхароў Краіны Рад, дзякуючы камедыйнаму мюзіклу «Маладыя гады», які выйшаў на экраны ў 1959 годзе.

Словы песні, прысвечанай любові сына да маці напісаў украінскі паэт Андрій Малышка, а музыку кампазітар Платон Майбарада. Самым вядомым выканаўцам «Пісні про рушник» стаў украінскі спявак Дмытро Гнацюк. Смутная і душэўная песня нярэдка прымушае заплакаць. Кожны без выключэння прыгадвае сваю матулю. Польская версія адназначна захавала гэту ўнікальную здольнасць твору.

У Польшчы гэта песня ўпершыню з’явілася на пачатку 1960-ых гадоў. Тут яе бліскуча выканалі славуты польскі оперны спявак бас-барытон Бернард Ладыш і яго жонка Леакадзія Рымкевіч-Ладыш.

Легендарны Бернард Ладыш акрамя надзвычайна прыгожага і глыбокага голасу мае не менш адметны жыццярыс. Ладыш нарадзіўся 24 ліпеня 1922 года ў Вільні.

У 1939 годзе ён быў жаўнерам польскай арміі, пасля яе капітуляцыі сышоў у падполле дзе быў сяржантам Арміі Краёвай у Віленскай акрузе. Удзельнік аперацыі «Бура» на Віленшчыне, арыштаваны НКУС – сасланы ў глыб Расіі у Калугу, горад на Аке. Там будучая зорка польскай оперы Бернард Ладыш знаходзіўся ў 1944-1946 гадах. Забягаючы наперад, у 1980-ыя гады Ладыш выдаў у Польшчы кружэлку, у якой ён выконвае вядомыя рускія рамансы, у тым ліку катаржныя песні, некаторыя ў перакладзе на польскую мову. Варта вылучыць яго польскае выканне песні «По диким степям Забайкалья».

Спеў Беранд Ладыш пачаў вывучаць Вільні ў 1940 годзе, працягнуў у 1946-1948 гадах на Факультэце вакалу ў Дзяржаўнай вышэйшай музычнай школе ў Варшаве. Прафесійную музычную кар’еру распачаў у 1950-ым годзе ў шэрагах Прадстаўнічага калектыву Польскага войска. З 1950 па 1979 год быў салістам Варшаўскай оперы і Вялікага тэатру.

У 1956 годзе Бернард Ладыш перамог на міжнародным пеўчым конкурсе ў Верчэлі, дзе атрымаў вышэйшую прэмію «Il primo premio assoluto». З гэтага моманту пачалася яго міжнародная кар'ера. Затым ён паступіў у трупу ў Teatro Massimo у Палерма.

Ладыш з вялікім поспехам гастраляваў па ўсіх кантынентах – ад Аўстраліі да Амерыкі і Азіі. Як першы польскі выканаўца запісаў сольную партыю для сусветна вядомай кампаніяй грамзапісу «Columbia». Партыя была запісана ў дуэце з Марыяй Калас. Затым «Columbia» запрасіла Ладыша запісаць цэлую ўласную пласцінку з арыямі Джузэпэ Вэрдзі ды творамі некаторых рускіх кампазітараў.

Ігар Белза, выбітны савецкі музыказнаўца, аўтар дзясяткаў манаграфіяў, прысвечаных польскай музыцы, пасля выступленняў Бернарда Ладыша ў Маскве, на старонках «Праўды» напісаў наступнае: «Вялікі тэатр Варшавы валодае такімі выдатнымі спевакамі, як адзін з лепшых басоў свету – Бернард Ладыш».

Цяпер Бернард Ладыш вядзе ціхае жыццё пенсіянера, нягледзячы на салідны ўзрост, нагадаем сёлета яму споўніцца 98 гадоў, зрэдку з’яўляецца на сцэне і абавязкова выконвае песню «Moja Matko».

 

Moja Matko ja wiem, wiele nocy nie spałaś,

Gdym opuszczał swój dom, aby iść w obcy świat.

I na szczęście dalekie, skromny dar, lniany ręcznik mi dałaś,

Haftowany przez ciebie i barwny jak kwiat.

Haftowany przez ciebie wzorzysty i barwny jak kwiat.

 

Маці мая, я ведаю, многа начэй ты не спала.

Калі я пакідаў свой дом, каб пайсці ў чужы свет.

І на далёкае шчасце, сціплы падарунак (дар), ільняны ручнік мне дала.

Ты яго вышыла і ён каляровы, як кветка.

Ты яго вышыла, узорысты і каляровы, як кветка.


У гэтым куплеце варта звярнуць увагу на слова obcy – чужы. Ад яго ўтвараецца многа распаўсюджаных і важных словаў: obcokrajowiec – чужаземец, obcość – чужасць, obczyzna – чужая краіна, замежжа.


Na nim kwitną do dziś tulipany i wiśnie,

Żywa wciąż zieleń łąk, śpiew słowika wśród bzów.

I jedyny na świecie drogi mi, trochę smutny twój uśmiech.

Nade wszystko kochane, twe oczy są tu.

Nade wszystko kochane, twe oczy błękitne są tu.


На ім (на рушніку) дагэтуль квітнеюць цюльпаны і вішні.

Дагэтуль жыва зелень лугоў, спеў салаўя сярод бэзу.

І адзінае на свеце дарагая мне, твая трошкі смутная ўсмешка.

Больш за ўсё любімыя, твае вочы тут.

Больш за ўсё любімыя, твае блакітныя вочы тут.


Зараз варта звярнуць увагу на слова łąka – луг. У песні zieleń łąk – зелень лугоў, зелень чаго? множны лік ад łąka – łąk – лугоў.

 

Gdy mi smutno i źle, idę w leśną gęstwinę,

W szumie dębów i traw wspomnę te dawne dni.

Na zwalonym przez burzę, starym pniu barwny ręcznik rozwinę,

Wtedy wraca twa miłość i szczęście i łzy.

Na zwalonym przez burzę, starym pniu barwny ręcznik rozwinę,

Wtedy wraca twa miłość matczyna i szczęście i łzy.

 

Калі мне смутна і кепска, іду ў лясны гушчар.

Сярод шуму дубоў і траў прыгадаю тыя даўні дні.

На паваленым бурай, старым пню, разгарну каляровы рушнік.

Тады вяртаецца твая любоў і шчасце, і слёзы.

На паваленым бурай, старым пню, разгарну каляровы рушнік.

Тады вяртаецца твая матчына любоў і шчасця, і слёзы.


Разбіраючы самы сентыментальны ўрывак песні немагчыма не звярнуць увагу на словы łzy – слёзы, miłość – любоў і каханне. У адрозненні ад беларускай мовы, у польскай назоўнік miłość не мае рамантычнага разгалінавання. Міłość можна адчуваць як да матухны, так і да каханай дзяўчыны.

Мы звярнуліся адначасова да ўкраінскай і польскай культуры. Польскую версію славутай украінскай «Пісні про рушник» выконвалі Бернард Ладыш і Леакадзія Рымкевіч.

Матэрыял падрыхтаваў Эдуард Жолуд.

Слухайце аўдыё!

 

Больш на гэтую тэму: Музычны ўрок польскай мовы