У пятніцу ў Вадавіцах распачаўся бэатыфікацыйны працэс Эміліі і Караля Вайтылаў, бацькоў Папы рымскага Яна Паўла ІІ. У базыліцы Ахвяравання Найсвяцейшай Дзевы Марыі прайшло першае ўрачыстае паседжанне бэатыфікацыйных трыбуналаў.
Адказнай асобай за падрыхтоўку і правядзенне працэсу з’яўляецца ксёндз Славамір Одэр, які выконваў такую ж функцыю падчас бэатыфікацыйнага і кананізацыйнага працэсаў Яна Паўла ІІ.
Галоўны рэдактар каталіцкага тыднёвіка «Idziemy», ксёндз Генрык Зялінскі кажа, што атмасфера святасці ў сям’і будучага пантыфіка сфармавала духоўны каркас Яна Паўла ІІ.
-У Стырым Запавеце чытаем, што Бог ушанаваў бацьку праз дзяцей, а правы маці зацвердзіў над сынамі. Таму святасць патомкаў з’яўляецца пэўным крытэрам, каб прасачыць жыццё яго бацькоў. Кожны чалавек аднекуль вырастае, мае веру і вучыцца павагі да іншага чалавека.
Ксёндз Генрык Зялінскі падкрэслівае, што прыклад бацькі быў вельмі важным у выхаванні Караля Вайтылы:
-Святы Ян Павал ІІ успамінаў бацьку, які маліўся на каленях начамі. Бацьку, які пасля смерці мамы самастойна нёс цяжар бацькоўства. Гэта быў цвёрды, моцны чалавек, але адначасова малы Караль бачыў яго на каленях перад Богам. Гэта будавала ў ім велізарную павагу да Бога, які з’яўляецца Айцом.
Эмілія Вайтыла (дзявочае прозвішча Качароўская) сваімі геройскімі паводзінамі стала абаронцам святасці жыцця:
-На першы план выходзіць не толькі яе марыйная пабожнасць, але і незвычайная павага для жыцця. Яна была гатовая рызыкаваць жыццё, бо роды 2 і 3 дзіцяці былі цяжкімі. Яна гатовая была ахвяраваць сваё жыццё, каб выратаваць ненароджанае жыццё. Я думаю, што ў сённяшнія часы гэта вельмі важны фактар, калі часта паяўляецца клопат з ненароджаным жыццём.
Да 100-й гадавіны народзін папы-паляка выйшла біяграфія «Эмілія і Караль Вайтылы. Бацькі св. Яна Паўла ІІ». Аўтарка кнігі Мілена Кіндзюк з Універсітэту кардынала Вышыньскага сказала Польскаму радыё, што галоўным сведкам жыцця Эміліі і Караля Вайтылаў быў сам папа, які часта расказваў пра сваіх бацькоў, іх прыклад веры ў штодзённым жыцці. Часта ўспамінаў пра свайго бацьку:
-Ён казаў пра яго цудоўныя словы: «Маё дзяцінства і юнацтва звязаныя перш за ўсё з постаццю бацькі, якога я лічыў незвычайным чалавекам». Ён памятаў, калі, будучы хлопчыкам, прачынаўся і бачыў бацьку, які стаяў на каленях і маліўся. Моцнага мужчыну, вайскоўца, які ўстае ноччу, каб маліцца.
Мілена Кіндзюк даведалася пра гісторыю, звязаную з народзінамі малога Караля і гераічнымі паводзінамі яго маці Эміліі, якой па прычыне слабога стану здароўя рэкамендавалі спыніць цяжарнасць.
-Калі ў 1919 годзе яна зноў зацяжарала, аказалася, што няма шанцаў, каб вынасіць дзіця. Эміля вырашыла, нягледзячы ні на што, дазволіць нарадзіцца дзіцяці. Яе муж, Караль Вайтыла, знайшоў іншага лекара, чым той, які прапанаваў аборт. Гэта быў габрэйскі лекар Самуэль Таўп, вельмі вядомы ў Вадавіцах. Гэты лекар згадзіўся, пад выключную адказнасць Вайтылаў, весці цяжарнасць Эміліі.
Уступ да кнігі напісаў асабісты сакратар Яна Паўла ІІ кардынал Станіслаў Дзівіш. Ён таксама з’яўляецца адным са сведкаў бэатыфікацыйнага працэсу Эміліі і Караля Вайтылаў.
ав