Беларуская Служба

Гісторык з Масквы: У 1918-1921 гг. паміж Польшчай і Расіяй нараджалася Беларусь

21.05.2020 10:01
Старшы навуковы супрацоўнік Расійскай АН Дар'я Караткова выдала кнігу пра Беларусь у савецка-польскіх адносінах у 1918-1921 гг.
Аўдыё
  • "Варшаўскі мост". Д.Караткова пра Польшчу і Беларусь у 1918-1921 гг. Ч. 1.
  • "Варшаўскі мост". Д.Караткова пра Польшчу і Беларусь у 1918-1921 гг. Ч. 2
        - .      . 19181921 ..
Дар'я Караткова са сваёй кнігай «Белорусские земли в советско-польских отношениях. Разменная карта в противостоянии двух держав. 1918–1921 гг.».Дарья Короткова

15 жніўня будзе адзначацца стагоддзе Варшаўскай бітвы, калі польскія войскі адкінулі Чырвоную Армію ад Варшавы і спынілі наступленне рускіх бальшавікоў на польскую дзяржаву. Гэта быў адначасова перыяд, калі вырашаўся лёс беларускіх зямель: дзе ім быць — у складзе Польшчы ці Расіі або стаць незалежнай дзяржавай. У 1921 годзе лёс Беларусі быў вызначаны: яна была падзелена паміж Польшчай і Расіяй — і такой заставалася да 1939 года.

1918-1921 гады былі лёсавызначальныя і для Польшчы, і для Беларусі. Гэты перыяд даследуе маскоўская вучоная Дар'я Аляксандраўна Караткова, кандыдат гістарычных навук, старшы навуковы супрацоўнік аддзела ўсходняга славянства Інстытута славяназнаўства Расійскай АН. Яна працуе ў інстытуце з 2017 г.

Дар’я Караткова нарадзілася 13 мая 1981 г. у Маскве. У 2003 г. скончыла гістарычны факультэт МДУ. У 2012 г. там жа скончыла аспірантуру і ў 2015 г. абараніла кандыдацкую дысертацыю «Беларусь у савецка-польскіх адносінах у 1918-1921 гг.». Летась убачыла свет яе кніга: Д.А. Короткова. Белорусские земли в советско-польских отношениях. Разменная карта в противостоянии двух держав. 1918–1921 гг. — Москва: Центрполиграф, 2019. 222 с. (Новейшие исследования по истории России).

Кніга прысвечана гісторыі беларускага дзяржаўнага будаўніцтва ў кантэксце савецка-польскага супрацьстаяння ў 1918-1921 гг. Праведзены аналіз пазіцый асноўных палітычных сіл Беларусі па пытанні пра лёс беларускіх зямель ва ўмовах падзелу краю, формы ўдзелу беларускіх палітычных груповак у вызначэнні лёсу іх бацькаўшчыны. Якія фактары паўплывалі на тэрытарыяльныя прэтэнзіі Польшчы да РСФСР на першым этапе польска-савецкага канфлікту ў лютым 1919 — красавіку 1920 г.? Як вырашалася беларуская праблема ў ходзе савецка-літоўскай і савецка-польскай мірных канферэнцый у 1920-1921 гг.? — задаецца пытаннямі Дар’я Караткова.


Кніга Дар'і Каратковай «Белорусские земли в советско-польских отношениях. Разменная карта в противостоянии двух держав. 1918–1921 гг.». Кніга Дар'і Каратковай «Белорусские земли в советско-польских отношениях. Разменная карта в противостоянии двух держав. 1918–1921 гг.».

Дар’я Караткова:Драматычная, часта трагічная гісторыя беларускай шматпакутнай зямлі не можа не прыцягваць увагі. Перапляценне многіх народаў, культурных традыцый стварае непаўторнае аблічча беларуска-літоўскіх зямель. Акрамя таго, мне здаецца, што беларуская гісторыя несправядліва абдзелена ўвагай даследчыкаў. Часта любое ўпамінанне беларусаў ідзе «праз коску»: украінцы, беларусы і літоўцы. У апошнія гады гэты перакос трохі выпраўляецца, аднак да гэтага часу ў расійскай гістарыяграфіі, на мой погляд, зусім не дастаткова работ, прысвечаных непасрэдна нашай бліжэйшай суседцы. Стараюся па меры сіл гэта выправіць.

Што новага вам удалося адкрыць у працэсе даследавання?

Дар’я Караткова:Мая кніга прысвечана падзеям самага цікавага, на мой погляд, і ключавога для цэлага стагоддзя перыяду 1918-1921 гг. Наогул, дзіўна, як радыкальна за зусім невялікі адрэзак часу ад пачатку Першай сусветнай вайны да прыкладна 1922 г. змянілася ўсё, ад бытавых нейкіх дэталяў да самых глабальных, якія здаваліся непарушнымі асновамі існавання еўрапейскай цывілізацыі. У 1918-1921 гг. на аскепках Расійскай імперыі адбываліся вырашальныя сутыкненні, якія вызначылі ў далейшым аблічча рэгіёну. Характэрна, што большая частка гэтых гульцоў была такая, што іх з'яўленне было б цяжка прадбачыць нават за пару гадоў да гэтых падзей: акрамя адроджанай Польшчы з яе старымі традыцыямі барацьбы за адраджэнне, іншыя выйшлі на арэну толькі к сярэдзіне 1917 г.: гэта і бальшавікі, і новыя нацыянальныя рухі, у тым ліку і беларускі. У перыяд ад Брэст-Літоўскай мірнай канферэнцыі да падпісання савецка-польскага мірнага дагавора ў 1921 г. на беларускіх тэрыторыях паслядоўна абвяшчаліся дзяржаўныя ўтварэнні: Беларуская Народная Рэспубліка, Літоўска-Беларуская савецкая рэспубліка, БССР. Свой сцэнарый стварэння саюзнай ёй літоўска-беларускай дзяржавы, а затым стварэння беларускай аўтаноміі спрабавала ажыццявіць і Польшча. У кнізе я прааналізавала матывы рашэнняў, якія прымалі як РСФСР і Польшча, так і розныя беларускія групоўкі па тэрытарыяльных і нацыянальных праблемах рэгіёну. Уласна, мне хацелася спалучыць два наратывы — савецкі і нацыянальны, паглядзець з двух бакоў, як бачыўся працэс нацыябудаўніцтва з Масквы і з Вільні з Менскам, з асноўных цэнтраў беларускага руху. Якое значэнне меў беларускі кірунак для савецкага кіраўніцтва, як яно ацэньвала магчымасці беларускага руху, якую ролю ў сваіх планах яму адводзіла. Маёй задачай было сабраць разам разрозненыя фрагменты палітыкі бальшавікоў на беларускім кірунку, паказаць, як, у залежнасці ад змен на знешнепалітычнай арэне, мянялася палітыка ў нацыянальным пытанні на беларускіх землях. Я прыходжу да вываду, што лозунгі нацыянальнага самавызначэння сталі толькі прыкрыццём для сутыкнення інтарэсаў Савецкай Расіі і Польшчы, што мела далейшыя наступствы для рэгіёну, які апынуўся на стыку Версальскай і савецкай сістэм бяспекі. Беларускі рух было толькі адным з інструментаў гэтай барацьбы. Тым не менш, само яго існаванне мела велізарнае значэнне для лёсаў краю. Вось такі парадокс.

Польшча і яе суседзі ў 1918-1922 гг. (паводле Хэнрыка Зяліньскага). Польшча і яе суседзі ў 1918-1922 гг. (паводле Хэнрыка Зяліньскага).

Як падзеі 1918-1921 гг. паўплывалі на лёсы Беларусі і Польшчы, калі глядзець на іх, з аднаго боку, з перспектывы 1921 г., з другога з 1939 г., а з трэцяга — сёння?

Дар’я Караткова:Вядома, значэнне падзей, якія адбыліся ў такі кароткі прамежак часу, цяжка пераацаніць. Калі гаварыць нават толькі пра наш рэгіён, то ў гэты час была цалкам перакроена палітычная карта: вярнулася на яе пасля 120-гадовага перапынку Польшча, у зусім іншым фармаце, чым раней, адрадзілася Літва, з'явіліся ўпершыню Латвія і Эстонія ў якасці самастойных ігракоў. Усходнеславянскія народы украінцы і беларусы заявілі пра сябе, і, хоць незалежнасць іх не была ажыццёўлена, тым не менш, гэта спроба дала магутны штуршок іх нацыянальнаму развіццю, станаўленню гэтых народаў у якасці палітычных нацый. Можна сказаць, што быў пакладзены пачатак працэсу, які працягваецца ў нашы дні, і, хачу падкрэсліць, не завершаны да гэтага часу. Але яго пачатак гэта менавіта перыяд 1918-1921 гг. Таму, у прыватнасці, гэты перыяд так цікавы для даследчыкаў. Гэта калі гаварыць аб сучасным поглядзе на тыя падзеі. У 1921 г. Рыжскі мір паклаў доўгачаканы канец вайне, з аднаго боку, а з другога — яго вынікі былі расчараваннем для абсалютна ўсіх ігракоў: Савецкая Расія не атрымала бяспечнай для сябе граніцы па лініі Керзона; Польшча вымушана была адмовіцца ад ідэі стварэння федэрацыі ўсходнееўрапейскіх дзяржаў і наўзамен атрымала таксама далёка не ўсе тэрыторыі, на якія прэтэндавала; беларускі і ўкраінскі праекты пацярпелі паражэнне. Такім чынам, у 1921 г. асноўным настроем можна назваць расчараванне. Што, вядома, мела свае наступствы ў 1939 г. Уваходзячы на ​​тэрыторыю Заходняй Беларусі і Заходняй Украіны, савецкае камандаванне падкрэслівала менавіта гэты матыў аднаўлення справядлівасці, перагляду Рыжскага дагавора, гаварылася пра ўз'яднанне беларускіх і ўкраінскіх зямель. Савецкая Расея брала на сябе ролю заступніка нацыянальных беларускага і ўкраінскага праектаў, у якасці, зразумела, прапагандысцкага ходу. Аднак варта заўважыць, што ідэі аб тэрытарыяльным складзе незалежных дзяржаў 1918 г. мелі непасрэдны ўплыў на ацэнку савецкай прапагандай інтэрвенцыі на ўсходнепольскія землі як ўз'яднання падзеленых ўкраінскіх і беларускіх зямель. Гэта азначала, што праекты, якія пацярпелі паражэнне ў 1921 г., даказалі сваю жыццяздольнасць, да іх працягвалі вяртацца. Вельмі ўдалае вызначэнне, на маю думку, даў гэтаму феномену градзенскі гісторык Андрэй Чарнякевіч: гэта быў у нейкім сэнсе сапраўды трыумф пераможаных. Аўтары праекта не здолелі ўвасобіць яго ў жыццё, тым не менш, праз дзесяцігоддзі створаныя імі контуры беларускай тэрыторыі ні ў каго не выклікаюць сумненняў. Гэта тым больш дзіўна, што непасрэдна ў сучаснікаў гэтыя праекты выклікалі толькі ўсмешку, як пустыя фантазіі.

Вы даследавалі пытанне ўзбуйнення БССР у 1924 і 1926 гг., г.зн. перадачу ў склад БССР са складу РСФСР ўсходнебеларускіх зямель. Як уплывала на гэты працэс знешняя палітыка, факт ўваходжання ў склад Польшчы заходнебеларускіх тэрыторый?

Дар’я Караткова:Знешняя палітыка ўплывала на гэту сітуацыю самым непасрэдным чынам. Вядома, пасля заключэння саюзнага дагавора 30 снежня 1922 г. ва ўсіх рэспубліках СССР яшчэ некалькі гадоў працягваўся працэс удакладнення і перагляду граніц, удакладняўся этнічны склад, аналізаваліся эканамічныя сувязі рэгіёнаў. Тым не менш, можна ўпэўнена казаць аб тым, што ў заходняй частцы Савецкага Саюза да меркаванняў пра нацыянальны склад і эканамічную мэтазгоднасць дадавалася знешнепалітычная складальная. Рэакцыя на ўзбуйненне БССР у Польшчы пралічвалася як адно з важных наступстваў гэтага кроку. Гэта відаць з дакументаў таго часу: перагляд тэрытарыяльнага складу БССР кансультаваўся як з НКЗС СССР, так і з пасольствам СССР у Польшчы, і нават больш за тое, такія кансультацыі праводзіліся з прадстаўнікамі беларускага руху. Запуску першага ўзбуйнення БССР папярэднічала кансультацыя з Антонам Луцкевічам, які па просьбе савецкіх дыпламатаў пісаў мемарандум на гэту тэму, яго прапановы затым разглядаліся міжведамаснай камісіяй па падрыхтоўцы ўзбуйнення нароўні з дакладамі кіраўніцтва БССР. Мела значэнне  рэакцыя замежных беларусаў падчас другога ўзбуйненне ў 1926 г., якое праводзілася пры досыць значным супраціўленні мясцовых улад, і незавершанасць працэсу ўзбуйнення ў 1924 г. з пункту гледжання замежных беларускіх дзеячаў была ледзь не асноўным аргументам пры яго правядзенні ў 1926 г., паколькі Гомель і яго наваколлі былі настолькі абруселыя да таго часу, што вельмі многія выказвалі сумненні ў неабходнасці гэтага кроку. Тым не менш прапагандысцкае значэнне гэтага кроку пераважыла сумненні, паколькі завяршэнне кансалідацыі ўсіх беларускіх зямель на ўсход ад граніцы БССР было магутным аргументам, каб прымусіць практычна ўсе замежныя беларускія групы арыентавацца на Менск як сапраўднага прадстаўніка інтарэсаў беларускага народа. Што, у сваю чаргу, дазваляла пашырыць уплыў камуністычнай партыі на больш шырокія слаі насельніцтва Польшчы, у прыватнасці.

Як вы лічыце, Беларусь была ў 1918-1921 гг. самастойным іграком або толькі пешкай у гульні Польшчы і Расіі?

Дар’я Караткова:Як вядома, спробы лідараў беларускага руху стварыць нацыянальныя ўзброеныя сілы па шмат якіх прычынах не мела поспеху. Ва ўмовах пастаянных баявых дзеянняў, а беларускія землі ўвесь гэты час служылі арэнай сутыкнення розных сіл, гэта было, вядома, ключавым фактарам правалу беларускага праекта. Гэта відавочна. Абодва бакі выкарыстоўвалі лозунгі беларускага руху ў сваіх мэтах; нават не самі гэтыя групоўкі, а іх лозунгі. Гаварыць у такой сітуацыі пра тое, што Беларусь была самастойным іграком, не даводзіцца. Да таго ж і ўзровень падтрымкі нацыянальнага руху ў самой Беларусі быў вельмі нізкі. Тым не менш, хачу падкрэсліць, што без праекта БНР, без гэтых безнадзейных спроб, не было б ні сучаснай Беларусі, ні, мабыць, ужо і беларускага народа.

Як падзеі 1918-1921 гг. адгукаюцца ў сучасных Беларусі, Польшчы і Расіі?

Дар’я Караткова:Як я ўжо сказала, гэты перыяд, падзеі гэтага часу шмат у чым вызначылі сучаснае аблічча рэгіёну. Найменш супярэчлівай гэта спадчына з'яўляецца, бадай, для палякаў. Адраджэнне дзяржавы ўспрымаецца як абсалютнае дабро, а перамога над Чырвонай арміяй у 1920 г. з'яўляецца крыніцай нацыянальнага гонару. Для Расіі ж і Беларусі ўсё трохі складаней. Падзел на прыхільнікаў і праціўнікаў камуністычнага праекта не пераадолены дагэтуль, і спрэчкі аб тым, ці былі тыя падзеі дабром ці, наадварот, катастрофай, будуць яшчэ нямала часу працягвацца. Спадкаемцам якога ўтварэння лічыць сябе сучаснай Беларусі — БНР ці БССР? Савецкі Саюз быў турмой народаў ці, наадварот, кузняй нацый? СССР прыгнятаў нярускія народы ці дазволіў ім стварыць базу для самастойнага існавання? Чым з'яўлялася рэвалюцыя 1917 г. для рускага народа, ці варта яна была мільённых ахвяр? Усе гэтыя пытанні актыўна дыскутуюцца ў расійскім і беларускім грамадствах.

Віктар Корбут

Слухайце аўдыё

Больш на гэтую тэму: Варшаўскі мост