Беларуская Служба

«Па-беларуску без памылак»: характарыстыка злучнікаў

01.06.2020 16:24
Злучнік– непаўназначнае службовае слова, якое звязвае лексемы ў сказе, а сказы ў тэксце, выражае паміж імі граматычныя і семантычныя адносіны, выконвае сінтаксічную, арганізацыйную ролю.
Аўдыё
 :
Беларуская мовы: прафесійная лексікаБеларуская служба Польскага радыё/radyjo.net/Яланта Смялоўская

Злучнік– непаўназначнае службовае слова, якое звязвае лексемы ў сказе, а сказы ў тэксце, выражае паміж імі граматычныя і семантычныя адносіны, выконвае сінтаксічную, арганізацыйную ролю.

З улікам менавіта сінтаксічных функцый злучнікі падзяляюцца на:

  • злучальныя, што служаць для аб’яднання сінтаксічна раўнапраўных адзінак мовы (слоў, словазлучэнняў, сказаў),
  • падпарадкавальныя, якія выкарыстоўваюцца для сувязі сінтаксічна нераўнапраўных кампанентаў (частак складаназалежнага сказа).

Сярод злучальных выдзяляюцца:

  • спалучальныя – выражаюць адносіны пералічэння, спалучальнасці (і, ды – у значэнні і, як …так, ні …ні, напр.: Зоркі гараць у вачах і вадзе, і ёсць для надзеі прычына. Панч.);
  • супастаўляльныя – выражаюць адносіны неадпаведнасці і супрацьпастаўлення (а, аднак, але, ды – у значэнні але, затое, не толькі … але, напр.: Люда не вельмі радавалася жніву, затое Васіліна была на ўзлёце. Хадк.);
  • пералічальна-размеркавальныя – паказваюць на чаргаванне з’яў або на рэальнасць толькі аднаго з некалькіх фактаў ці падзей (або, ці, або… або, ці … ці, напр.: Ці то птушкі пяюць, ці то пераліваюцца, журчаць ручаі над вузлаватым карэннем соснаў. Лыньк.);
  • далучальныя – выкарыстоўваюцца для сувязі сінтаксічных адзінак, якія маюць значэнне дадатковай інфармацыі, што не прадугледжвалася раней, а ўзнікла пасля выказанай думкі (ды і, ды і то, напр.: Гара невысокая, ды і то з яе з’ехаць цяжка. Кр.).

Сярод падпарадкавальных злучнікаў адрозніваюцца:

  • тлумачальныя (што, як, чым, напр.: Не ведаў я, што нашы сцежкі так разышліся назаўжды. Вас.);
  • прычынныя (бо, таму што, напр.: Паколькі фатограф той быў выдатны прафесіянал, я быў задаволены нашым супрацоўніцтвам. Я.Б.);
  • часавыя (калі, як, пакуль, напр.: ...ён [вецер] асабліва памацнеў, як узабраліся на гару. Асіп.);
  • умоўныя (каб, калі б, раз, напр.: Калі б на хмель не мароз, ён бы тын перарос. Прык.);
  • мэтавыя (для, каб, абы, напр.: Стойкім трэба і мужным быць, каб перамогу ў змаганні здабыць. К.Б.);
  • выніковыя (дык, то, напр.: Шмат пахадзіў па свеце, дык і пабачыў усяго. Е.Л.),
  • уступальныя (хоць, няхай, напр.: Хай бывае цяжка часам, не здаюцца нашы сэрцы; хоць галовы пабялелі, ды глядзім наперад смела. Бр.);
  • параўнальныя (як, чым, нібы, напр.: Нібыта галінка ракою, плыву я, не знаю спакою. Вяр.).

Прамежкавае становішча паміж злучальнымі і падпарадкавальнысм злучнікамі займаюць г.зв. паясняльныя злучнікі – яны служаць для сувязі сінтаксічных адзінак, з якіх наступная паясняе першую, больш дакладна, зразумела акрэсліваючы яе (або, ці, гэта значыць, а іменна, менавіта, напр.: Кожны мацярык мае і сваю адметную фаўну, ці жывёльны свет.

Злучнікі могуць быць полісемантычнымі:

  • выражаць, напрыклад, і раўнапраўныя адносіны паміж часткамі выказвання, і супастаўляльныя (параўн.: я ды ён; не я, ды ён);
  • часавыя і ўмоўныя (параўн.: наведаю, калі буду мець час; калі не дамовімся, будзе кепска).

З генетычнага пункту гледжання злучнікі падзяляюцца на:

  • невытворныя (а, і, але, ды)
  • і вытворныя, што паходзяць ад слоў іншых часцін мовы:
  • займеннікаў (што, таму што),
  • прыслоўяў (калі, пакуль, як),
  • дзеясловаў (няхай, хаця),
  • часціц (ці, быццам).

Па сваёй знешняй структуры злучнікі дзеляцца на:

  • простыя (і, што, каб)
  • і састаўныя, якія складаюцца з некалькіх слоў (таму што, для таго каб).

Па спосабу ўжывання сярод злучнікаў выдзяляюцца:

  • адзіночныя (а, бо, чым),
  • парныя (не толькі… але і, калі … то),
  • паўторныя (то … то, ці … ці).

Амонімамі злучнікаў што, калі, чым, як і інш. у складаназалежных сказах выступаюць злучальныя словы, якія не толькі звязваюць даданую частку з галоўнай, але і выконваюць ролю членаў сказа ды адносяцца да пэўных знамянальных часцін мовы, параўн.: Тады яны ўжо добра ведалі, чым (злучальнае слова, мае на сабе лагічны націск, выконвае ролю дапаўнення ў даданай частцы) іх сустрэне вораг. Маш. – Няма на свеце большае пашаны, чым (злучнік, яго можна замяніць здучнікам як) жыць з народам думаю адной. Зв.  

Злучнікі могуць быць:

  • стылістычна нейтральнымі, ужывацца ва ўсіх сацыяльных функцыях маўлення (напр.: але, і, калі);
  • размоўнымі, выкарыстоўвацца пераважна ў вусным маўленні (дык, дарма што);
  • кніжнымі, ужывацца, як правіла, у афіцыйным стылі, у пісьмовым тэксце (у сувязі з тым што, нягледзячы на тое што).

Да непаўназначных часцін мовы адносяцца і звязкі, якія маюць дзеяслоўнае паходжанне, выражаюць граматычныя катэгорыі часу, ладу састаўнога выказніка, чым і адрозніваюцца ад іншых службовых слоў. У процілегласць звязкам, што служаць першай часткай састаўнога выказніка, іншыя словы, якія выступаюць у ролі другой часткі састаўнога выказніка, належаць да неспрагальных слоў, суадносяцца з дзейнікам праз звязку, нясуць часта пры гэтым асноўную сэнсавую нагрузку дадзенага члена сказа.

Лексічнае значэнне звязак можа захоўвацца па-рознаму, у залежнасці ад чаго яны падзяляюцца на:

  • знамянальныя (напр.: дзеясловы руху або стану, параўн.:Ён вярнуўся задаволены);
  • поўзнамянальныя (дзеясловы тыпу стаць, рабіцца, з’яўляцца і інш., параўн.: Ён з’яўляецца чэмпіёнам краіны);
  • незнамянальныя – формы дзеяслова быць, тыпу: Ён быў узрушаны.

Шырэй гл.: Сучасная беларуская літаратурная мова. Марфалогія пад рэд. Ф.М. Янкоўскага, Мінск 1980; Л.А. Антанюк, Б.А. Плотнікаў, Беларуская мова: прафесійная лексіка, Мінск 2005

Ніна Баршчэўская

Больш на гэтую тэму: Па-беларуску без памылак