Канцэрты, прэм’еры кінафільмаў, конкурсы, выставы, у тым ліку ў віртуальнай прасторы. У Польшчы ўжо адзначаюць стагодні юбілей пераможнай бітвы палякаў над бальшавікамі. Міністэрства культуры і нацыянальнай спадчыны разам з рознымі ўстановамі з усёй краіны падрыхтавала некалькі дзясяткаў мерапрыемстваў. Акрамя таго, дзякуючы датацыі, выдзеленай у рамках праграмы «Незалежная на 100-годдзе «Цуду на Вісле» адбудзецца некалькі сотняў дробных ініцыятываў, часта ў малых населеных пунктах.
Офіс праграмы «Незалежная» аб’явіў вынікі набору ў рамках праграмы грантаў «Кааліцыі для незалежнай». Па рашэнні міністра культуры і нацыянальнай спадчыны, бюджэт праграмы быў павялічаны на звыш 2,5 млн. злотых, дзякуючы чаму фінансаванне атрымала больш культурных падзей, звязаных з гадавінай Варшаўскай бітвы.
«1920. Бітва, якая выратавала Еўропу». Так называецца ўнікальны альбом Польскага радыё, выдадзены з нагоды 100-ай гадавіны Варшаўскай бітвы. Альбом складаецца з двух кампакт-дыскаў. Яны ўтрымліваюць успаміны ўдзельнікаў бітвы з бальшавіцкай навалай, артыкулы друкаваных выданняў тых часоў, запісы песняў, якія выконваюць жаўнеры польскай арміі, здымкі ды рэпрадукцыі плакатаў, якія заклікаюць змагацца з бальшавікамі.
Па словах старшыні Польскага радыё Агнешкі Каміньскай, якая звяртаецца да карыстальнікаў альбому, важным элементам грамадскага радыё з’яўляецца прадастаўленне слухачам магчымасці пазнаёміцца з гісторыяй.
Бітва 1920 году, калі польскае войска на прыступках Варшавы стрымала Чырвоную армію, лічыцца адной з важнейшых бітваў, якія змянілі гісторыю свету. Сёлета мільёны палякаў у Польшчы ды на свеце будуць святкаваць круглую гадавіну гэтай вельмі важнай для будучыні Польшчы і свету перамогі.
нг