Карціна Станіслава Маслоўскага «Грэчка» («Gryka») пасля 74 гадоў вярнулася ў калекцыю Нацыянальнага музею ў Варшаве.
Віцэ-прэм’ер, міністр культуры, нацыянальнай спадчыны і спорту Пётр Гліньскі падкрэсліваў, што Станіслаў Маслоўскі быў майстрам акварэлі і пейзажу.
-Маслоўскі быў вядомы сваімі акварэлямі, не толькі мазавецкімі, але і ўкраінскімі. У 70-х гадах 19 стагоддзя ён часта ездзіў ва Украіну на пленэры. Пра Станіслава Маслоўскага мы мала памятаем і ведаем, а гэта быў паважаны аўтар. Некалькі дзясяткаў яго палотнаў, як акварэляў, так і маслам знаходзяцца ў Нацыянальным музеі ў Варшаве. Таму гэта не апошні, не выпадковы мастак, а яго творы вельмі прыгожыя.
Міністр Пётр Гліньскі нагадаў, што карціна Маслоўскага была страчана двойчы: упершыню падчас вайны, другі раз, калі ў кастрычніку 1946 года разам з іншымі прадметамі яна была пазычана ў Нацыянальным музеі ў Варшаве на адзін тыдзень для аздаблення інтэр'еру Таварыства польска-савецкай дружбы:
-І ніколі не вярнуўся, як гэта часта бывала з творамі мастацтва, калі яны пасля вайны былі пазычаныя рознымі камуністычнымі прадстаўнікамі ўлады недэмакратычнай краіны. Пэўна, да гэтага часу вельмі шмат твораў мастацтва знаходзяцца ў розных кватэрах камуністаў. Гэты як раз паявіўся ў траўні на аўкцыёне. Нашыя працаўнікі яго знайшлі. Уладальнік адразу аддаў карціну. Калі даведаўся, што гэта карціна з Нацыянальнага музею, не рабіў ніякіх праблем.
Аднаўленне карціны Станіслава Маслоўскага – яшчэ адзін поспех Міністэрства культуры і нацыянальнай спадчыны. З 2016 года ў Польшчу вярнулася больш за 500 твораў, скрадзеных падчас Другой сусветнай вайны. Міністр Пётр Гліньскі падкрэсліў, што Польшча страціла – паводле вельмі агульных падлікаў – каля паўмільёна твораў мастацтва, галоўным чынам падчас Другой сусветнай вайны. Больш за 60 000 каштоўных абʼектаў былі ідэнтыфікаваны і апісаны ў базе дадзеных аб згубленых працах.
ав