Беларуская Служба

Родная мова - доказ ідэнтычнасці і культурнай адметнасці нацыі

28.11.2020 10:12
Дзякуючы мове традыцыю і культуру можна паспяхова перадаць чарговым пакаленням.
Аўдыё
  • Родная мова - доказ ідэнтычнасці і культурнай адметнасці нацыі .
  -    .
Новы Салёнец - польская вёска на Букавіне.By Dd1975 - Praca własna, CC BY 3.0, https://commons.wikimedia.org/w/index.php?curid=3806207

Сёння ў перадачу з цыклу «Польская мова без межаў», паразмаўляем пра мову і культуру палякаў на Букавіне. Букавіна - гэта гістарычная назва (з XV ст.) тэрыторыі, якая ўключае сучасную Чарнавіцкую вобласць Украіны (Паўночная Букавіна) і вобласць Сучава ў Румыніі (Паўднёвая Букавіна).

Родная мова з’яўляецца доказам нашай ідэнтычнасці і культурнай адметнасці, а таксама запісам арыгінальнага спосабы мыслення і ўспрымання свету; прыладай камунікацыі, а таксама ведаў, традыцыяў і гісторыі грамадства. Родная мова- гэта фундамент культурнай разнастайнасці і важная частка нематэрыяльнай культурнай спадчыны.

Нашым сённяшім госцем з’яўляецца прафесар Гелена Красоўска (Helena Krasowska) з Інстытута славяназнаўства Польскай акадэміі навук, суаўтарка кнігі: «Спадчына, якая знікае. Польская мова на Букавіне. Румынія - Украіна» ( Świadectwo zanikającego dziedzictwa. Mowa polska na Bukowinie: Rumunia - Ukraina.).

Ужо сам тытул кнігі сведчыць пра тое, што польская мова на Букавіне - знікае. Ці знікненне моваў наогул уплывае на культурнае багацце свету, то бок таксама на жыццё кожнага з нас?

- Зразумела. Дзякуючы мове мы выказваем свае пачуцці. Цяпер на свеце знікаюць мовы меншасцяў. Таму задача дыялектолагаў - дакументаваць гэтыя мовы. У прыватнасці, я займаюся польскімі гутаркамі, якія знікаюць у рэгіёне Букавіня, як па ўкраінскім, так і румынскім бакaх, а таксама ў самой Украіне, Малдове, ці Прыднястроўі.

Ці гэта важна, каб гэтая мова засталася жывой?

-  Гэта вельмі важнае, каб мова меншасці засталася жывой, паколькі гэта дзякуючы мове традыцыя і культура перадаюцца чарговым пакаленням. Толькі на роднай мове мы можам перадаць культуры дадзенай меншасці, на другой мове гэтага не зробім. Падобным чынам пра ролю сваёй мовы кажуць мае суразмоўцы з Букавіны.

Мова, на якой гаворыць меншасць уплывае на дадзены рэгіён, то бок мова, з’яўляецца часткай рэчаіснасці і адлюстроўвае гэтую рэчаіснасць.  

- Мова адлюстроўвае рэчаіснасць, але адлюстроўвае таксама групу, то бок вылучае яе. Гэта ў значнай ступені дзякуючы мове палякі на Букавіне перадаюць чарговым пакаленням каталіцкую веру. Палякі на Букавіне моляцца па-польску. Варта звярнуць увагу таксама на тое, што палякі на Букавіне размаўляюць на польскай гутарцы. Трэба падкрэсліць, што згаданая гутарка выжыла больш за 200 гадоў далёка ад польскай мовы і Польшчы.

Давайце, паяснім, што гэта за рэгіён Букавіна?

- Сёння, гэта гістарычны геаграфічны рэгіён. Ён падзелены паміж дзвюма дзяржавамі. Паўночная частка знаходзіцца на тэрыторыі Украіны, а паўднёвая – на тэрыторыі Румыніі. Таму і польская група была падзеленая. Па абодвух баках мяжы жывуць тыя ж самыя сям’і : Дроздкі, Юрашкі, Зялёнкі. Жыццё польскіх сем’яў на Букавіне па абодвух баках мяжы адбываецца на некалькіх мовах.

З XVIII стагоддзя палякі прыязджалі на Букавіну ў пошуках працы. На якой мове яны размаўлялі?

- У 1792 годзе на Букавіну прыехалі польскія гарнякі з Бохні, Вялічкі, Калуша. Яны павінны былі арганізаваць сольную шахту ў вёсцы Качыка. У гэтай вёсцы палякі жывуць па сённяшні дзень. Яны гаварылі на гутарцы. Іншая група палякаў пасялілася на Букавіне ў 1803 годзе. Гэта былі чадэцкія гарнякі з сілезскіх гораў Бэскіды. Гэта па сённяшні час група палякаў, якая найбольш адрозніваюцца не толькі культурай, але і мовай. Яны захавалі свае традыцыі і звычаі.  Зразумела пасля настолькі доўгага часу ў мове палякаў, ці польскіх гарнякоў мы знойдзем шматлікія запазычанні з румынскай, нямецкай і ўкраінскай моваў, паколькі палякі пражываюць там сярод іншых народаў  і моваў.

Палякі, якія пасяляліся на Букавіне, разумелі неабходнасць працягвання родных традыцыяў.

- Варта ўспомніць, што па колькасці палякі складалі пятае месца на Букавіне, то бок, гэта была даволі буйная меншасць. Букавіня заўсёды была шматнацыянальным і шматкультурным рэгіёнам. Там ніколі не было ніякіх канфліктаў, у тым ліку рэлігійных. Палякі з Букавіны заўсёды падкрэслівалі, што яны дома гавораць па-польску, але ведаюць таксама мовы сваіх суседзяў і паважаюць іх. Таксама ўкраінцы і румыны, якіх цяпер на Букавіне найбольш, падкрэсліваюць, што паважаюць палякаў.

А які перыяд для палякаў на Букавіне быў найбольш складаным?

- Паводле мяне, найбольш складаным быў перыяд пасля Другой сусветнай вайны. Варта згадаць, што да Другой сусветнай вайны колькасць палякаў на Украіне была даволі вялікая. Там дзейнічалі польскія школы. У 1910 годзе польская меншасць налічвала больш за 36 тысяч. Пасля вайны каля 40 тысяч палякаў пакінулі Букавіну ў рамках рэпатрыяцыі. Тым часам дзейнасць усіх польскіх арганізацый на Букавіне была прыпыненая па палітычных матывах. Пасля 1945 году на Букавіне не было ўжо спрыяльных умоваў для працягвання польскай культуры і адукацыі. Пасля Другой сусветнай вайны польскіх школаў на Букавіне не было.

Нягледзячы на гэтыя неспрыяльныя ўмовы польская мова захавалася.

- Па першае дзякуючы сем’ям, якія дома гаварылі па-польску. Па-другое, вялікую ролю адыграў Каталіцкі касцёл, які на Букавіне называюць  таксама польскім. Гэта вакол святыняў аб’ядноўвалася польскае насельніцтва.

Нашым суразмоўцам была  прафесар Гелена Красоўска (Helena Krasowska) з Інстытута славяназнаўства Польскай акадэміі навук.

Цяпер на Букавіне пражывае каля 5 тысяч палякаў - нашчадкаў мігрантаў  часоў Аўстра-Венгерскай манархіі. Іхныя чарговыя пакаленні будавалі польскую абшчыну ў Букавіне са своеасаблівай культурай і мовай. Цяпер гэтая польская спадчына павольна знікае.  

Цыкл радыёперадач «Польская мова без межаў» паўстаў пры фінансавай падтрымцы канцылярыі старшыні Рады міністраў Польшчы ў рамках апекі над палякамі замежжа.

Перадачу падрыхтавала Марыя Вечаркевіч/аз


Больш на гэтую тэму: Польская мова без межаў