Аўтар выставы Марыя Дарота Пянькоўская з Музею літаратуры тлумачыць, што экспазіцыя была падрыхтавана з нагоды 100-годдзя Бітвы пад Варшавай 1920 года і паказвае людзей, якія тады пачалі сваю дзейнасць за свабодную і незалежную Польшчу.
-Гэтыя постаці, гэта тыя, хто быў маладымі людзьмі, калі Польшча адрадзілася да незалежнага жыцця, напрыклад, Вітольд Пілецкі альбо Уладзіслаў Сябіла. Таксама прадстаўлена наступнае пакаленне, вядомае як 20-гадовыя Калумбы – гэта паэты, якія змагаюцца за Польшчу: Гайцы, Бачыньскі, Тшэбіньскі, Баярскі і іншыя.
Выстава ўзгадвае сталых творчых людзей, такіх як Густаў Герлінг-Грудзіньскі ці Збігнеў Герберт, а таксама тых, хто не здолеў развіць свае таленты, такіх як Кшыштаф Бачыньскі, Эва Пахоска ці Крысціна Крагельска.
Марыя Дарота Пянькоўская падкрэслівае, што ўсіх гэтых персанажаў аб'ядноўвае ідэя незалежнай Польшчы.
-Усе яны ішлі да незалежнасці Польшчы самымі складанымі чалавечымі шляхамі, і хаця гэтыя шляхі былі рознымі, усе яны кіраваліся ідэяй свабоды, непарыўна звязанай з існаваннем незалежнай Польскай дзяржавы.
Аўтар выставы тлумачыць, што абрала гэтых 19 персанажаў, каб праз прызму іх жыцця паказаць, наколькі розныя і складаныя былі лёсы палякаў, якія змагаліся за свабоду. Марыя Дарота Пянькоўская кажа, што героі выставы паказаныя з многіх бакоў. Інтэрнэт-выстава ўключае біяграфіі герояў, фотаздымкі і рукапісы, у асноўным з калекцый Музею літаратуры, а таксама запісы паэзіі і прозы.
Выставу можна паглядзець на сайце rycerze.muzeumliteratury.pl.
ав