Беларуская Служба

У Варшаве распачалося ўрачыстае святкаванне 50-годдзя рэканструкцыі Каралеўскага замка

27.01.2021 16:56
Замак, адзін з сімвалаў суверэнітэту польскай дзяржавы, быў знесены немцамі ў 1944 годзе. 
Аўдыё
  • У Варшаве распачалося ўрачыстае святкаванне 50-годдзя рэканструкцыі Каралеўскага замка
Пётр Гліньскі ў Каралеўскім замкуfot. Danuta Matloch, MKiDN

У Варшаве распачалося ўрачыстае святкаванне 50-годдзя рэканструкцыі Каралеўскага замка, былой рэзідэнцыі польскіх каралёў і рэзідэнцыі Сейма. Замак, адзін з сімвалаў суверэнітэту польскай дзяржавы, быў знесены немцамі ў 1944 годзе. Ён быў адноўлены з нуля ў 1971-1984 гадах, галоўным чынам за кошт сацыяльных узносаў.

Бурная гісторыя Каралеўскага замка ў Варшаве цесна звязана з трагічным лёсам Польшчы. У мінулым будынак шмат разоў рабавалі, а ў выніку Другой сусветнай вайны замак пераўтварыўся ў руіны. У верасні 1944 году, падчас Варшаўскага паўстання, замак быў падарваны нямецкай арміяй. Тым не менш, ён вярнуў сабе былую славу, а яго гісторыя паказвае сілу і непахіснасць польскай нацыі, для якой Каралеўскі замак заўсёды будзе сімвалам суверэнітэту і свабоды.

З канца вайны гісторыкі і інтэлектуалы неаднаразова рабілі намаганні для аднаўлення Каралеўскага замка. Рашэнне аб аднаўленні было прынята ў Палітычным бюро Цэнтральнага камітэта Польскай аб'яднанай рабочай партыі пад кіраўніцтвам Эдварда Герэка. 26 студзеня 1971 года адбылося першае пасяджэнне Грамадскага камітэта па яго рэканструкцыі. Выкананне работ было даручана Майстэрні па захаванні помнікаў, а генеральным праектантам быў прызначаны прафесар Ян Багуслаўскі.

Міністэрства культуры і нацыянальнай спадчыны Польшчы 50-годдзе рэканструкцыі Каралеўскага замку адзначыла ўрачыста, а мерапрыемствы будуць працягвацца да 2024 году, калі прыпадае 50-годдзе ўзвядзення каробкі будынку і 40-годдзе адкрыцця замка для грамадскасці. У гэты час будуць адбывацца мерапрыемствы, якія спасылаюцца на гістарычнае мінулае Каралеўскага замка ў Варшаве і папулярызуюць яго цяперашнюю дзейнасць, – падкрэсліў дырэктар замка Войцех Фалкоўскі:

-Юбілей, які мы сёння распачалі, будзе працягвацца чатыры гады. Яго мэта, з аднаго боку, паказаць жывы музей. Але з іншага, гэта цудоўнае месца, якім мы можам захапляцца, зʼяўляецца знакам значнасці дзяржавы і сімвалам трываласці польскай гісторыі і польскай традыцыі.

У гэтым годзе запланаваны чатыры буйныя выставы: «Шэдэўры Ватыкана»; «Канстытуцыя. Польскія эліты і распад Рэспублікі Польшча»; «Нідэрланды ў часы Рэмбранта»; «Прэзентацыя работ з калекцыі Рабэрта Лонгі. Караваджа і іншыя майстры».

Выставы будуць суправаджацца шматлікімі культурнымі, навуковымі і адукацыйнымі мерапрыемствамі, а таксама кінапраглядамі і канцэртамі. Запланаваны таксама навуковыя канферэнцыі і публікацыі па пасляваеннай гісторыі Каралеўскага замка.

Падзеямі, якія завершаць урачыстасці, стануць: урачыстая прэзентацыя новага інтэрʼера Троннай залы Каралеўскага замка і запланаваная выстава работ Уладзіслава Гасёра, працы якога былі паказаны 40 гадоў таму ў пустых і строгіх залах рэканструяванага замка.

Віцэ-прэмʼер, міністр культуры, спадчыны і спорту Пётр Гліньскі заявіў, што Каралеўскі замак у Варшаве зʼяўляецца ключавым каменем польскай ідэнтычнасці. Ён падкрэсліў, што Каралеўскі замак у Варшаве зʼяўляецца сімвалам польскай дзяржаўнасці і супольнасці:

-Думаю, замак надалей выконвае ролю сімвала. Мы ганарымся, што ён так добра развіваецца. Замак аднаўляўся ў часе, калі, з аднаго боку, камуністычная ўлада спрабавала рэалізоўваць свае прапагандысцкія мэты. А з другога боку, польскі народ выразна нагадваў пра сваю тоеснасць і свае каштоўнасці.

З гэтай нагоды прэзідэнт Анджэй Дуда ўручыў установе спецыяльны дыплом. Яго змест прачытаў Марэк Заёнец, які вёў цырымонію:

-У гонар ахвярнасці і патрыятызму вялікай супольнасці палякаў у краіне і за мяжой, мецэнатам адбудовы Каралеўскага замку ў Варшаве. З прызнаннем і ўдзячнасцю ўсім добраахвотнікам, вучоным, музейшчыкам і будаўнікам. Каб падкрэсліць асаблівае месца, якое ў нашай гісторыі займае гэтая будова, якая з’яўляецца адным са святых сімвалаў любові да Айчыны, суверэннай польскай дзяржаўнасці.

30 жніўня 1984 году Каралеўскі замак быў афіцыйна адкрыты, але аздобныя працы працягваліся некалькі гадоў.

Адноўлены Каралеўскі замак нагадвае падзеі, важныя для гісторыі Польшчы. Інтэрʼер нагадвае часы апошняга караля Польшчы – Станіслава Аўгуста. Яго апартаменты дакладна адлюстроўваюць атмасферу эпохі, а таксама густ Панятоўскага. Наведвальнікі таксама могуць палюбавацца, між іншым, незвычайнымі заламі: Вялікай, Рыцарскай, Тронавай, а таксама цудоўным жывапісам.

З 1980-х гадоў паступова аднаўляліся наваколлі каралеўскай рэзідэнцыі. Фінальнай кульмінацыяй рэканструкцыі стала адкрыццё рэканструяваных Аркад Кубіцкага ў 2009 годзе. У 1980 годзе замак і Стары горад у Варшаве былі ўнесены ў спіс Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА.

ав


Больш на гэтую тэму: Агляд падзей культуры