У музычна-моўнай рубрыцы я распавяду сёння пра музыкантку з моцным, аксамітным голасам і змрочнымі схільнасцямі. Называецца выканаўца Кася Лінс (Kasia Lins), хаця гэта яе несапраўднае прозвішча, а псеўданім. На самой справе яе завуць Катажына Зеліньска. Нарадзілася Кася ў Дзень дзіцяці, 1 чэрвеня 1990 года ў Познані.
Музыкантка сама піша тэксты і музыку сваіх песняў, а яе кампазіцыі вытрыманыя ў стылі альтэрнатыўнай поп-музыкі, піяна-року і так званага pop noir (фр. чорная поп-музыка).
Гераіня нашай перадачы атрымала грунтоўную музычную адукацыю, у музычную школу пачала хадзіць ва ўзросце 7 гадоў, пазней вучылася ў музычнай школе другой ступені ў класе фартэпіяна, і на факультэце джазу і эстраднай музыкі на Музычнай акадэміі ў Гданьску.
Кася ў 2013 годзе прыняла ўдзел у перадачы Х Faktor, у гэтым жа годзе выдала свой першы кампакт-дыск, праўда, не ў Польшчы, а ў ЗША. Альбом трапіў у продаж толькі ў Японіі, Кітаі, ЗША, Ганконгу, Сінгапуры і Германіі. Першы альбом на польскі рынак музыкантка выпусціла ў 2018 годзе. Ён называўся «Верш апошні». Аднайменная кампазіцыя была напісана на словы верша Уладзіслава Бранеўскага пад такім жа загалоўкам. Усе астатнія кампазіцыі напісала сама Кася Лінс. У 2020 годзе выканаўца выдала альбом пад назваю «Мая віна». Амаль усе песні напісала сама Лінс. У кампазіцыях шмат элементаў, узятых з рэлігійнай, літургічнай ці абрадавай сімволікі. Кампакт-дыск сабраў пазітыўныя водгукі музычных крытыкаў.
Сама Кася кажа, што змрочны характар яе песняў не быў ад самага пачатку яе намерам, так натуральна атрымалася. «Аказалася, што гэта частка маёй канструкцыі» – адзначае выканаўца. У візуальным плане яе ролікі ахутаныя цемрай, шмат у іх таямніц, гатычных касцюмаў, але голас выканаўцы для кантрасту светлы і далікатны. Так пішуць пра Касю Лінс крытыкі, а я прапаную вам самім ацаніць яе спеў. Песня з альбому «Мая віна» называецца «Śniłam, że jest spokój».
Kiedyś się podniosę, kiedyś się ostudzę,
Wtedy dziś będzie tylko znakiem
Na mojej białej skórze.
Ale kiedyś się podniosę
I kiedyś się obudzę,
To będzie znaczyć tyle,
Że już nic – nic nie czuję.
Patrzę znów w lustro i
Odbija się kruchość, blady pył.
Młodość mi ciąży i
Czuję ulgę na myśl, że to parę chwil.
Zatrzymaj mnie zanim pociąg ruszy,
Zanim świat, który
Zanim świat, który dla mnie masz
W mojej dłoni rozkruszy się na miał.
Śniłam, że jest spokój I że nie ma wojen
I że moje słowa
Nie przynoszą ofiar.
A to melancholia
Uderzyła w ziemię I wszystko jest nieważne,
Bo już nie – nie istnieję.
Я калісьці падымуся, калісьці астыну. Тады сёння будзе толькі знакам на маёй белай скуры. Але калісьці падымуся і калісьці прачнуся. Гэта будзе азначаць толькі, што я ўжо нічога-нічога не адчуваю.
Я гляджу зноў у люстра і адлюстроўваецца крохкасць, бледны пыл. Маладосць для мяне цяжкая, я адчуваю палёгку ад думкі, што гэта толькі пару імгненняў. Затрымай мяне перад тым, як цягнік адправіцца. Перад тым, як свет, які ты для мяне трымаеш, у маёй далоні раскрышыцца ў пыл.
Мне снілася, што ўсё спакойна, і што няма войнаў, і што мае словы не прыносяць ахвяр. А гэта меланхолія ўдарыла ў зямлю. І ўсё перастала мець значэнне, бо ўжо не існуе.
Będzie znaczyć tyle, że nic – будзе азначаць столькі, колькі нічога. Так бы можна было перакласці гэты сказ даслоўна з польскай на беларускую мову. Аднак так хутчэй за ўсё беларусы б не сказалі, хаця і ўсё зразумела, але стылістычна гэта не гучыць правільна, лепш «не будзе азначаць нічога». Палякі часта карыстаюцца дадзеным словазлучэннем, таму, вывучаючы польскую мову, можна ня раз з ім сустрэцца.
Odbija się (w lustrze) – адлюстроўваецца. Нешта можа адлюстроўвацца не толькі ў люстры, але таксама, напрыклад, у шкле ці на паверхні вады. На польскай мове ў дзеяслове, які называе гэтую з’яву, няма кораня «люстра», на беларускай мове ёсць – нешта адлюстроўваецца, незалежна ад таго, ці гэтае адлюстраванне бачна ў люстры, ці ў вадзе, ці на шкле.
Młodość mi ciąży – маладосць для мяне цяжар, цяжка мне быць маладой. Калі паляк кажа, што яму нешта ciąży, гэта значыць, што ён гэта нешта цяжка пераносіць, і ахвотна ад яго пазбыўся б.
Czuję ulgę na myśl – я адчуваю палёгку ад думкі. Падобныя сказы і на польскай, і на беларускай мове, толькі палякі адчуваюць палёгку на думку аб чымсьці, а беларусы – ад думкі аб чымсьці.
Rozkruszy się na miał – раскрышыцца ў пыл.
Śniłam, że jest spokój – я сніла, што ўсё спакойна. Дзеяслоў «сніць» рэдка ўжываецца, як у беларускай, так і польскай мовах. Нават няправільна так казаць у літаратурнай мове, але ў гутарковай дапушчальна. Лепш сказаць «мне снілася, мне прыснілася» (śniło mi się, przyśniło mi się).
нг