Беларуская Служба

Гісторык: Бела-чырвона-белы сцяг замацаваўся як нацыянальны ў Заходняй Беларусі

08.04.2021 10:02
Бела-чырвона-белы сцяг падчас Другой сусветнай вайны выкарыстоўваўся пераважна на заходнебеларускіх землях як спадчына даваеннай традыцыі.
Аўдыё
  • А.Катлярчук пра бела-чырвона-белы сцяг.
    ( -  )     -   -- .    ( , 13, 1926 .).
Сяляне ў Заходняй Беларусі (даваеннай паўночна-ўсходняй Рэспубліцы Польшча) далучаюцца да пракамуністычнай Беларускай сялянска-работніцкай грамады пад бела-чырвона-белым сцягам. Малюнак Язэпа Горыда (часопіс "Маланка", №13, 1926 г.).Commons.wikimedia.org/Elibrary.mab.lt/Public domain

Бела-чырвона-белы сцяг аб’ядноўвае беларусаў з 1917 года. Многія эпізоды гісторыі флага застаюцца малавывучанымі.

На міжнароднай навуковай канферэнцыі «Беларуская ідэнтычнасць: вопыт мінулага і выклікі сучаснасці», якая 1 красавіка была арганізавана кафедрай міжкультурных даследаванняў Цэнтральнай і Усходняй Еўропы Варшаўскага ўніверсітэта, з дакладам пра гісторыю бела-чырвона-белага сцяга выступіў доктар гісторыі Андрэй Катлярчук, выканаўчы дырэктар Цэнтра сучаснай гісторыі Універсітэта Сёдэрторн у Стакгольме (Швецыя).

Андрэй Катлярчук: — Улетку 1917 г. студэнт Петраградскага горнага інстытута Клаўдзій Дуж-Душэўскі распрацаваў праект нацыянальнага бела-чырвона-белага сцяга. Новы сцяг хутка заваяваў папулярнасць сярод салдат-беларусаў, палітыкаў і шырокага грамадства. Усебеларускі з’езд, які адбыўся ў Мінску ў снежні 1917 г., працаваў пад бела-чырвона-белым сцягам, які тады лічыўся нацыянальным. Падчас з’езда побач з бела-чырвона-белым сцягам вісеў чырвоны сцяг — сімвал рэвалюцыі і Беларускай сацыялістычнай грамады.

У 1917-1918 гадах бела-чырвона-белы сцяг стаў адным з сімвалаў беларускага нацыянальнага руху, беларускай дзяржаўнасці, абвешчанай у 1918 годзе ў форме Беларускай Народнай Рэспублікі.

У даваеннай Польшчы, на тэрыторыі населенай беларусамі, бела-чырвона-белы сцяг выкарыстоўваўся рознымі палітычнымі партыямі, арганізацыямі. Сярод іх Віленская беларуская гімназія, Беларускі студэнцкі саюз пры віленскім Універсітэце Стэфана Баторыя, Таварыства беларускай школы, Беларуская сялянска-работніцкая грамада і перш за ўсё партыя Беларуская хрысціянская дэмакратыя.

Андрэй Катлярчук: На той час  бела-чырвона-белы сцяг аб’ядноўваў беларусаў Польшчы, Латвіі і Літвы розных палітычных перакананняў. Напрыклад, член Камуністычнага саюза моладзі Заходняй Беларусі паэт Максім Танк напісаў у 1930 годзе  верш “Ты чуеш, брат” з наступнымі радкамі:

Глядзіце ў будучыню смела!

Настаў доўгачаканы час,

Пад сцягам бел‑чырвона‑белым

Чакае перамога нас.

Андрэй Катлярчук лічыць, што менавіта ў Заходняй Беларусі адбылося замацаванне бела-чырвона-белага сцяга  як нацыянальнага. У перыяд нямецкай акупацыі беларускі нацыянальны сцяг выкарыстоўваўся перш за ўсё на заходнебеларускіх землях.

Андрэй Катлярчук: Гэты сцяг выкарыстоўвала перш за ўсё цывільная адміністрацыя Генеральнай акругі “Беларусь”, ядром якой былі заходнебеларускія землі. У 1941-1944 гг. бела-чырвоны сцяг  не выкарыстоўваўся на значнай тэрыторыі Беларусі. Насельніцтва Брэста, Пінска, Гродна, Беластока, Мазыра, Магілёва, Бабруйска, Гомеля, Віцебска і іншых гарадоў на маглі ўбачыць гэты сцяг у публічнай прасторы, бо гэтыя гарады і прылеглыя да іх землі знаходзіліся па-за межамі Генеральнай акругі “Беларусь”. Сведчанняў аб выкарыстанні бела-чырвона-белага сцяга мясцовай дапаможнай паліцыяй няма. Вядома, што нацыянальны сцяг выкарыстоўваўся Беларускай краёвай абаронай. Аднак гэта пранацысцкае паліцэйскае фарміраванне было створана ў лютым-чэрвені 1944 г., за лічаныя тыдні да адступлення вермахта з Беларусі і пасля фінальнага этапа Халакосту і генацыду цыганоў.


Андрэй Катлярчук.
Фота: Commons.wikimedia.org/Andrej Kotljarchuk/CC BY-SA 4.0 Андрэй Катлярчук. Фота: Commons.wikimedia.org/Andrej Kotljarchuk/CC BY-SA 4.0

Андрэй Катлярчук прыводзіць прыклады выкарыстання нацыянальных сцягоў на тэрыторыі Беларусі пранямецкімі вайсковымі і іншымі фарміраваннямі.

Андрэй Катлярчук: — Дацкі добраахвотны корпус СС (Frikorps Danmark), вучэбная база  якога знаходзілася ў Бабруйску, выкарыстоўваў сцяг Дацкага Каралеўства. Цяперашні Дзяржаўны сцяг РФ, які прысутнічае і на парадах у Дзень Перамогі, выкарыстоўваўся ў 1941-1944 гг. брыгадай СС РОНА (“Русская освободительная народная армия”). Гэта пранямецкае фарміраванне здзейсніла шэраг злачынстваў супраць мірнага насельніцтва Расіі, Беларусі, Польшчы і Славакіі. У чэрвені 1944 г. з дазволу нямецкіх улад рускі сцяг быў узняты на будынку мінскага Дома “Национал-социалистической трудовой партии России”.  Дэлегаты з’езда “Союза русской молодежи”, які прайшоў у Мінску, сведчылі: “Впервые в столице Белоруссии развевается русский национальный трехцветный флаг. Его подняла русская молодежь, собравшаяся на слет, чтобы выразить свою солидарность с солдатами и офицерами РОА (створанай немцамі “Русской освободительной армии”. — Рэд.)”. Але нікому у сучаснай Даніі ці Расіі не прыходзіць ў галаву абвінаваціць сцяг “у супрацоўніцтве з акупантамі” як гэта робіцца сучаснымі беларускімі ўладамі. І тут Беларусь выключэнне.

Пасля Другой сусветнай вайны бела-чырвона-белы сцяг аб’ядноўваў беларускіх эмігрантаў.

Андрэй Катлярчук: Гэты сцяг аб’ядноўваў ветэранаў Другой сусветнай вайны — як салдат БКА, так і тых, хто ваяваў супраць нацыстаў у польскіх часцях брытанскай арміі і французскім руху Супраціўлення.

У 1980-я гады бела-чырвона-белы сцяг паціху выходзіў з падполля ў БССР.

Андрэй Катлярчук: У кастрычніку 1984 г. два бела-чырвона-белыя сцягі былі вывешаны на будынку Мінскага мастацкага вучылішча імя Глебава. Па справе праходзіла шэсць навучэнцаў. Два з іх (Сяргей Харэўскі і Юры Макееў) былі выключаны з навучальнай установы. Беларускі нацыянальны сцяг у той час папулярызаваўся сябрамі першай няўрадавай маладзёжнай арганізацыі “Майстроўня”. Бела-чырвона-белы сцяг лунаў на першай масавай апазіцыйнай дэманстрацыі ў БССР — падчас шэсця на Дзяды ў Курапаты ў 1988 г.

Бела-чырвона-белы сцяг у 1991-1995 гадах з’яўляўся Дзяржаўным сцягам Рэспублікі Беларусь і сімвалізаваў не толькі беларускую дзяржаўнасць, але і нацыянальнае адраджэнне беларусаў. Аднак першы Прэзідэнт РБ Аляксандр Лукашэнка ініцыіраваў адмену дзяржаўнага статусу беларускага нацыянальнага сцяга, што адбылося ў выніку рэферэндуму ў маі 1995 года.

Андрэй Катлярчук: Рэжым Лукашэнкі палітычна маргіналізаваў такія важныя прыкметы этнічнасці як нацыянальная мова і гісторыя, абгрунтоўваючы свой палітычны праект ідэалізаваным міфам савецкага адзінства. Згадкі бела-чырвона-белага сцяга як “нацыяналістычнага” заўсёды суправаджаюцца негатыўнымі эпітэтамі. Дыскурс  ачарнення нацыянальна сцяга зрабіўся мэйнстрымам ў часы праўлення Лукашэнкі і дасягнуў свайго апагею пасля падзей жніўня  2020 г.

Віктар Корбут

Слухайце аўдыё

Больш на гэтую тэму: Варшаўскі мост

У Варшаўскім універсітэце вучоныя з усяго свету абмяркоўваюць фарміраванне беларускай ідэнтычнасці

01.04.2021 10:02
У Варшаўскім універсітэце праходзіць міжнародная навуковая канферэнцыя «Беларуская ідэнтычнасць: вопыт мінулага і выклікі сучаснасці».