Сёння я запрашаю, шаноўнае спадарства, на віртуальную прагулку па Каралеўскім замку на Вавелі ў Кракаве. У прыватнасці на анлайн-выставу пад загалоўкам: „Усе габелены караля. Вяртанне 2021-1961-1921”, якая з сённяшняга дня даступная ў дыстанцыйным фармаце.
Выстава „Усе габелены караля” - гэта прэзентацыя ўсіх дэкаратыўных сценных дыванаў, створаных па замове караля Жыгімонта Аўгуста, якія зараз знаходзяцца ў польскіх калекцыях.
У Каралеўскім замку на Вавелі прэзентуюцца 137 каралеўскіх габеленаў. Спецыяльна для выставы частка з іх атрымала адмысловую абстаноўку: адны прадстаўлены на экспазіцыях і ў вітрынах, іншыя ўпрыгожваюць памяшканні на другім паверсе замка.
Габелены з XVI стагоддзя ўражваюць гледачоў сваім майстэрствам, памерам і бляскам залатых і срэбных нітак. На іх мы можам убачаць, сярод іншага, спасылкі на майстроў італьянскага Адраджэння - Рафаэля, Мікеланджэла. Сярод іх 19 манументальных тканін са сцэнамі з Бібліі, 44 з выявамі жывёл, 42 геральдычныя габелены, у тым ліку з гербамі Польшчы і Літвы, а таксама іншыя дэкаратыўныя тканіны. Многіх з іх ніколі раней гледачы не бачылі.
Вавельскія габелены /Autorstwa Brussels workshop (design - circle of Frans Floris and Cornelis Bos) - Arrasy flamandzkie w Zamku Królewskim na Wawelu; aut. J. Szablowski [et al.] Warszawa 1975, editor: "Arkady", Domena publiczna, https://commons.wikimedia.org/w/index.php?curid=1502194
Выстава - гэта першы паказ з усёй калекцыі габеленаў з XVI стагоддзя. Яна знаёміць гледача з атмасферай інтэр'ераў замка, святочна аздобленага габеленамі, як гэта рабілася ў мінулыя часы падчас найважнейшых падзеяў. Адначасова яна расказвае пра гісторыю донара Жыгімонта Аўгуста, мастакоў, якія іх стварылі, пра складаны лёс гэтых дэкаратыўных тканін і пра людзей, якія садзейнічалі іх выратаванню і вяртанню ў Польшчу. Гаворка ідзе пра велізарную працу рэстаўратараў, якія змагаюцца з наступствамі пашкоджанняў, якія здарыліся падчас іх бурнай гісторыі. Нагадваем, з моманту вяртання арасаў з Расіі ў 1921 годзе пачаўся працяглы працэс захавання габеленаў, які працягваецца практычна па сённяшні дзень.
Нагадваем, схаваныя і выратаваныя ад шведаў, а пазней скрадзеныя па загадзе імператрыцы Кацярыны ІІ каштоўныя дываны, вярнуліся ў Польшчу ў выніку Рыжскага дагавора 1921 года. У сваю чаргу тры дні да таго, як немцы занялі Кракаў у верасні 1939 года, арасы былі эвакуяваныя ў Румынію і адтуль вывезены ў Канаду праз Францыю і Англію. З Канады яны вярнуліся ў Польшчу ў 1961 годзе.
Вяртанне габеленаў Жыгімонта Аўгуста на выставу на Вавелі невыпадкова адбываецца ў 2021 годзе, калі адзначаецца юбілей двух іншых „вяртанняў”. 18 сакавіка 1961 года ў памяшканнях замка адбылася ўрачыстая дэманстрацыя каралеўскіх габеленаў з нагоды іх вяртання з Канады, дзе яны знайшлі прытулак пасля шматгадовых блуканняў па ахопленай вайной Еўропе.
Другое вяртанне адбылося ў выніку мірнага дагавора, заключанага сто гадоў таму, 18 сакавіка 1921 года ў Рызе. Гэты акт, які завяршыў пераможную для Польшчы вайну з Расіяй, дазволіў вярнуць у краіну тысячы твораў мастацтва і культурных каштоўнасцяў, захопленых імперскай Расіяй у выніку падзелаў Польшчы. Гаворка ідзе, між іншым, пра калекцыю габеленаў Жыгімонта Аўгуста, зрабаваную пасля трэцяга падзелу Польшчы ў 1795 годзе.
Вавельскія габелены /Autorstwa Jan van Tieghem’s workshop (design by an artist from the Pieter Coecke van Aalst school). - Arrasy flamandzkie w Zamku Królewskim na Wawelu; aut. J. Szablowski [et al.] Warszawa 1975. Editor: "Arkady", Domena publiczna, https://commons.wikimedia.org/w/index.php?curid=1502202
Калекцыя габеленаў на Вавелі – самая буйная ў Польшчы і адна з найважнейшых у Еўропе. Арасы былі вырабленыя ў сярэдзіне XVI стагоддзя. Кароль заказваў дэкаратыўныя тканіны ў лепшых ткацкіх майстэрнях Бруселя. Менавіта ўнікальнасць гэтай калекцыі заключаецца таксама ў тым, што арасы былі замоўлены адным кліентам. Гэта найбуйнейшы гэткага віду прыватны-каралеўскі праект, які быў вынікам калекцыянерскіх зацікаўленняў Жыгімонта Аўгуста.
Упершыню арасы ўпрыгожылі залы замка падчас трэцяга вяселля Жыгімонта Аўгуста і Кацярыны Аўстрыйскай у 1553 годзе. Нагадваем, нармальна габелены прэзентуюцца ў шматлікіх памяшканнях каралеўскай рэзідэнцыі на Вавелі, але дзякуючы віртуальнай выставе яны былі, скажам так, сабраныя ў рамках аднаго праекта. Зразумела, вавельскія музейшчыкі таксама маюць надзею заахвоціць віртуальных гледачоў у будучыні ўбачыць скарб апошняга прадстаўніка дынастыі Ягелонаў на ўласныя вочы.
У віртуальную прагулку па выставе вавельскіх габеленаў можна будзе адправіцца, уваходзячы на сайт Каралеўскага замка на Вавелі: www.wawel.krakow.pl.
аз