Сёння я раскажу пра зусім свежую кампазіцыю. На мінулым тыдні на рынак выйшаў сінгл музыканта Мрозу (Mrozu), які называецца «Золата». Назоў цікавы, хаця, забягаючы наперад, хачу сказаць, што з сапраўдным залатым металам у тэксце няшмат агульнага.
Аднак спачатку крыху біяграфічных звестак пра самога выканаўцу. Мрозу – сапраўдныя імя і прозвішча – Лукаш Мруз, нарадзіўся ў ліпені 1986 году ў Вроцлаве. Музыкант, прадзюсар, кампазітар і аўтар тэкстаў.
У школе Лукаш выбраў клас з тэатральным ухілам, але ўжо тады ён развіваў свае вакальныя здольнасці. Хаця не збіраўся выбіраць прафесійную кар’еру музыканта, паколькі вывучаў фізіятэрапію ў Вышэйшай школе фізіятэрапіі ў Вроцлаве.
А сінгл «Золата» – першая ластаўка перад новай кружэлкай Мрозу. Па словах самога музыканта, гэта выраз тугі па 90-ых гадах, сентыментальнае падарожжа ў тыя часы. Ён спадзяецца, што людзі, якія нарадзіліся ў 70-ыя і 80-ыя гады, з прыемнасцю праслухаюць кампазіцыю і прагледзяць ролік да яе, паколькі ён дазволіць ім яшчэ раз перажыць часы сваёй маладосці, свабоды і бестурботнасці.
У эфіры Польскага радыё Мрозу распавёў, як была напісана песня. Трое сяброў вырашылі адпачыць, арандавалі дом на возеры, узялі з сабой ровары ды інструменты. І ўжо ў першую ноч пачалі разам граць ды пісаць. За паўгадзіны быў створаны каркас гэтай песні, акрамя яе, трое сяброў напісалі яшчэ тры, але менавіта «Золата» яны лічаць найлепшай.
Трэба яшчэ сказаць, што музыканты ўжо вельмі засумавалі па канцэртах, сустрэчах з «жывой» публікай. Мрозу кажа, што ён далучыўся да акцыі, у рамках якой артысты патрабуюць ужо дазволіць граць канцэрты і збірацца большай колькасці людзей, паколькі гэта абсурд – спартыўныя матчы можна разыгрываць, спектаклі можна паказваць, то чаму ж нельга прыйсці на канцэрт?! Думаю, ужо неўзабаве ў Польшчы можна будзе ладзіць канцэрты, паколькі жыццё паступова вяртаецца ў нармальнае рэчышча.
«Ten to nigdy nie dorośnie». Tak się tu martwili o mnie.
Pełny plecak, pusty portfel, nie ma nic na horyzoncie.
Ciągle pod tym szarym blokiem,
Ręce w dziurawych kieszeniach.
Łatwo było snuć opowieść
O tym, że się nic nie zmienia.
Daję słowo, wszystko było po coś.
To, co traci kolor,
Zamienimy w złoto.
Reszta jest historią.
Wszystko było po coś,
To, co traci kolor,
Zamienimy w złoto, złoto, złoto.
Świat się jednak bez nas kręci,
A nie chcieliśmy w to wierzyć.
Nad głowami szklany sufit,
Ktoś go musiał w końcu przebić.
Szklanki do połowy puste
Wychylaliśmy przy stołach
Ciągle w gabinecie luster
Aż wybuchliśmy od środka.
«Гэты дык ніколі не стане дарослым», – так хваляваліся за мяне. Поўны заплечнік, пусты гаманец. Нічога няма на гарызонце. Увесь час пад гэтым шэрым шматпавярховікам, рукі ў дзіравых кішэнях. Лёгка было прыдумваць гісторыі. Пра тое, што нічога не мяняецца. Я клянуся, усё рабілася з нейкай мэтай. Тое, што страчвае колер, мы заменім у золата. Рэшта – гэта гісторыя.
Свет усё ж такі без нас працягваецца. А мы не хацелі ў гэта верыць. Над галавой – шкляная столь. Камусьці прыйшлося ў канцы канцоў яе прабіць. Шклянкі да паловы пустыя. Мы выпівалі за сталом. Пастаянна ў кабінеце люстраў. І ўрэшце мы ўзарваліся ў сярэдзіне.
Ten nigdy nie dorośnie – гэты ніколі не вырасце, інакш – nigdy nie wydorośleje – ніколі не стане дарослым. Вельмі часта бацькі, асабліва маці, так хвалююцца за сваіх дзяцей, пераважна сыноў, што тыя занадта бесклапотныя, не думаюць пра будучыню, не робяць сур’ёзных планаў на вучобу або працу. А пазней часта аказваецца, што дзеці значна больш адказныя, чым магло здавацца бацькам. Хаця бываюць, канешне, выключэнні, і сапраўды сынок ніколі не становіцца цалкам самастойным і адказным чалавекам.
Tak się martwili o mnie – і менавіта бацькі, асабліва мамы, martwią się o dzieci – па-польску хвалявацца аб кімсьці (martwić sie o kogoś), а не за кагосьці.
Pod szarym blokiem – пад шэрым домам (шматпавярховікам, мурашнікам). Blok – так на польскай мове называецца вялікі, шматкватэрны дом, якіх шмат набудавалі ў 70-ыя ды 80-ыя гады мінулага стагоддзя. Беларусы называюць іх яшчэ мурашнікамі.
Łatwo było snuć opowieść – лёгка было расказваць або прыдумваць гісторыі, таксама можна snuć marzenia, што азначае проста марыць, а вось дзеяслоў snuć się перакладаецца як снавацца, бадзяцца.
Nad głowami szklany sufit – над галовамі шкляная столь. Тут, канешне, шкляная столь мае пераноснае значэнне. Так кажуць пра нейкія, нябачныя бар’еры, якія не дазваляюць некаторым людзям зайсці высока. Гаворыцца, што жанчыны маюць такую шкляную столькі ў прафесійнай кар’еры – рэдка яны дабіваюцца сапраўды важных і адказных пасадаў, як генеральны дырэктар, старшыня фірмы. Хаця і гэта паступова мяняецца.
нг